Высакароднасць
Часопіс «Нёман» апублікаваў вельмі цікавы дакумент «Тлумачальную запіску» У. С. Караткевіча, зробленую ім па патрабаванні КДБ БССР. Патрабаванне ўзнікла па нейчым даносе, што ў Караткевіча на кватэры збіраюцца і пра штосьці гавораць навукоўцы і літаратары, якія знаходзяцца на падазрэнні ў КДБ. Па кожнай з гэтых асоб Караткевіч і дае сваё тлумачэнне сваю маральную і грамадска-палітычную ацэнку. Пра каго зусім лапідарную (Г. Тумас, А. Ліс), пра каго больш разгорнутую (М. Прашковіч, Л. Геніюш, М. Чарняўскі, С. Міско, В. Лапуць). Пра кожнага з пералічаных Уладзімір Сямёнавіч гаворыць з вялікай павагай, падкрэсліваючы іх выдатныя чалавечыя і грамадзянскія якасці, іх навуковы або пісьменніцкі аўтарытэт. І завяршае свае паказанні агульнай ацэнкай і дзейнасці «падазроных», і ўсёй грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, завяршае не гнучыся, не ўгодліва, не з дрыжыкамі ў каленках, а шчыра і мужна, з высокай чалавечай і пісьменніцкай годнасцю. Вось некалькі радкоў з ягонага «падагульнення»: «За своих знакомых я ручаюсь в том, что они люди порядочные, что они любят свою Родину и, в случае чего, не подведут А то, что некоторые факты скажем, отношение к белорусскому языку в школе, к тому, что некоторые принижают роль белорусов в войне, к тому, что Минск не имеет национального лица что эти факты вызывали наше законное, может быть, излишне резкое возмущение, то, я думаю, это было не только наше право, но и наша обязанность».
Вось так: «не толькі наша права, але і наш абавязак». І можаце сабе судзіць мяне, калі мая праўда вам не падабаецца.
1993Пра М. А. Някрасава
Ніхто ў рускай паэзіі так балюча не ўспрымаў пакуты абяздоленых, так не спачуваў няшчаснаму чалавеку, так не апеляваў да сумлення, як Някрасаў. І вось цяпер, калі мы пачынаем разумець, што гібельны шлях літаратуры гэта адыход ад «больной совести», ад грамадзянскай сумленнасці і мужнасці, іменна цяпер Някрасаў выкідваецца з ліку святых. Ён не ўспамінаецца. Яго не стала! Няма! Але калі такі паэт стаў не патрэбен гэта бяда! Для літаратуры. Для Расіі. Для нацыі. Для духоўнага існавання народа.
1993На першым зездзе пісьменнікаў СССР
Калі галоўны дакладчык Мікалай Бухарын сказаў: «Другой крупнейшей фигурой нашей поэзии является Владимир Маяковский», загрымелі бурныя апладысменты, і ўсе ўсталі. Пачаў гаварыць пра Багрыцкага воплескі, усе ўсталі. І пасля двойчы воплескі. Назваў Безыменскага воплескі, і пасля яшчэ колькі разоў. Безыменскаму!.. Колькі гаварыў пра Ясеніна ніякіх ні разу воплескаў. Як гэта кажуць у такім разе рускія людзі: «Каково?..»
Калі Бухарын скончыў зала бы зваряцела: бурныя воплескі, авацыі, крыкі «ўра», усе ўсталі, і гэта цягнулася колькі хвілін. Такога даклада пасля не было ні на адным зездзе.
Вось так!.. Ні разу не бачыў на ўсіх зездах у Беларусі каб усталі пры імені Купалы, ці Коласа, ці Багдановіча Ні разу, ніколі.
1990-я гг.«Паэт! Подзь сюда!»
Выступалі з чытаннем вершаў перад рабочымі трактарнага завода пасярэдзіне дня, відаць, на іх абедзенным перапынку (тады, у пачатку 60-х, так практыкавалася даць «духоўны пішч» людзям ад варштатаў!) Былі: Сяргей Грахоўскі, Навум Кіслік, Валянцін Тарас, аўтар гэтых радкоў, здаецца, яшчэ хтосьці, не помню. «Адстраляліся», сустрэча закончылася. Падзякавалі за ўвагу і выходзім. Пакуль ідзем па краю залы на выхад нашы слухачы, падняўшыся з месц, стаяць, з павагі даюць магчымасць гасцям прайсці першымі. Ідзем адзін за адным, ланцужком і раптам чуем досыць гучны пралетарскі голас:
Паэт! Подзь сюда!
Паднялі галовы, глядзім: каго з нас гэтак фамільярна хтось аклікае. Бачу хто: гадоў сарака рабацяга, стаіць між радоў крэсел, з краю, і робіць знак рукою: маўляў, ступі сюды, трохі бліжэй. Зразумеў, што не мяне, але прыпыніўся, цікава: каго і навошта? Аказваецца, Валянціна Тараса. І той выйшаў на паўкрока з нашага ланцужка.
Я вас слухаю.
І што ж ён і ўсе мы пачулі?
Нада праўду пісаць! Понял?
Понял, разгубіўшыся ад неспадзяванай парады, адказаў, зусім як школьнік настаўніку, Валянцін.
І мы выйшлі з залы і накіраваліся дадому. Моўчкі. Азадачаныя. Рабочы пыльнуў у вочы Тарасу, а хіба не мог даць тую параду любому з нас?
1999