Знайшлося ў «Вялікай кнізе пра Кнігу» месца і «беларускім старонкам». Пра легендарнага ўсходнеславянскага першадрукара нарыс «Подзвіг доктара Скарыны». У расповедзе пра Івана Фёдарава вылучаны раздзел «На беларускіх землях». А яшчэ ж, расказваючы пра рускага першадрукара, Я. Неміроўскі звяртае ўвагу на славуты помнік кнігадрукавання Астрожскую Біблію. Лебядзінай песняй Івана Фёдарава называе даследчык гэтую кнігу ў 1256 старонак. Дарэчы, да сённяшніх дзён дайшло больш за 350 экзэмпляраў гэтага найцікавейшага фаліянта. Тры з іх знаходзяцца ў Мінску. Сярод герояў «Вялікай кнігі» Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Пётр Мсціславец, Васіль Цяпінскі, Спірыдон Собаль. Наклад унікальнага па абсягах кнігазнаўчай інфармацыі выдання 3000 асобнікаў. Будзем спадзявацца, што новая праца Я. Неміроўскага патрапіць і ў галоўныя бібліятэкі нашай краіны.
Свет пачынаўся ў Антопалі
У рамане з 1920-х гг. «Сямя Раскіных», аўтарам якога зяўляецца ўраджэнец Драгічыншчыны Дзмітрый Стонаў, ёсць такія радкі: «Усё, усё, што рабіў
Жук, праз пасрэдніцтва Эфраіна. І Эфраін, канечне ж, разбагацеў. Выбудаваў сабе двухпавярховы дом у Антопалі, купіў маёнтачак. У Эфраіна было дзесяць сыноў і адна дачка».
Антопаль, выходзіць, мястэчка са сваёй літаратурна-мастацкай гісторыяй. Знаходзіцца паселішча таксама ў Драгічынскім раёне, як і Бездзеж родная вёска рускага празаіка Дзмітрыя Стонава.
Але не толькі таму, што згадваецца ў рамане «Сямя Раскіных». У 1883 г. у старажытным паселішчы нарадзіўся пісьменнік Мойша Стаўскі, аўтар апавяданняў пра жывёльны свет, прыроду. Дэбют літаратара ў друку адносіцца да 1906 г. М. Стаўскі аўтар кніг «Ідыліі і малюнкі», «На схіле дня», «Арабскія апавяданні» ды іншых зборнікаў мастацкай прозы. Памёр ураджэнец драгічынскай старонкі ў Ізраілі, у Тэль-Авіве, 24 чэрвеня 1964 г.
Яшчэ адзін цікавы лёс звязаны з Антопалем. У 1890 г. тут нарадзілася Фаіна Яфрэмаўна Стаўская. Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху, яна прайшла праз пакуты арыштаў, астрогаў і высылкі. Нават з Фаінай Каплан (памятаеце: яе расстралялі ў 1918 г., абвінаваціўшы ў замаху на Леніна) пасябравала, калі адбывала пакаранне на катарзе. А ў 1930-я гг. Фаіна Яфрэмаўна была дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі пры Маскоўскім гістарычным музеі рэвалюцыі. А сувязь з літаратурай, мастацтвам праз працу з кнігай!.. І не толькі. У 1937 г. наша зямлячка патрапіла пад рэпрэсіі і была расстраляна. Яе муж, таксама ўдзельнік рэвалюцыйнага руху, Віктар Ерамеевіч Баранчанка (Баранчык) актыўна займаўся гісторыка-публіцыстычнай дзейнасцю. І сярод іншых яго работ пяць тамоў кнігі «Жыццё і гібель Фаіны Стаўскай». Хто галоўны герой, падказвае ўжо сама назва. На жаль, праца так і засталася ў рукапісе, захоўваецца ў адным з маскоўскіх архіваў у асобным фондзе В. Е. Баранчанкі.
Цікавыя дадаткі да раней вядомага з літаратурнай памяці Антопаля. У 1862 г. на Палессе прыязджае рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў. У вандроўцы яго суправаджае беларуска-польскі паэт і публіцыст Вінцэсь Каратынскі. Літаратары наведалі Беласток, Пружаны, Антопаль. Большая частка жыцця польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч прайшла ў Беларусі. Як сведчанне гэтага, у вёсцы Грушава Кобрынскага раёна ўзведзены сціплы знак з надпісам: «У памяць выдатнай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч (18641944) удзячныя за яе працу гэты памятны знак, устаноўлены пад дубам Давайцісам, дораць землякі». Але поруч з вёскай Грушава ў біяграфіі літаратаркі прысутнічае і Антопаль. Менавіта польская пісьменніца спрыяла будаўніцтву касцёла імя Андрэя Баболі ў Антопалі. Пра гэта падрабязна расказваюць В. Ляшук і І. Снітко ў кнізе «Літаратурная Берасцейшчына». Не абмінуў Антопаль у 1939 г. і ваенны карэспандэнт, супрацоўнік армейскай газеты «Часовой Родины», рускі паэт Аляксандр Твардоўскі.
Шчыраванне на журналісцкай ніве
Жыццё многіх нашых пісьменнікаў-землякоў на розных этапах звязана з ваеннай журналістыкай. Пэўны час працаваў у газеце «Во славу Родины» Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі вядомы паэт Пятро Прыходзька. Аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча скончыў Сяргей Панізнік. У Санкт-Пецярбургу завяршыўся жыццёвы шлях ваеннага журналіста, празаіка і драматурга, ураджэнца Гомельшчыны Аркадзя Пінчука. У Туркестанскай ваеннай акрузе карэспандэнтам салдацкай шматтыражкі служыў гамяльчанін Васіль Ткачоў, які выпусціў нямала кніг мастацкай прозы. Пінскую раённую газету рэдагаваў таленавіты празаік і публіцыст Мікалай Елянеўскі, таксама ў нядаўнім мінулым ваенны журналіст.