Загадка прышчэпкі беларускасці заставалася да нядаўняга часу не толькі неразгаданай, але і слаба прыкметнай у дыскурсе беларускай ідэі. Сучасны культуролаг Панас Сівабародзька лічыць, што прышчэпка з легенды Шпілеўскага, гэта адно вобраз парадаксальнага збегу грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных і рэлігійна-культурных абставін, у выніку якога частка беларусаў губляе сваю інертнасць і падатлівасць староннім уплывам. Доктар медыцынскіх навук Альберт Зёлкін мяркуе, што ў легендзе зашыфравана праблема недахопу ёду ў арганізмах беларусаў. На яго думку, маторамі беларускага руху заўжды былі тыя ўраджэнцы Беларусі, якія спажывалі шмат ёдаўтрымальных прадуктаў: «Недарма асноўная маса нашых адраджэнцаў паходзіла са шляхты шляхта мела больш магчымасцяў сілкавацца прадуктамі, якія ўтрымліваюць ёд». Рэдактар газеты «Х-схроны» уфолаг, Аскольд Мянжынскі сцвярджае, што прышчэпку з легенды трэба ўспрымаць амаль літаральна. «Беларускі праект гэта толькі частка вялікага эксперымента, які ставіць магутная іншапланетная цывілізацыя, заяўляе ён. Па невядомым крытэру іншапланетнікі абіраюць жыхароў Беларусі, дастаўляюць іх ў сакрэтныя лабараторыі на адной з касмічных станцый, змяняюць фармат іх свядомасці і потым вяртаюць назад. Большасць з тых, хто прайшоў праз гэта, нічога не памятае і спрабуе растлумачыць свой зварот да беларушчыны нейкімі рацыянальнымі довадамі, якія пераважна выглядаюць досыць смешна».[46]
Як бачна, разбежка ў меркаваннях вельмі шырокая. Аднак пры ўсёй павазе да аўтараў ніводная з гэтых версій пры ўважлівым звароце да гістарычных крыніц не вытрымлівае ніякай крытыкі. Зрэшты, перш, чым выкласці свой добра абгрунтаваны і падмацаваны сурёзнай крыніцавай базай пункт гледжання, хацеў бы ўзгадаць пэўную гісторыю з уласнага дзяцінства. У пачатку 1980-х гг., на схіле брэжнеўскай эпохі, калі я быў маленькім чатырохгадовым жэўжыкам, са мной здарылася бяда. Было гэта ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна. Падчас цётчынага вяселля я з кімсьці шлындаў па вясковых вулках і ўрэшце апынуўся на чыёйсьці прысядзібнай пасецы. Мне ўпершыню давялося бачыць пчаліныя хаткі. Я зачаравана глядзеў на вуллі і на мітусню пчолаў на прылётных дошках каля ляткоў. Дзіцячая прага да эксперыментаў спарадзіла недаравальнае жаданне наступіць на пчаліную мітусню нагой. Ніхто ж не папярэдзіў, што так рабіць нельга. Пчолы наляцелі на мяне, і я на сваёй малечай скуры спазнаў, як яны «боронять ульев своих».
Боль і шок выцерлі з маёй памяці ўсё, што адбывалася са мной адразу пасля пчалінай атакі. Але напэўна акурат тады я назваў абаронцаў вулляў няправільнымі пчолкамі («Няправільныя пчолкі наторкалі іголкі», неяк так сказаў я). Цяжка меркаваць, паўстала гэтая характарыстыка ў маёй галаве цалкам самастойна ці пад уплывам культавага савецкага мульціка пра мядзведзя Віні-Пуха і яго сяброў. Аднак з вышыні сённяшніх гадоў я ўпэўнена кажу, што тады выпадкова прайшоў адмысловую ініцыяцыю праз джаленне сапраўды спецыфічных беларускіх пчолаў тую самую прышчэпку беларушчыны з легенды Шпілеўскага.[47] Мне даўно здавалася, што нешта з гэтым джаленнем не так. Але толькі нядаўнія архіўныя і букіністычныя знаходкі пацвердзілі мае самыя смелыя здагадкі.
Вядомая даследчыца Серафіма Скрыдлеўская здолела адшукаць фрагменты барочнага раману пачатку XVIII ст., стылізаванага пад дзённікавыя запісы сярэдняга беларускага шляхціца. Захаваўся і загаловак гэтага ўнікальнага твору «Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго а вшеляких другах онаго, суполный реестр яковых велекроть надалей пререкается». Нават павярхоўнае знаёмства з гэтымі фрагментамі дае магчымасць сцвердзіць, што аўтар кнігі «Віні-Пух» Алан Аляксандр Мілн быў не проста знаёмы са старабеларускім раманам (ці нейкім яго спісам), але і пазычыў з яго многія пасажы, набор персанажаў, перамяніўшы, што праўда, бальшыню вобразаў з чалавечых на звярыныя: Віні-Пух (Winnie-the-Pooh) Міхал Вінярскі-Пухоўскі, Свінчо (Piglet) Ян Багуслаў Свінка, Тыгра (Tigger) Палямон Рысінскі, Трусік (Rabbit) Юры Дзямід Караль Трусевіч, Крыстафер Робін (Christopher Robin) Крыштаф Радзівіл. Пакідаючы адмыслоўцам праблему далейшага высвятлення паралеляў між гэтымі творамі, прапаную звярнуцца да цікавага ўрыўку, які тычыцца няправільных пчолаў (у Мілна the wrong sort of bees).