Рыгор Іванавіч Барадулін - Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна

Шрифт
Фон

Рыгор Барадулін

Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна

© Барадулін Р. І., 2013

© Давыдзенка Н. А., укладанне, 2013

© Някляеў У. П., прадмова, 2013

© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2013

© ПУП «Кнігазбор», 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Цуд!

Рыгор Барадулін чарадзей беларускай паэзіі.

Што такое паэзія? Сярод іншага гэта выяўленне магчымасцяў мовы. Ці інакш: паэзія гэта мова ў яе вяршынным выяўленні.

Рыгор Барадулін чарадзей беларускай мовы. Параўнайце тое, што мы чытаем у сённяшніх (беларускамоўных, якія засталіся) газетах, на беларускамоўных (якія ёсць) інтэрнэтных сайтах з тым, што напісана ў «Нерушы», «Руме», «Вечаллі», іншых кнігах Рыгора Барадуліна. Не па змесце, а па лексіцы параўнайце, граматыцы, сінтаксісе. Гэта не проста якасна адрозныя, гэта розныя мовы. І не толькі таму, што адна празаічная, другая паэтычная: яны розняцца так, як розніцца штучнае й натуральнае. Прычым паэтычная мова (у канкрэтным выпадку мова Барадуліна), якая найдалей ад гутарковай, выглядае натуральнай, а мова празаічная (газетна-інтэрнэтная), якая да гутарковай найбліжэй,  штучнай. Такой, нібы на ёй пішуць і размаўляюць не носьбіты мовы, а замежнікі, перакладчыкі. І такую няўклюдную, машынную (гуглаўскаю) мову ўсё большая частка яе карыстальнікаў пачынае ўспрымаць як натуральную і як натуральную скарыстоўваць: менавіта на ёй многія аўтары пішуць сёння й прозу, і вершы.

Мова спрашчаецца. Машынізуецца, нібы спраўджваючы тэорыю «лінгвіста-марксіста» Н. Я. Мара: «Будучыня мовы мысленне, якое вырастае ў вольнай ад прыроднай матэрыі тэхніцы».

Гэта датычыцца не толькі нас працэс сусветны. Шмат дзе (у тым ліку ў нас) ён накладваецца на працэс выцяснення роднай мовы,  і абодва працэсы, супадаючы, паскараюць адзін аднаго.

Усё гэта небяспечна. Вельмі. І калі б толькі для літаратуры такой бяды. Нават калі б толькі для мовы

Прырода мовы, нягледзячы на тое, што быў такі найвыбітны мовазнаўца, як Вільгельм Гумбальдт (як і прырода чалавека, нягледзячы на тое, што быў такі найвыбітны прыродазнаўца, як Чарльз Дарвін), дасюль застаецца загадкавай. У набліжэннях да разгадкі першынство належыць таму ж Гумбальдту, які й па сёння найбольшы аўтарытэт у мовазнаўстве. «Мова народа ёсць ягоны дух, і дух народа ёсць ягоная мова,  цяжка ўявіць сабе нешта больш тоеснае,» вось асноўная канцэпцыя Гумбальдта, якую падзялялі ўсе вядучыя лінгвісты свету, у тым ліку гэтакі аўтарытэтны вучоны ў славянскім свеце, як А. А. Патабня. Менавіта Гумбальдт увёў паняцце «моўная свядомасць народа» й сцвярджаў, што як чалавек (народ) стварае мову, гэтаксама й мова стварае чалавека (народ). Кожная мова апісвае вакол народа, якому яна належыць, круг, выйсці з якога можна толькі ў тым выпадку, калі ступіш у круг іншы.

З гэтага вынікае: іншы круг іншая мова. Іншая мова іншы народ.

Каб было больш зразумела, як пад уплывам іншай мовы мы можам стаць (па свядомасці, па менталітэце) не тымі, хто мы ёсць, прывяду прыклад (найблізкі) з гісторыі ўплываў.

На сучасную рускую мову (якую люблю й супраць якой, як і супраць любой іншай мовы, нічога не маю) вялікі ўплыў аказала не толькі мова царкоўнаславянская (з якой увайшлі ў рускую, да прыкладу, дзеепрыметнікавыя, якія цяжка вымавіць, словы й словазлучэнні: предшествовавшее произошедшему), але й цюркскія мовы. Найбольш відавочны гэты ўплыў у сучасных рускіх прозвішчах: Иванов, Петров, Сидоров. Этнічна рускія прозвішчы, якія ўзніклі да часоў Залатой Арды й захаваліся ў фальклоры, іншыя: Илья Муромец, а не Муромцев. Тут што істотна? Тое (і яно выяўляецца, адчуваецца ў мове), што Муромец чалавек сам па сабе, самастойны, а Муромцев не зусім. У цюркскіх мовах не толькі імёны, але й усе рэчы абавязкова суадносяцца з асобай, якой належаць. Без канкрэтызацыі таго, каму яны прыналежныя, ні чалавек, ні рэч як бы й не існуюць. Усімі й усім нехта павінен валодаць, над усім і ўсімі гаспадарыць. Шах, бай цар. Гэтакі менталітэт і ён зафіксаваны ў мове. Яно не добра й не кепска, проста яно так ёсць. Там, на Усходзе. Але ці яно супадае з тым, што ёсць мы?.. Тут, на Захадзе.

Мы на мяжы кругоў. Пытанне ў тым, ці хочам мы застацца тымі, хто мы ёсць? Беларусамі. Еўрапейскім народам у еўрапейскай дзяржаве.

Сёння ўсё часцей можна пачуць: час нацыянальных дзяржаў прамінуў. На змену ім прыходзяць цывілізацыйныя дзяржавы, якія развіваюцца больш паспяхова. Найпершы прыклад Кітай. Добра, няхай так. Але я не чуў і не чытаў, каб хто-небудзь у цывілізацыйным Кітаі сказаў ці напісаў, што час адмовіцца ад нацыянальнай мовы. Ніхто не даводзіць такога й у Еўропе. Наадварот, вунь як французы з немцамі, нарвежцы з фінамі ашчаджаюць свае мовы, змагаюцца з іншамоўнымі ўплывамі! Ды ўсе народы ў сённяшнім свеце, у якім культура падмяняецца цывілізацыяй, менавіта з дапамогай нацыянальнай культуры й мовы змагаюцца за саміх сябе, і толькі беларусы саміх сябе супраць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3