І хто ж гэта яшчэ ў 1855 годзе пісаў? Нехта з заснавальнікаў навуковага камунізму? Ну напэўна! Бо літаральна ўсё адпавядае праграме камуністычнага будаўніцтва, ідэалам камуністычнага грамадства. Зрэшты, можа, і так. Можа, і заснавальнік. Самы галоўны заснавальнік. Самы вялікі камуніст. Гэта пісаў Леў Талстой.
1992А з чаго ўсё гэта пачалося?
Што «усё гэта»?
Тое, што кончылася распадам.
Усё пачалося з мовы. Дакладней з гвалту над мовамі народаў СССР. Бо самае балючае глядзець і думаць: гібель, гібель, гібель будзе нам, калі не ўратуем мову!..
Так, пачалося з ігнаравання права народаў на сваю мову, на свой голас у свеце. З наступлення ботам на горла і ўдушэння мовы.
Ад дабра дабра не шукаюць. Уявім сабе: нас паважаюць. Мы сапраўды суверэнная рэспубліка, гаспадары на сваёй зямлі. У нас пануюць свае традыцыі і звычаі, свае формы гаспадарання, свае промыслы і рамёствы. І свая мова, свая культура. Мы вывучаем і ведаем сваю гісторыю. Ведаем усё добрае пра сваю краіну і народ і маем магчымасць паказаць гэтае добрае ўсяму свету, паганарыцца гэтым перад людзьмі як усякі гаспадар сваёй гаспадаркай, сваімі набыткамі, сваім талентам і найперш, вядома, сваімі дзецьмі. На душы ў нас ад гэтага лёгка і хораша, хораша і лёгка!..
Уявілі? А цяпер азірнемся на пражытае. Мы былі на сваёй зямлі гаспадарамі? Дудкі! Прыязджаў з цэнтра чыноўнік і тыцкаў пальцам: «Вось тут будзем размяшчаць нашы вытворчыя сілы, тут пачынайце будаваць хімічны завод. Пляваць, што гэта ў вас бабровы ці які там яшчэ прыродны запаведнік будуйце! Спецыялістаў прышлем. Дырэчы, іх жонак уладкуйце на працу ў школу ці ў ДК, дзеля чаго і школу і ДК перавядзіце на «русский язык», бо яны вашага, тутэйшага балакання не вучылі».
Дык чаго ж здзіўляцца, чым кончылася тое, што пачалося з мовы?..
1992Ля-лё трэба нам, ля-лё!
Пабыў на Канферэнцыі па правапісу. Цяжкае ўражанне. Чаго хочуць рэфарматары? Ды ў іх той самы рэвалюцыянізм, што быў у бальшавікоў. Усё рашуча перайначым, пераробім, пераменім! Да асноў! Пачнем зноў з нуля! Значыць рэвалюцыя ў культуры? У 1926-м на Канферэнцыі падыходзілі куды больш асцярожна, куды больш ўдумліва і абачліва.
Разумна выступіў мовазнаўца І. І. Крамко. «Ім не хапае культуры. Дзейнічаюць на ўзроўні эмоцый. Па сутнасці, хочуць разваліць правапіс. І гэтым нанесці смяротны ўдар па мове. Як няма мовы няма народа».
Ля-лё трэба ўвесці, ля-лё! (Філялёгія, кіляграм і г. д.) Так лепш, крычаць. Для каго лепш? Для мовы? На якіх абектыўных падставах? Што у жывой мове пануюць гэтыя ля-лё-лю? Ці хоць ёсць тэндэнцыя, якую пацвярджае жывая мова? Вы можаце гэта даказаць? Чыста валявы падыход. Мы так хочам, мы лічым, што так лепш.
Пры гэтым манаполія на нацыянальны беларускі патрыятызм; як раней на савецкі.
1992, лістападКойвіста і мова
У Маскву, на сустрэчу з кіраўніцтвам Расіі, прыязджаў прэзідэнт Фінляндыі Койвіста. Вельмі інтэлігентны і з выгляду і ў манерах абыходжання пан. Аж не верыцца, што гэта яго бачыў я нядаўна на тэлеэкране у сялянскай вопратцы, на трактарку, на ўласнай сядзібе На сустрэчы, у самым пачатку гутаркі, Койвіста пачаў гаварыць пра ролю фінскай мовы ў станаўленні фінляндскай дзяржаўнасці і амаль палавіну прамовы прысвяціў гэтаму. А яшчэ падкрэсліў: наша самабытнасць, наша ідэнтычнасць настолькі моцная, што нам не страшная эканамічная інтэграцыя з Еўропай, нашай духоўнай самастойнасці нішто не пагражае.
Слухаў я Койвісту і цямнеў ад горычы. Маленькая Фінляндыя і вось, калі ласка! Прэзідэнт на ўвесь свет выказвае пачуццё гонару і радасці за мову сваёй зямлі, за самабытнасць фінскай культуры, за гарантаваную самастойнасць дзяржавы.
А мы? А мы беларусы? Як мы пачуваемся ў свеце? Як мы сцвярджаем сваю мову і культуру? Не толькі ў свеце, а і дома, дома! У сваёй роднай хаце! О, дарагія мае браткі і сястрыцы!
1993Асатанелы беларусафоб з Віцебска
Хто такія фашысты? Нацыянал-сацыялісты. Расісты. Ашалелыя ненавіснікі нацыянальнага адраджэння народаў, якія стагоддзямі прыгняталіся, прычым, на сваёй роднай зямлі. Гэта паталагічна хворыя на шавінізм нелюдзі, гэта адукаваныя (ды яшчэ як!) вандалы, якім паняцце цывілізацыі, свабоды і дэмакратыі не знаёма. Да гэтай катэгорыі нелюдзяў сёння належаць усіх масцей беларусафобы.