Але ёсць і другое. Адвярнуцца нам ад рускай мовы азначала б у вялікай меры пазбавіць сябе радасці знаёміцца з цудоўнымі скарбамі рускай літаратуры па арыгіналах, а не па перакладах на беларускую. Ды і колькі яе ў нас перакладаецца? Усю перакласці і за сотні гадоў нерэальна.
Гэта ж датычыць і рускай песні. Хто з нас разлюбіць і адрыне рускую песню? Сапраўдную рускую песню, а не сучасныя, народжаныя «бледнай немаччу», пародыі на яе О, сапраўдная руская песня! Дзеля цябе варта і добра вывучыць мову, каб ты магла як найглыбей запасці ў душу і сэрца.
2001Самае страшнае
Самае страшнае, што прынесла і ўсталявала бальшавіцкая эпоха і паступова зрабіла нормай жыцця, і зрабіла псіхалогіяй звычайнага чалавека і ўсяго грамадства гэта: незалежнасць ад векавечных непарушных маральных законаў, прынцыпаў і нормаў агульнажыцця чалавечага, ад тых самых Дзесяці запаведзяў, адступленне ад якіх разбурэнне і гібель асобы, распад ўсяго і ўся, на чым грамадства трымаецца, можа трымацца, і калі сёння яшчэ трохі трымаецца толькі ў той меры, у якой гэты распад яшчэ не стаў усеахопным, усепранікальным, у якой меры яшчэ аказваецца яму супраціўленне. Кім аказваецца? Неабыдлелай часткай грамадства, перш за ўсё сумленнай незапраданскай інтэлігенцыяй.
10. ХІІ.2001Слухайце і вам аддасца!
Сёння, 17 лютага, слухаў, як адпраўляў святую імшу біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоній Дзямянка. Гучала, папросту кажучы, здорава! О, калі б нашы людзі кожны дзень слухалі такія казані святароў! Якое процістаянне злу, пянству, наркаманіі, распусце, карацей Сатане, які хоча забіць чалавека ў чалавеку! А найперш якая мова! Якая мова гучала! Часта чую: а дзе пачуць сапраўдную беларускую мову? А вось дзе! У Касцёле! Божа, як яна тут гучыць! Як соладка для душы! Сэрца млее і плача. Ад шчасця, што гэта мова ёсць і я магу яе слухаць.
2002А сёння, 24 лютага, слухаў казані ксяндзоў Уладзіслава Завальнюка, Антонія Дзямянкі, Яна Крэмца слухаў як песню, як гімн, які Божай сілай робіць у маёй душы штось такое, што я не магу адзначыць і сказаць, а толькі магу ціха, безгалоса плакаць столькі чую вышэйшай праўды ў іхніх казанях, столькі спрыяння і даравання маёй душы грэшнай!.. І я звяртаюся да ўсіх вас, людзі Беларусі: слухайце, слухайце, слухайце ці вы праваслаўныя, ці вы католікі, ці вы пратэстанты, ці вы якое іншае веры, але жывяце тут, на зямлі беларускай. І ёсць грамадзянамі нашай краіны, слухайце мову зямлі гэтае, зямлі крывіцка-ліцвінска-беларускай! Слухайце, шаноўныя, і вам аддасца! І вам аддасца!..
2002Дык куды рухаемся?
На канцэрце ў Маскве для Мінюста артыст Баскаў спеў «Шарманку» адну з самых лепшых сучасных рускіх песень. У зале ніхто ані не зварухнуўся. Не кранула. Пасля Баскава на сцэну выйшаў крыўляка з пошлымі досціпамі. О, як адразу ж ажывілася зала! Цудоўная песня не кранула, а бяздарная пашляціна, цынічнае выскалянне на тэму сексу у захапленне прывяло.
Дык куды рухаемся?
7. Х.2002Кожны беларус павінен гэта ведаць
Далучыўшы гвалтам Вялікае Княства Літоўскае да Расейскай імперыі, Кацярына ІІ агаласіла ўказ: «Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ ее белорусами, чем на века привяжем ее к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя» (1796).
Як у такім разе кажуць: каментар непатрэбны. Гадоў праз 70, задушыўшы паўстанне, якім кіраваў Кастусь Каліноўскі, губернатар Паўночна-Заходняга краю Мураўёў (Мураўёўвешальнік) пісаў: «В Северо-Западном крае так называемый белорусский язык необходимо низвести на ничто, ибо, если этого не сделать, он постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и о праве этого народа на этническую самостоятельность и национально-государственную суверенность, чего допустить нельзя».
І зноў жа: каментар непатрэбны.
Але ведаць і помніць гэта мы, беларусы, павінны. Калі хочам заставацца сабою свабодным, самастойным, паважаным у свеце народам.
2002Пра ВКЛ
На дварэ 1965 год, а мы ўсё яшчэ пішам і друкуем: «У Маскоўскую дзяржаву паслы ехалі праз Вялікае Княства Літоўскае, у склад якога ўваходзіла Беларусь» («Полымя», 1965, 4). Не пішам «ВКЛ сярэдневяковая беларуская дзяржава, у склад якой уваходзіла Жамойція (сучасная Летува) і вялікая частка Украіны, а пішам «Беларусь уваходзіла». У што ўваходзіла, куды? Беларусь у Беларусь? Нонсенс! Але гэта мы сёння паразумнелі і расплюшчылі вочы. А зусім яшчэ нядаўна, зусім нядаўна! не ведалі, хто куды ўваходзіў. Не ведалі элементарнай гісторыі сваёй краіны, свайго народа.