Хрэсціцца раб Божы Мікола, гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.
Не гневайся, княжа цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.
Калі гневаюся, не ваду лью, памяркоўна сказаў князь. Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.
Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.
«Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Ваяр расце», падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:
Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. I не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!
Барыска нясмела падышоў.
Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.
Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.
А ну скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?
Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае,[2] як па пісанаму адмалаціў Барыска.
«Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?» укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі.
А лічыць ці добра ўмееш? працягваўся іспыт. Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, сабе кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў?
Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках, не задумваючыся адказаў Барыска.
Гожа.
Князь узяў з падваконца кнігу ў багатых абкладах, адплікнуў залачоную засцежку і прывычна знайшоў «Сказанне аб Індыйскім царстве», якое любіла першая жонка-нябожчыца.
Чытай!
«Царства маё такаво, бойка пачаў Барыска. Ісці на адну старану дзесяць месяцаў, а на другую няможна дайсці, бо саткнуліся там неба з зямлёю. Ёсць у мяне ў адной зямлі людзі немы, а ў другой зямлі людзі рагаты, а ў іной людзі трохногі, а іныя людзі дзевяці сажняў, іжэ суць валатове»
Лепа, пахваліў князь. А можа, на памяць зацвердзіў, як малітвы? Ён успомніў, як некалі, на пачатку вучэння, сам рабіў гэтак, каб байчэй атрымлівалася, калі бацька скажа пачытаць гасцям.
Княжыч закруціў галавой, і Валодша пашкадаваў, што скрыўдзіў сына, але, нахмарыўшы бровы, перагарнуў старонку і паказаў:
Вось тут чытай.
«Ёсць у маёй зямлі пеўні, на іх людзі ездзяць, упэўнена разбіраючы цітлы, чытаў Барыска. Ёсць у мяне птушка нагой, уе сабе гняздо на пятнаццаць дубоў. Ёсць у маім царстве птушка фінікс, звівае сабе гняздо на ноў месяц і прыносіць агню нябеснага і сама паліць гняздо сваё і сама тут згарае і ў тым попеле зараджаецца зноў і перем абрастае, а плоду няма ад той птушкі, а жыве яна пяцьсот лет. Ад старання на носе ў хлопчыка выступілі расінкі поту. А пасярод майго царства плыве рака Эдэм з раю, у той рацэ емлюць дарагія камяні акінф, і самфір, і памфір, і ізмарагд, сардзік і аспід, цвёрд жэ і, акі вугаль, гарыць»
Барыска перавёў дых і, пэўна, таму, што ніводнага разу не збіўся, насмеліўся запытаць:
Няўжо гэта праўда ўсё, тата?
Багата дзіўнага, сыне, ёсць на Божым свеце. А каторыя дзівосы і самі людзі вымыслілі, каб пацеху з таго мець. Склалі гэтую кнігу ў Грэках, а тлумачаная яна і перапісаная вучонымі мніхамі на ўказ нашай князёўны Прадславы Святаслаўны, у манастве найпадобнейшай Еўфрасінні. Казаў табе дзяк пра яе?
Казаў. Помніць, як у святы град Ерусалім яе праводзілі. Чытаць далей?
Чытай, чытай няўважліва адгукнуўся спахмурнелы раптам князь.
Хутка і яго Полацк правядзе. Ці паслухае ён пераможную ютрань у Сафіі? Еўфрасіння дадому не вярнулася. Можа, і ў ягонай кнізе лёсу тое ж запісана? А калі не вернецца, хто на полацкі пасад сядзе? За душу ўзяла крыўда невядома на каго. З першаю жонкай не было дзяцей, а сыны, што Бог даў са Звеніславаю, яшчэ ў такіх летах, што наперад не загадаеш. Барыску нядаўна толькі грамаце вучыць аддалі, а Глеб зусім малы, ад зямлі меч не адарве.
«Ёсць у мяне палата злата, а ў ёй ёсць зярцала праведнае, стаіць на чатырох слупах златых. Хто зрыць у зярцала, той бачыць свае грахі, якія сатварыў ад маладосці. Блізка таго і другое зярцала, скляное» чытаў Барыска.
Досыць, сыне, адарваўся ад нялёгкіх думак князь. Бачу, не дарма мой хлеб дзяк есць. А скажы, у ваярскай справе як паспеў? З лука ці гожа беш?