Вайстранка болька. Усё цела вайстранкі абсыпалі.
Валатоўка курган, насып. А за валатоўкамі Доўжыца, рэчка-бягушка. Валатоўка была ў Крошыні, Букатачкай звалася.
Валяка гультайка. Дзень паробіць, два не, такая валяка.
Валяны павалены. Тут лес валяны, бура была ўсхадзілася.
Валяўка прасталытка, гулявая, даступніца. З кім толькі ні валялася валяўка гэная, і яму загілела. І дачка ў яе валяка, валяшчая скурка.
Вандзэлак хатуль, клунак. Бабкі, хапайце свае вандзэлкі.
Ванцак боль у жываце. Ад ванцака зёлкі ў мяне ёсь добрыя.
Варанджáцца прыкідвацца, строіць з сябе. А не варанджайся ты дужа, быццам у цябе розум па патыліцы цячэць.
Варацáкі ваніты. У яго жывот хворы, даводзяць яго варацакі.
Варголы даслоўна: голы вар. «Я табе, сынок, сягоння варголы звару», жартавала мама.
Вархопкі пажыткі, манаткі. Пахапалі свае вархопкі й хутчэй дадому.
Вары́ўня будыніна, дзе гатуюць ежу. Яна ў сваю варыўню ўсё цягніць.
Вáтарга гурма, зборня. Гляджу, едзіць цэлая ватарга, канца не відаць.
Ваўкаедня, ваўкаўня ваўчынае логава (логвішча, логаўе); яшчэ няўтульная будыніна. У ваўкаедні трох ваўчанят бачылі. У хаці, як у ваўкаедні, халодна. Хата пустая, як ваўкаўня.
Ваўкарэзіна абразлівы зварот да каровы, каня.
Стой, ваўкарэзіна, каб на цябе ваўкі!
Ваўначоска майстэрня, дзе чэшуць воўну. Паўдня на ваўначосцы выстаяла, пакуль кузлак воўны счасала.
Вачапор вісус, накольнік. Вачапоры на шкоду скоры. (Даслоўна хто порыць вочы.)
Вашанок маленькая вошынка. Вашанок у галаве засвярбеў.
Веяць гнаць, каціць.
Кляновая лісціначка,
Куды цябе вецер веіць:
Ці ў бор, ці ў даліну,
Ці ў шчырую баравіну?
Вельмаваць прывячаць, частаваць.
Ой, дзед, ты мой дзед,
А я твая бабка.
Шануй мяне, вяльмуй мяне,
Каб я была гладка.
Верасянка гліна, змешаная з верасам. Гліну з дробна пасечаным верасам месяць і з гэтага робяць сцены абораў, хлявоў. (На Ушаччыне бачыў у Двары Пліна.)
Вернікі верныя ў каханні, у дружбе. Наша дваіх зэкаў на самалёт правяла, такія яны вернікі да першай падушкі.
Верхам мець уладу над некім. Зямля па ім верхам была. Жонка па ім верх паняла. Па ім верхам едуць, як на пастуху.
Верхнік верхні камень у жорнах. Ніяк не маглі верхнік узвалачы.
Ветрагон, ветрадуй ветраны, не гаспадар свайго слова, лёгкі на абяцанкі, пустадомак. Ветрагону веры німа, толькі абяцанкі-цацанкі. Разумны ня чуіць, што ветрадуй ветрадуіць. Такі ветрадуй, што божа ратуй!
Відошна відавочна, яўна. Тут жа відошна сасуды адкрыты. Відошна, што саўсім нядужая.
Вілатая у два ствалы (як вілы). А ў нас на дворышчы бяроза вілатая стаяла.
Вілачнік куток каля печы ў парозе, дзе стаяць вілкі, чапёлы, гальні. Пастаў у вілачнік свой кій. У цябе ў галаве, як у вілачніку, усё стоць стаіць.
Вірлун у каго вочы навыкаце. Маўчыць, вірлун, толькі вірламі варочаіць.
Вірлы, вáрлы вочы. Што ты свае вірлы паказеліў ніхто цябе не баіцца.
Вірун несутрымны, няўрымслівы. Малы, як вірун, ні пастаіць, ні пасядзіць, кіпіць увесь. (Магчыма, ад паганскага бога віроў.)
Віхлíцца круціцца, скакаць, лашчыцца. Сабака віхліцца каля яго, есці хочаць. (Ад віхляць хвастом.) Віхтáцца хістацца. Галіны віхтаюцца на ветры, як не паламаюцца. Нага я віхтанулася, я чуць не завалілася.
Віцíна, выціна розга, дубец. Віціну выхвачу ды адхварашчу пасярод Вушачы.
Вішнеўнік вішняк. Вішнеўнічак выцыбаўся ўжо.
Вішшо вецце касатай бярэзіны, якое звычайна ламаюць на венікі да Пятра. Пойдзем вішша наламаім, венікаў навяжам. (Магчыма, першапачаткова гучэла як віссё, бо вісела.)
Вобалачка аблачынка. Ты, як ціхая вобалачка, плывеш.
Возерка азярцо. І возірка такое кругленькае, як сажалка, яно топкае.
Возка заезд. Дзве возкі зробілі, дык троху сена прывязлі.
Волаць танюткія, кшталту нітак, костачкі ў рыбнай мякаці. Смашная рыбіна, алі волаці многа.