Рыгор Іванавіч Барадулін - Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна стр 13.

Шрифт
Фон

Вялічча шмат, багата. Невялікае вялічча ў яго, толькі багатага з сябе корчыць.

Вянок рой. Вянкі пчол на суках віснуць.

Вяркаць плакаць, падаваць голас (звычайна пра дзіця). Хто гэта там вяркаіць?

Вярзці нагаворваць, плявузгаць. Вярэць на яго абы-што, быццам ён ёй мяжу перадраў.

Вясельнік госць на вяселлі. А вясельнікі пілі-елі й усмак пабіліся.

Вясна голад, бясхлебіца. У іх летась такая вясна была, чуць выжылі. А сёлета вясны не было да новіны дацягнулі.

Вятка натоўп, юрма. Так і ходзяць вяткай цэлымі днямі.

Вяхотка звязаная з калючай травы, з вехця мачалка, каб шараваць посуд. Вяхотку сшаравала, пакуль ададрала кацёл.

Вячнíна трывалае, моцнае. Новы кажух гэта ўжо будзіць вячніна.


Гадавік жывёліна, якая гадуецца год. Гэты парасяты не гадавікі.

Гадзíць дагаджаць. Яму гадзіш як благой скуле, а ён цябе ня бачыць.

Гадкі брыдкі. А то ёсь, як рапені, такія гадкія бабы, ідзець, а ў яе жывот на жываце, трыбух на трыбуху.

Гайдамаха гуляка, раскідаха. Ён такі не гайдамаха не прапець.

Галабоні буякі, дурніцы; яшчэ пяніцы. Гэта ўжо галабоня надрузлая, адваленая, такая наспелая сядзіць. Галабоні пяніцы гузаватыя!

Галабурдá лухта, несусвеціца. Ён нясець усякую галабурду як наняты.

Галавабой слізгоцце. Як падмерзніць галавабой будзіць.

Галавар кіпень, голы вар. А на снядання галавар.

Галайстрá голь, галеча. І ў Расіі такая галайстра. Галамызы бязвусы, з голым тварам. І гэны галамызы жаніцца хочаць.

Галанож у чаравіках на босую нагу. Пахмяліцца дык галанож прыпёрся.

Галаруч голымі рукамі. Нёс ваду галаруч, рукавіцы забыўся.

Галасуха плакса. Я такая галасуха была малая.

Галатá голае месца, поле. Стаяць недзі каровы на гэтай галаце, травы німа.

Галдуечыць казаць, балбатаць незразумелае. Збяруцца жыды: гылды́-гылды, галдуечуць, пакуль языкі не запацеюць.

Галјзаваць цягацца. Галезаваіць па дарозі, клопату болі ня маіць.

Галень сшараваны венік, ад якога засталіся адны голыя дубцы. Кінь ты гэты галень, ужо ўшчэнт сшараваўся.

Галець жыць ў нішчымніцы, не мець чаго абуць, надзець. Пагалела б, тады б знала, а то ей матка прэць і прэць.

Галінá схільнасць, прызванне. Яго сыны пайшлі па сваей галіне: адзін лекар, а другі начальнік.

Гáліцца квапіцца. На чужое ня галься, згубіш сваё. Пагаліўся на багацця й узяў пабойню.

Галута безлістоўе, бясснежжа. Уся восінь галутай стаіць ні лісту, ні свісту. Зіма сёлетняя галутай адстаіваіцца, гола будзіць у засеках. Вясна чарнатой стаіць, галутай.

Галы прагны, ахвочы да нечага. Пітух на ежу гал, гатоў усё зесці. На дзевак галы, як кот на сала.

Галяк голае месца, дзе вытаптана й спасчана трава. Казу на галяку навязала, дык яна й сквярэцца.

Гáмнуць схапіць, узяць. Знахопу як гамніць, аж я знячы́веліла.

Гамолка акраец, луста, скібка. Добрую гамолку адваліў, сабе не пашкадаваў.

Гамонак гамана, гамонка. Пяны прыдзіць, тады гамонку будзіць.

Гандлёўшчык гандляр. Цяпер усе хітрыя ў гандлёўшчыкі пашлі, дурных німа.

Ганьбаваць грэбаваць. Анічым не ганьбуе, абы кішэню напхаць.

Гара гарышча. Усцягнулі сена на гару, паспелі. Гарадзішча плот, загароджа.

Ой, вырасла лебяда
Вы́шей гарадзішча

Гáрды горды, каго заела гардыня. Ён чалавек гарды, абы з кім чарку ня возьміць.

Гарлач, гладыш гладкі, паліваны збан. У гарлачу добра захоўваць крупы.

Гарнушак невялікі збанок, болей нагадвае конаўку. Выпі, выпі, мая душачка, з поўненькага гарнушачка! (Мама любіла прыгаворваць.)

Гарчавая гаркаватая. Капусту рана ссеклі, дык яна й гарчавая.

Гарчак горкі яблык, напой, пах. Адных гарчакоў натры. Гарчаку хлібнуў, аж вочы на лоб палезлі. Перац рассыпала, дык смурод на ўсю кухню гарчак пашоў такі.

Гарэлішча пажарышча. На гарэлішчы пра агонь не гаворуць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3