Коллектив авторов - Зоркі над вельдам (зборнік) стр 3.

Шрифт
Фон

 Ну, значыць, лорд.  сказаў ён,  Я крыху гавару на вашай мове і мяркую, што хутка буду гаварыць яшчэ лепей. Я збіраюся тут пасяліцца і спадзяюся, што мы будзем сябрамі.

Ён падышоў да кожнага з нас, але ўсе адвярнуліся і адмовіліся паціскаць яму руку. Да мяне ён падышоў апошнім, і мне было сорамна перад ім, бо, хаця яго народ абышоўся з маім несправядліва і я сам страціў абодвух сваіх дзяцей у канцэнтрацыйным лагеры, менавіта гэты ангелец не быў тут надта вінаваты. Гэта была віна ангельскага ўраду, які хацеў нашых залатых руднікоў. Яшчэ гэта была віна каралевы Вікторыі, якой не падабаўся дзядзька Пол Кругер:[18] казалі, што калі ён быў у Лондане, то пагаварыў з ёй толькі аднойчы, усяго некалькі хвілін. Дзядзька Пол Кругер апраўдваўся, што ён жанаты чалавек і баіцца ўдоваў.

Калі ангелец на імя Вэбер вярнуўся да павозкі, мы з Косам Стэйнам пайшлі разам з ім. Ангелец сказаў, што набыў ферму побач з Герардусам Гробеларам, што мала чаго ведае пра авечак, быдла і маіс, але здабыў колькі кніг пра фермерскую справу і збіраецца вывучыць іх уздоўж і ўпоперак. Потым ён спытаў мяне, з чаго б гэта я адвярнуўся ад яго ў бок перавалу. Але я проста не хацеў, каб ён бачыў, як я смяюся. Кос Стэйн адрэагаваў зусім іначай.

 А ну дай мне зірнуць на гэтыя кнігі, сказаў ён.

Вэбер адкрыў скрыню на самым версе павозкі і дастаў адтуль шэсць кніг у зялёнай вокладцы.

 Так, гэта вельмі добрыя кнігі, сказаў Кос Стэйн.  Ага, проста цудоўныя. Для тэрмітаў. Тэрміты злопаюць іх ночы за дзве.

Як я ўжо казаў, Кос Стэйн быў вясёлым хлопцам, і калі ён так казаў, утрымацца ад смеху было немагчыма.

Тады былі не найлепшыя часы. Пачалася засуха, і мы не маглі садзіць кукурузу. Высахлі ставы, і вельд быў пакрыты хіба што леташняй травой. Тыдзень за тыднем нам даводзілася пампаваць ваду са свідравінаў. Але потым пачаліся дажджы, і некаторы час справы ішлі нядрэнна.

Час ад часу я бачыў Вэбера. З таго, што я пра яго чуў, я разумеў, што працуе ён шмат. Але вядома, што чырвоныя каркі не здольныя жыць з фермерства, калі толькі ім кожны месяц не высылаюць з Англіі грошы. А Вэбер, як мы даведаліся, амаль усе грошы патраціў на тое, каб набыць ферму. Ён заўсёды чытаў гэтыя свае зялёныя кнігі, каб зразумець, што рабіць далей. Якое шчасце, што яны напісаныя па-ангельску, а таму буры не могуць іх чытаць! Іначай штогод разаралася б нашмат больш фермераў. Калі яго быдла захворвала на каўдрыёз,[19] ці авечкі на катаральную ліхаманку,[20] ці ў кукурузе заводзіўся азімы чарвяк або вусень бурыльнага малатка,[21] Вэбер тут жа лез у свае кнігі. Калі б яго авечак скралі кафры, думаю, ён таксама палез бы ў кнігі.

Тым не менш, Кос Стэйн дапамагаў Вэберу і вучыў яго многім рэчам, а таму справы ў ангельца ішлі ўсё ж не так кепска, як маглі б, калі б ён дзейнічаў у поўнай адпаведнасці з напісанай у зялёных кнігах дурасцю. Вэбер вельмі пасябраваў з Косам Стэйнам. За некалькі тыдняў да прыезду Вэбера жонка Коса Стэйна акурат нарадзіла дзіця. Гэта было іх першае дзіця пасля сямігадовага шлюбу, і яны вельмі ганарыліся немаўляткам. У іх была дзяўчынка. Кос казаў, што яму, канечне, хацелася б хлопчыка, але ў любым разе дзяўчынка лепш, чым увогуле ніхто. Вэбер ад пачатку вельмі палюбіў дзяўчынку, названую ў гонар маці Джэмімай. Калі я праходзіў міма дома Коса Стэйна, я часта бачыў ангельца, што сядзеў на верандзе з дзіцем на каленях.

У той жа час многіх суседзяў раздражняла сяброўства Коса Стэйна з чырвоным каркам. Яны называлі яго паражэнцам і здраднікам радзімы. Ён зблізіўся з чалавекам, які судзейнічаў падзенню афрыканерскай нацыі. Але называць Коса Стэйна паражэнцам было несправядліва. Калі пачалася вайна, Кос жыў у акрузе Граф-Рэйнет,[22] а таму ён быў капскім бурам і не мусіў ісці на вайну.[23] Тым не менш ён далучыўся да фрыстэйцкага каманда і ваяваў ажно да самага заключэння міру. Калі б ангельцы ўзялі яго ў палон, то маглі б расстраляць як паўстанца як расстралялі Схеперса[24] і многіх іншых.

Аднойчы, калі мы сабраліся на пошце ў Вілема Одэндала, пра гэта загаварыў Герардус Гробелар:

 Ты робіш няправільна,  сказаў ён.  Буры і ангельцы ворагі яшчэ з часоў Слагтэрснэкскага паўстання.[25] Гэтую вайну мы прайгралі, але аднойчы мы ўсё адно іх пераможам. Гэты абавязак мы перадамо дзецям нашых дзяцей змагацца супраць чырвоных каркаў. Успомні хаця б канцэнтрацыйныя лагеры.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3