Моцны партыйны верш
Перабіраў кнігі, наткнуўся на зборнік «Стихи 1956 года» (М., 1957), а ў ім на верш Я. Еўтушэнкі «Празднуйте Первое Мая» Моцны партыйна-камуністычны верш! Не дзіва, што ў тыя гады (сярэдзіна 50-х) маладому паэту давалі такую шырокую дарогу. Вось дзесяць радкоў з верша:
Какую должны мы вкладывать страсть,
Себя и других поднимая,
В слова «Коммунизм», «Советская власть»,
«Революция», «Первое Мая»!
. . . . . . . . . . . . .
Товарищи, надо вернуть словам
Звучание их первородное!
Бережней будем всегда, во всем,
Как клятву их понимая.
Мы с вами придем к коммунизму, придём!
Празднуйте Первое Мая!
Верш вясны 1956 года. Толькі што адбыўся ХХ зезд КПСС, з выкрыццём культу Сталіна. Зусім скора Еўтушэнка пачне пісаць зусім іначай. Зусім-зусім!.. як і ўсе мы, яго равеснікі. Як і ўсе нашы старэйшыя сябры і настаўнікі.
1988Бог так распарадзіўся!
Ці можна яднацца без яднання песень рускіх, украінскіх і беларускіх? Глыбока ўпэўнены, што немагчыма. Вы слухалі канцэрт, дзе разам, адначасова, з рускімі гучалі песні ўкраінскія, беларускія? Я слухаў шмат-шмат разоў і пакуль буду жыць буду слухаць з вялікім хваляваннем заўсёды. Не ўяўляю, каб разумныя, маральна выхаваныя і эстэтычна неглухія людзі адлучылі ўкраінскія і беларускія песні ад рускіх у такім канцэрце. Адлучыць, вядома, можна, і канцэрт быў бы выдатны і без украінскіх і беларускіх песень, але гэта могуць зрабіць не самыя разумныя і не самыя мудрыя людзі. Бо сотні тысяч людзей, якія слухалі канцэрт, сказалі: Божа! Як добра, што прагучалі і ўкраінскія і беларускія песні! І якое шчасце, што яны, поруч з рускімі, будуць заўсёды!..
Стоп! Хвіліначку! Хто сказаў: яны будуць заўсёды? Вы сказалі? А вы ўпэўнены ў гэтым? Упэўнены? Дык вось запомніце, калі ласка. Цвёрда запомніце! Яны будуць датуль, дакуль будуць на зямлі ўкраінскі і беларускі народы, дакуль будзе стварацца іх духоўная культура, а гэта значыць пакуль будуць жыць украінская і беларуская мовы. Толькі так і толькі так! Запомніце! Рускі народ гэткіх геніяльных украінскіх і гэткіх геніяльных беларускіх песень не складзе! Бог так распарадзіўся адвеку і навекі! Бо ўжо ніхто Божую задуму перайначыць не зможа. Рускі народ складзе свае новыя геніяльныя песні рускія, але ўкраінскіх і беларускіх не складзе ніколі.
1988Наша нацыянальнае няшчасце
Сын беларускай вёскі Адам Бабарэка, маючы дваццаць гадоў, уступіў у Чырвоную Армію, каб змагацца за свабодную савецкую Беларусь. Трапіў у палон да акупантаў, і яму на спіне выразалі чырвоную зорку. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны стаў вядомым паэтам, празаікам, і асабліва высокі аўтарытэт у чытачоў набыў як літаратурны крытык. Да яго голасу прыслухоўваліся калегі, маладыя паэты і пісьменнікі. Ён быў адным з заснавальнікаў літаратурнай суполкі «Узвышша», быў самым блізкім сябрам У. Дубоўкі і Я. Пушчы.
Сын беларускай вёскі Пятро Глебка, на шэсць гадоў за Бабарэку маладзейшы, зарэкамендаваў сябе таленавітым паэтам (зборнік «Шыпшына», 1926), быў побач з Бабарэкам ва «Узвышшы». А ў 1931 годзе публікуе артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксысцкай фразай» («Узвышша», 1931, 2), гэта пра Бабарэку. Працы Бабарэкі ён пагардліва абзывае «практыкаваннямі ў літаратуразнаўстве», з якіх «тхне заядлым нацыянальным дэмакратызмам», аўтар якіх «імкнецца зацямніць клясавы змест» літаратуры. Іранізуе з думкі Бабарэкі, што «беларуская савецкая літаратура працягвае слаўныя традыцыі Багушэвіча і «Нашай нівы». А думкі-то справядлівыя!.. І іронія тут не да месца.
Вось такія былі нашы літаратурныя, дакладней нашы нацыянальна-патрыятычныя справы на пачатку 1930-х. Наша нацыянальнае няшчасце. Лепшых натраўлялі на лепшых.
1990А пра галоўнае
Даючы згоду на ўтварэнне БССР, бальшавікі думалі пра сваё. Па-першае, пра тое, што Антанта будзе мець справу з суверэннай савецкай рэспублікай, а не з Расіяй. Па-другое, БССР будзе калідорам для сусветнай рэвалюцыі на Захад. А пра галоўнае пра правы беларускага народа, пра яго нацыянальнае адраджэнне яны не думалі. Пра гэта думалі «нацыяналісты», ворагі Кастрычніка, ворагі бальшавікоў, якіх (бальшавікоў) трэсла і калаціла ад ідэі незалежнай БНР.
1990О, нашы «патрыёты»!
26 студзеня 1990 года дзень гістарычны. Вярхоўны Савет Беларусі прыняў «Закон аб мовах». Адна дэталь да таго, як ён прымаўся. Дэпутатаў у зале было 368. Прагаласавалі «за» 332, «супроць» 27, «устрымаліся» 9. Але! Самыя заўзятыя «патрыёты» дабіліся перагаласоўкі артыкула «Мова навучання». І ў выніку: за прапанову пакінуць, захаваць, як ёсць, як прагаласавалі за Закон у цэлым, цяпер выказаліся «за» толькі 185 дэпутатаў. Усяго 185! З 332, што да перапынку прагаласавалі за Закон у цэлым. Вось які страшны артыкул «Мова навучання»! Разумеюць «патрыёты»: беларускую школу трэба ліквідаваць, школу!..