Такім чынам Пракуратар. Пракуратар, таму што будзе яшчэ і Куратар. Хай яны так і ідуць у адной звязцы і з вялікай літары. Дзве асобы, дзве постаці адной зявы. Тое, што ён вялікі дэмакрат і не менш вялікі эстэт, змагар за галоснасць і перабудову, вынікала з яго выступлення. Ён з першых слоў абвінаваціў залу ў невыкананні прынцыпу дэмакратычнасці: адвыклі чуць і слухаць адваротны бок. Гэта сапраўды было, і не варта гэта адмаўляць, адмаўляць тым больш памятаючы, як самі пракуратары, авангард наш, пільна прыслухоўваліся да гэтай пары да слоў, плачу і енку таго ж адваротнага боку. А да ўсяго ж слухаць дэмагогію на самай справе было брыдка. З яго слоў вынікала: не сунь, маўляў, носа не ў сваё проса, ахвярамі сталінізму займаецца той, каму трэба займацца. Зноў жа яны, авангард. У рэспубліцы створана спецыяльная камісія на чале з Цэнтральным камітэтам партыі. I не трэба нам аніякай грамадскасці і мартыралога. Трэба вучыцца слухаць адваротны бок. Пракуратарскае слухаць было тоесна: будзьце ласкавы слухацца.
Другое, тое, што Пракуратар яшчэ і эстэт, высветлілася з кароткай рэплікі ў адказ яму рэжысёра тэлебачання. Вялікі дэмакрат і змагар за галоснасць, перабудову і плюралізм, як прагучала, арыштаваў, забараніў паказваць з экранаў тэлебачання яе фільм аб ахвярах сталінізму, людзях, расстраляных у 19371939 гадах на ўскраіне Мінска, у Курапатах, злачынстве сталінскай адміністрацыі, якое было выкрыта іменна грамадскасцю, абнародавана кандыдатам гістарычных навук Зянонам Пазняком. Грамадскасць і настояла, прымусіла пракуратуру ўзбудзіць крымінальную справу, правесці следства. А ў той дзень у Красным касцёле з вуснаў Пракуратара, з яго заключэння на тэлефільм: чэрапы на экране тэлевізара гэта зусім-зусім не эстэтычна, трэба ашчаджаць пачуцці народа.
Вось так, калі бацька ўсіх народаў вывеў на паляванне за чалавекам сваю стальную раць, таксама, пэўна, ашчаджалі пачуцці свае і народа, стралялі больш у патыліцу, каб не зазірнуць адно аднаму ў вочы. I той ашчаднасцю давялі народ да такога вандалізму, пра які сёння невыносна і гаварыць: вечарам быў стрэл у патыліцу, а ноччу мясцовыя падлеткі павыцягвалі забітых з ям, пасадзілі іх пад хвоі, сунулі ў зубы па цыгарцы, далі ў рукі гэтага што-небудзь больш жудаснае і жахлівае. I, ох, ці не прэлюдыя да газеты. Гэта з таго ж артыкула Зянона Пазняка. Ці ёсць на свеце пасля нашых сённяшніх дзён?
Наступны, хто паказаў свой твар, зняў маску, быў чалавек, шмат каму ў зале знаёмы, амаль што свой, некалі перакідваўся ў шахматы з самім Аркадзем Куляшовым паэтам, лаўрэатам, дэпутатам, сябрам Аляксандра Твардоўскага. Куратар, адзін з куратараў, несуноў культуры ў масы. Куратарскае крэсла яго на той момант было не вельмі трывалым: ва ўстанове, да якой ён належаў, ішло скарачэнне штатаў. I, па ўсім, ён прыйшоў у гэтую залу з яўным заданнем клана культурыстаў і куратараў рэспублікі паказаць, што яны неабходныя, не дапусціць стварэння ніякага самадзейнага таварыства. Гэта было відавочна на той ахвярнай самаадданасці, закланнасці, з якой кідаўся ён грудзьмі на трыбуну-дот, амбразуры мікрафонаў. Кідаўся дэманстратыўна недарэчна і не да месца; у час нават працэдуры галасавання: не прымусіць слухацца, не спыніць ход гісторыі, перабудовы і галоснасці, дык хоць на імгненне затрымаць, паказаць уменне і падрыхтаванасць трымаць і не пушчаць.
Складаныя і супярэчлівыя пачуцці выклікала гэта ахвярнасць і закланнасць. Усё ж, што б там ні казалі, гэта быў учынак. I чалавек ён быў шчыры, неблагі, як, дарэчы, кожны сярод іх, вось такіх куратараў. Усе яны шчырыя, неблагія і разумныя людзі. Толькі, толькі далучэнне да куратарства і пракуратарства не праходзіць беспакарана. I ці яго віна, што, выпраўляючы на подзвіг, яго не здолелі ўсім кланам прыстойна абмундзіраваць, зрабілі наадварот, распранулі дагала. Сапрэлі, пэўна, у сталінскіх скрынях старыя мундзіры, сатлелі ў прах, як і колькі ні нацягвай іх на сябе усё роўна застанешся голым. Тут ужо і самы адмысловы касцюмер не дапаможа. А мінскія шаўцы ніколі сваім мастацтвам не вылучаліся. «Бурда» ды не тая, дамарослая, што проста бурда. I перабудова гэта відавочна выкрыла, спачатку пахіснула, а потым і ў друз, ушчэнт разбілі міф аб стабільнасці становішча рэспублікі, міф аб самай дабранадзейнай рэспубліцы ў краіне. Прасвятленне, набыццё зроку заўсёды балюча і страшна, але ж некалі трэба прызнавацца ў гэтым. Чалавецтва павінна з усмешкай развітвацца са сваім мінулым. Класіка. Але ж то, пэўна, усё чалавецтва. Чалавецтва ў гісторыі. А чалавек і ў тую хвіліну, калі адбываецца гэта развітанне? Ці да гумару, ці да ўсмешкі?! I яшчэ, што такое кожнаму з нас мінулае? Якое ж яно, мінулае, калі гэта сёння? Калі ты ўрос у гэта сёння, прысмактаўся да яго, зросся з ім, як тая царэўна-жаба з брыдкай, але сваёй скурай. I няма нідзе Івана-царэвіча, які б здагадаўся з рашучаю ўсмешкай спаліць тую скуру. Усе лапяць і лапяць яе. А скура ўсё роўна жабіна. Вось ужо і нітак не хапае, вось ужо і латак няма, і голкі паламаліся, дый лапіць няма чаго. А зачараваны царэвіч усё цыруе і цыруе. Народ ужо кончыў плакаць па тым сваім жабіным плацейку і смяецца, грозна і папераджальна, а ён шчыруе і шчыруе. Голасць караля была бачна не толькі прастадушнаму воку дзіцяці, усім, хто знаходзіўся ў зале, хто пажадаў і здолеў у апошнія гады набыць зрок. Са сваімі доказамі і аргументаванасцю ён толькі працягваў усеагульны рэспубліканскі духоўны стрыптыз і спачуванне да яго і абурэнне тымі, хто вымусіў яго зявіцца сюды, запасіліся, выспявалі ў душы, таму што голасць гэта год-два назад была ўласціва багата каму, калі не ўсім, хто сядзеў цяпер у зале. Што тут казаць, чаму радавацца, не толькі адзін перад адным на ўвесь свет выхваляліся, выстаўляліся сваёй галізной. I сорам мімаволі чырванню ахопліваў твар. Большай дыскрэдытацыі той установы, якую прадстаўляў той Куратар, пры ўсім жаданні немагчыма было ўявіць, папрасі ворага і той не здолеў бы. Сапраўды, няма ў нас ворага больш вялікага, чымсьці самі мы. I яшчэ. Гэта ўжо спакон веку, каралі і каралькі ўсіх рангаў і званняў, куратары, пракуратары і шэрыя кардыналы баяцца свежага паветра: як хутка яны ліняюць да страты чалавечай вартасці і годнасці, калі іх выцягнуць на святло, пачаць гаварыць з імі на нармальнай чалавечай мове, не ідыялагічнымі прапагандысцкімі блокамі, а відавочнасцю, рэальнасцю, пазбавіць іх звыклых абставін, саноўнага крэсла, тэлефонаў-вяртушак, сакратарак, мэблі пад арэх ці чырвонае дрэва, парадных падездаў і лесвіц пад мармур. Без усяго гэтага, без падтрымкі, без хлопчыкаў-павадыроў, як хадзілі некалі сляпыя жабракі, яны таксама сляпыя. Ніколькі не велічныя, не проста бездапаможныя, а недарэчныя і бязглуздыя, як можа быць недарэчным чалавек з сапсаванай каардынацыяй руху. Таму, як казаў славуты расійскі дзядуля Крылоў, мы шмат у гісторыі прыкладаў ведаем. Недарэчныя і бязглуздыя ў нармальных чалавечых зносінах, адносінах і сувязях. Недарэчныя ў прамовах, учынках, дзеянні. О, наша шматпакутнае жыццё і гісторыя апошніх гадоў, ты ўсё такое выпрабаванне на бязглуздасць і бязглуздасцю. Яны лжывыя, таму што ўжо не здольныя быць самімі сабой, а толькі пад Імітацыя праўды, імітацыя жыцця, улады, пэўна, таксама. Жахліва, жудасна, таму што мы таксама пад, пад імі. Мы, сляпыя хлапчукі, павадыры сляпых. I ніколі па сваёй добрай волі яны нас не выпусцяць з-пад гэтага пад, калі мы не здолеем вызваліцца самі, не станем відушчымі і адмовімся быць іх павадырамі.