Чаму? Бо ў нас, як кажуць землякі Барадуліна, «добрыя галовы, толькі з патыліцы зачэсаныя»?..
Вільгельм фон Гумбальдт не для ўсіх аўтарытэт. Хоць бы па той прычыне, што не ўсе ў нас яго чыталі, а нехта нават не ведае, што такі быў. Для некага аўтарытэт Іосіф Сталін, які таксама, пра што нават у песні спяваецца, «у мовазнаўстве ведаў толк». Ён крытыкаваў вышэйзгаданага «лінгвіста-марксіста» Н. Мара і вось з якіх пазіцый:
«Мова адносіцца да грамадскіх зяў. Яна нараджаецца й развіваецца з нараджэннем і развіццём грамадства. Яна памірае разам са смерцю грамадства».
Няма мовы няма народа. У гэтым Сталін ведаў толк Хіба гэта не тыя ж кругі Гумбальдта? Круг існавання і круг знікнення.
Для таго, каб мы не зніклі, Бог пасылае нам такіх чараўнікоў, як Рыгор Барадулін, які й боскімі малітвамі, і паганскімі заклёнамі ў «Самоце паломніцтва», «Міласэрнасці плахі», «Евангеллі ад Мамы» аберагае нашу мову, а значыць, і народ. Тое самае ён робіць і ў сваім «Вушацкім словазборы».
Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі. Колькі слоў, ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных. Якое мы да таго, што ёсць, яшчэ багацце маем! Крэў (вывернутае дрэва), начніцы (бяссонне), недамаўлянкі (намёкі), пярэка (хто ўсім пярэчыць), руя (гайня, чарада). А як граюць, бліскаюць (блісь ды ясь!) гаваркія словы ў прыказках, прымаўках! «У сваёй хаце і качарга маці», «Грэх у мех, а сам наверх», «Язык у роце, як чорт у балоце», «Ён моўча, а дума воўча». Ці якія моўныя россыпы ў запісаных Барадуліным аповедах простых людзей проста пра жыццё: «Кішка ў кішку лезе ад голаду Жыццё такое: хлеб госць Памяць мне заарала (забылася). Гэтак ён ваяваў: акопы рылі, а ён бабам у лапаты ручкі ўстаўляў Уперад ён піў па дзелу, а пасля так Хачу дамоў, як вады напіцца»
У Барадуліна болей за дзве сотні нататнікаў з вершамі й самымі рознымі запісамі. Самому яму апрацаваць іх рукі не даходзілі, таму трэба сказаць самыя добрыя словы Наталлі Давыдзенка, якая гэта зрабіла, і зявіўся «Вушацкі словазбор». Цуд!
Я ўжо неяк пісаў, што Рыгор Барадулін нездарма называе сябе крывічом, бо ўвабраў у сябе ці не ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы з ім усю мову крывіцкую. Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове й выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным альбо дасюль не створаным беларускім свеце. І ў гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы й тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту.
Уладзімір НякляеўСветлае памяці мамы Куліны
Мова тады родная, калі яна пачута ад маці, калі кожнае слова сагрэта сэрцам матчыным, калі кожны гук матчынай мовы з-пад матулінага сэрца.
Мама перадала мне найвялікшы дар мову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам.
Мова Вушаччыны сягае ад паганскіх каранёў і да біблейскага неба.
Мова Вушаччыны праветраная скразнякамі часінаў, пакумленая з мовамі суседзяў.
Мова Вушаччыны ўвабрала ў сябе й задуменнасць незлічоных азёраў, і развагу бароў, і шчырасрэбраны позван крыніцаў, які выпраўляюць у свет упаўнелыя рэкі й рачулкі.
У мове нашай хапае й цнатлівага, й скаромнага. Вушацкія не дужа падкія на эўфімізмы, любяць называць усё сваімі імёнамі. Гэта паганская традыцыя, у якой чысціня бачання свету.
Вушацкі словазбор спроба сабраць за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць.
Мова прыкладаў і запісаў набліжана да вушацкага вымаўлення.
Калі запрашаў вушацкія словы на паперу, мне чуўся голас мамы Куліны, галасы маіх крэўных і блізкіх. Гэта й сустрэча, і развітанне.
Гэта мой паклон да зямлі тым, хто пялегваў праз вякі нашае самабытнае слова.
Дзякуй табе, мама!
Дзякуй вам, мае родныя вушацкія людзі, якія не выракліся свайго!
З мяне,
Як камяні з зямлі,
Вушацкія выходзяць словы.
Яны ў мяне ўвайшлі
Змалі,
Каб іх ні ўроцы не ўзялі,
Снягі не замялі,
Дубровы
З сабою словы не звялі
У свой апошні шлях,
Калі
Іх зводзіць пачалі на дровы.
Гудуць, нібы раі ў вуллі,
Вядуць, як дома, перазовы,
Ідуць раллёй, як жураўлі.
Яны ратаі й кавалі,
І хадакі ад мамы
Словы
Вушацкія.
Іх кожны крок
Мой бачыць слых,
Мой чуе зрок.