I хаця ў нейкіх будынінах людзі, якія заўсёды і ўсё канструююць і ўзважваюць, бо яны, падобна, і нараджаюцца з цыркулем і вагамі, гаварылі аб ступені ўзважанасці і канструктыўнасці, падымалі і ставілі пытанне, было ўжо зразумела, што ніякага мітынгу не будзе.
Гэта стала відавочна і ясна як божы дзень, амаль апоўначы 19 кастрычніка ў Доме кіно на першым, арганізацыйным пасяджэнні рэспубліканскага гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Менавіта там, у Доме кіно, а па-прастамоўнаму, Красным касцёле, пад яго велічнымі і міласэрнымі скляпеннямі прагучалі першыя залпы невідзімак са світы караля Стаха па тых, хто вельмі ўзнёсся ў апошні перабудовачны час, пачаў падымаць галаву і падаваць голас. Надышла пара спыняць і затыкаць рот.
Вось для гэтага, для правядзення залпа, невідзімкі стальной раці скінулі, знялі на нейкае імгненне жалезныя маскі. Хоць і не да канца, але паказалі прысутным свой сапраўдны твар, убачыць які стала сёння найвялікшай марай кожнага відушчага. Паглядзець на свае вочы на гэты твар, воблік, кляты з усіх трыбун, са старонак усіх газет, часопісаў, радыё і тэлебачання: бюракрат, бюракрат, бюракрат. Гэты бюракрат зрабіўся амаль што Богам, вышэй за Бога. Усе пра яго гаварылі, усе ведалі, што ён ёсць, ён вінаваты ва ўсіх грахах, але з жывых да той мінуты ніхто яго не бачыў. А тут убачылі. Нічога жудаснага і жахлівага, ні боскага, ні іншапланетнага: «Мадэ ін мама».
Як папяросы з пачка «Беламорканала», яны сядзелі ў Доме кіно, шчыльным пачкам, папяросы ці патроны ў адной абойме, свежай, нядаўняй вытворчасці, шчыльнымі радамі, па звычцы захапіўшы лепшыя месцы. Мясцовая знаць, сучасныя шляхціцы, наменклатура, людзі ніадкуль, таму што яны так і не пажадалі назваць свае прозвішчы і пасады, зарэгістравацца, як тое зрабілі астатнія тры з паловаю сотні чалавек, якія сабраліся тут. Прыйшлі арганізавана, але патаемна, за паўтары гадзіны да пачатку пасяджэння і, здавалася, былі там заўсёды. Літыя плечы, каменна-цяжкія патыліцы. Ананімна прысутна-адсутная, непранікальная завешанасць твараў прымушала і ўсіх іншых трымацца на значнай адлегласці. Армейская, лагерная дысцыпліна і дакладнасць, як пры выкананні каманды «Плі» ці «Разысціся», пры галасаванні: супраць, супраць, супраць. Расстрэл таварыства, якое яшчэ і не існавала, не было створана і абвешчана. Расстрэл статута, рэзалюцыі, праграмы, членаў. Папераджальныя залпы прызвычаеных да такога вось палявання стралкоў: улёт і на голас, на гук, з пляча і наўскідку. Ашаламляльнае паляванне.
Толькі двое з гэтай спрасаванай у адно масы наважыліся цалкам паказаць свой твар. Адзін з іх аказаўся вялікім эстэтам, змагаром за галоснасць і перабудову. То быў пракурор. Гучыць пракурор амаль як Пракуратар. Хай ён і застаецца як Пракуратар, з вялікай літары. Я не хачу тут называць яго прозвішча. Яно ў свой час прагучала са старонак газеты «Комсомольская правда» і часопіса «Юность». Прайшоў час, мо чалавек што і зразумеў, хаця і сумняваюся. Але цяпер для мяне дый для ўсіх нас больш важна не прозвішча, а асоба, сама зява, тое, што за гэтым стаіць. У гісторыі іх прозвішчаў усё роўна не застанецца. Гэта каліфы смутнага часу, і часу ім адведзена гадзіна I тут больш важна, каб гадзіна тая ў нашай гісторыі не паўтарылася. Дзеля гэтага я зноў сёння вярнуўся да кастрычніцкіх падзей 1988 года ў Мінску. У тым нашым беларускім кастрычніку завязана шмат і шмат вузельчыкаў, якія мы сёння яшчэ разблытваем, не адны толькі беларусы, усёй краінай. Доўга яшчэ будзем разблытваць. I ці разблытаем. Таму і такая ўрэзаная, не па віне рэдакцыі часопіса, атрымалася публікацыя ў «Юности», як у лепшыя часы: не надышоў яшчэ час гаварыць усё, сказана было часопісу недзе на самым Алімпеу ЦК КПСС. А на абнародаванне ўсіх прозвішчаў дазвол быў дадзены. Быў дадзены дазвол на друкаванне матэрыялу, як выжымак з хронікі падзей, як самой хронікі. Гэта і вымушае мяне сёння яшчэ больш адыходзіць ад той хронікі і стрэлачнікаў, таму што справа зусім не ў іх. Яны толькі выканаўцы. А кіруе імі паляванне, адно з самых старадаўніх рамёстваў на свеце.
Такім чынам Пракуратар. Пракуратар, таму што будзе яшчэ і Куратар. Хай яны так і ідуць у адной звязцы і з вялікай літары. Дзве асобы, дзве постаці адной зявы. Тое, што ён вялікі дэмакрат і не менш вялікі эстэт, змагар за галоснасць і перабудову, вынікала з яго выступлення. Ён з першых слоў абвінаваціў залу ў невыкананні прынцыпу дэмакратычнасці: адвыклі чуць і слухаць адваротны бок. Гэта сапраўды было, і не варта гэта адмаўляць, адмаўляць тым больш памятаючы, як самі пракуратары, авангард наш, пільна прыслухоўваліся да гэтай пары да слоў, плачу і енку таго ж адваротнага боку. А да ўсяго ж слухаць дэмагогію на самай справе было брыдка. З яго слоў вынікала: не сунь, маўляў, носа не ў сваё проса, ахвярамі сталінізму займаецца той, каму трэба займацца. Зноў жа яны, авангард. У рэспубліцы створана спецыяльная камісія на чале з Цэнтральным камітэтам партыі. I не трэба нам аніякай грамадскасці і мартыралога. Трэба вучыцца слухаць адваротны бок. Пракуратарскае слухаць было тоесна: будзьце ласкавы слухацца.