Браты Гарэцкія
Рэдка, вельмі рэдка лёс пасылае нам такія знакавыя постаці, як браты Гарэцкія. І мы не цэнім, не шануем высакароднасці, якая была ўласціва ім. Так нічога не засталося і ад шляхетнасці, ад прыроднай інтэлігентнасці, чым вызначаліся браты Гарэцкія. Такія, як Гарэцкія, маглі супрацьпаставіць злу і подласці толькі культуру, толькі сумленнасць, толькі высокасць духу, толькі маральныя перакананні і прынцыповасць. А больш у іх нічога не было: улады не было, крывадушнасці не было, здольнасці падкупіць і падлізнуць не было А яшчэ не было абыякавасці да лёсу свайго народа, сваёй Бацькаўшчыны. А было пачуццё адказнасці перад народам і краінай, пачуццё абавязку і доўгу, які да астатку трэба сплаціць
1991З думак пра Купалу
Не перачытваючы усенародна Купалу, мы да беларускай Беларусі не дойдзем. Да сапраўды суверэннай, свабоднай, дэмакратычнай.
«Не магу маску ўздзець,
Крывіць роднай душой,
Песні весела пець,
Калі смуцен брат мой».
Душа родная. Каму? Мужыкам.
Яго муза ўдыхнула гарачага паветра рэвалюцыйных бітваў Першай рэвалюцыі ў Расіі (19051907).
Сіла пераканаўчасці купалаўскага радка. Паэт гаварыў так, што яму верылі. Бо да мужыцкага народа гаварыў сам мужык, падрабляцца (апускацца) не было патрэбы.
Трэба ж было адчуць, што прыйшоў гістарычны час для Беларусі, для беларускага народа і ён адчуў! І стаў вешчуном, павадыром, сцяганосцам. Мала ў сусветнай паэзіі геніяў, якія ў такой ступені былі ідэолагамі нацыянальнага адраджэння.
У яго была найвышэйшая ступень усведамлення абавязку паэта-грамадзяніна. Ніхто ні да яго, ні пасля яго да такога ўсведамлення не падымаўся. Адзіная і ўсёабдымная жарсць, ідэя, апантанасць. Усё, да апошняга радка, было падпарадкавана гэтаму яго беларускаму болю.
1997Пра «Харошкі»
Быў на канцэрце «Харошак», запрасіла сама Валянціна Іванаўна Гаявая. Агульнае ўражанне цуд! Атрымаў найвышэйшую асалоду. Амаль усё глядзеў і слухаў у захапленні. І «Местачковы вальс», і «Ойру», і «Падэспань», і «Польку крутуху». А «Каханачка!» Божа, які лірызм у «Каханачцы»! Увогуле, колькі паэзіі ва ўсім, што прайшло перад вачыма! Хацелася крычаць: «Людзі, гэта ўсё патрэбна нам! Вы бачыце і чуеце талент на сцэне ну а ў жыцці? Няхай ніхто не думае, што падробкай можна ашукаць густ народа. Ніколі!»
У чым сакрэт гэтага мастацкага цуду я прафесіянальна не растлумачу, ні ў музыцы, ні ў харэаграфіі не дасведчаны. Але ўсім нутром чую: гэта ўсё наша, беларускае. Гэта абуджае ў душы ўсё, што ў яе ўваходзіла ад калыскі там, у вёсцы, і тое, што ўваходзіла ў душы бацькоў, дзядоў і прадзедаў, а мне перадалося падсвядома, чаго сам я непасрэдна ні разу не чуў. А ўсе ж гукі родныя. Усё ад нашых вясковых вечарынак. І мелодыі, і інструменты Нашы скокі, іх тэмперамент, іх жартоўнасць Ва ўсім мы знаходзім сябе, адкрываем сябе. А свету адкрываецца Беларусь. Сапраўдная.
Каб тварыць такі цуд на сцэне вельмі многа трэба. Папершае, глыбокая перакананасць у вернасці абранага шляху, у святасці місіі. Па-другое, чысціня Гэта было нашым заўсёды. Яшчэ ад Буйніцкага. Заўсёды на энтузіязме. Доля не давала нам іншага толькі любоў, толькі энтузіязм. Толькі б не прымяшаўся цынізм, пошласць прагматызму!..
«Харошкі» гэта высокі прафесіяналізм пры якойсь першароднай непасрэднасці, прастаце, шчырасці.
Людзі! Вернем славу нашым нацыянальным скокам! Тую, што азарала колісь тэатр Буйніцкага!.. «Харошкі» пераконваюць, што мы здольныя зрабіць гэта.
1990-я гг.У Расіі не супадае
Выпадковая цытата: «Не давая перевеса любви к Родине над любовью к Отечеству». (У пісьме цару з III аддзялення Канцылярыі Яго Імператарскай Вялікасці, 1847 год.) І так, «родина и отечество». «Родина» гэта Украіна, Беларусь;
«Отечество» Расія, Расійская імперыя. Як і ў 1917-м; як і сёння у 1991-м. Вось гэта і ўнушалася! Айчына!
«Славься, Отечество наше свободное!..» Але ж па-беларуску «Отечество» Бацькаўшчына, г. зн. зямля бацькоў. Гэта і дзяржава, і родны край, Радзіма, Бацькаўшчына. У Расіі не супадае: «Отечество» гэта дзяржава, а «Родина» родная зямля
1991Высакароднасць
Часопіс «Нёман» апублікаваў вельмі цікавы дакумент «Тлумачальную запіску» У. С. Караткевіча, зробленую ім па патрабаванні КДБ БССР. Патрабаванне ўзнікла па нейчым даносе, што ў Караткевіча на кватэры збіраюцца і пра штосьці гавораць навукоўцы і літаратары, якія знаходзяцца на падазрэнні ў КДБ. Па кожнай з гэтых асоб Караткевіч і дае сваё тлумачэнне сваю маральную і грамадска-палітычную ацэнку. Пра каго зусім лапідарную (Г. Тумас, А. Ліс), пра каго больш разгорнутую (М. Прашковіч, Л. Геніюш, М. Чарняўскі, С. Міско, В. Лапуць). Пра кожнага з пералічаных Уладзімір Сямёнавіч гаворыць з вялікай павагай, падкрэсліваючы іх выдатныя чалавечыя і грамадзянскія якасці, іх навуковы або пісьменніцкі аўтарытэт. І завяршае свае паказанні агульнай ацэнкай і дзейнасці «падазроных», і ўсёй грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, завяршае не гнучыся, не ўгодліва, не з дрыжыкамі ў каленках, а шчыра і мужна, з высокай чалавечай і пісьменніцкай годнасцю. Вось некалькі радкоў з ягонага «падагульнення»: «За своих знакомых я ручаюсь в том, что они люди порядочные, что они любят свою Родину и, в случае чего, не подведут А то, что некоторые факты скажем, отношение к белорусскому языку в школе, к тому, что некоторые принижают роль белорусов в войне, к тому, что Минск не имеет национального лица что эти факты вызывали наше законное, может быть, излишне резкое возмущение, то, я думаю, это было не только наше право, но и наша обязанность».