Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Ордэн Белай Мышы (зборнік) стр 9.

Шрифт
Фон

Па гамбургскім рахунку, скарачаць сваё жыццё гэтаксама цікава, як і яго расцягваць. А ўсё ж як наконт кампраміснага варыянта? На пятнаццатым годзе волі, пакаштаваўшы ўсяго на свеце (у тым ліку, вядома, і карыснай для львінага арганізма чалавечыны), можна самахоць здацца ў заапарк і, бязгрэшна гледзячы людзям у вочы, атрымаць яшчэ адзін жыццёвы тэрмін з гарантаванаю пайкай. Які з трох шляхоў абяцае найбольш прыстойную рэінкарнацыю?

Побач з ільвом самец малпы, гібон, які, песцячы позіркам вабных жанчын, натхнёна займаецца мастурбацыяй, што выклікае здаровую цікавасць у юных аматараў прыроды, якіх бацькі мусяць жывасілам цягнуць да іншых клетак. Кім быў у мінулым існаванні ён? Сексуальным маньякам? Хлопчыкам з чарнобыльскай зоны, які ціха сканаў ад лейкеміі, так і не паспеўшы зрабіцца мужчынам?

А твой зялёны рахманы брат кракадзіл, што ў зімовай кватэры камеры не можа нават выпрастаць хваста і гібее, уяўляючы сабой жывы пытальнік без кропкі?

У адоранага амаль чалавечай прыгажосцю, але нязмерна больш дасканала складзенага пітона прасторы болей, хапае і тром жвавым белым курапаткам, ягонаму падвячорку. Хто ведае, ці не былі гэтыя грацыёзныя бесклапотныя істоты ў ранейшым жыцці прафесійнымі выляжанкамі і венерычкамі, а мо выдатніцамі і сакратарамі камсамольскіх камітэтаў

Між іншым, часам табе самому таксама маніцца пасля смерці вярнуцца птушкаю. Нездарма ты некалі ўяўляў свае пераўвасабленні ў грака і яго самотныя палёты над горадам з прызямленнямі ў самых нечаканых месцах ад варятні да падвокання кух ні адной здрадлівай знаёмай.

Чаму грак, а не якісь там бусел? Мо таму, што тады не трэба будзе адлятаць на зіму, а ты адчуваеш, што з гадамі можаш зрабіцца лайдакаватым і цяжкім на падём персанажам, які лічыць, што, маючы розум, са свайго вакна можна ўбачыць болей, чым абехаўшы цэлы свет?

Але вось галоўная праблема: ці будзеш ты ў іпастасі грака памятаць, што ты гэта ты? А калі не, калі не будзе прынцыповай розніцы паміж табой у новай цялеснай «апранасе» і табой, хворым, крый Божа, на хваробу Альцгеймера, пры якой чалавек страчвае сваю памяць, а значыць і сваё «я», калі так, дык ці не ўсё адно, вернешся ты або не, а калі і вернешся, то хіба істотна у чыім абліччы: халаднакроўнай вужакі, перапоўненага каханнем марцовага ката, балотнай пявіцы або блакітнага матылька аднадзёнка? Не, мабыць, кот усё ж мае перавагі перад вужакай. Але ты рызыкуеш апынуцца ў зачараваным коле, бо мяркуеш пра свае новыя верагодныя ўвасабленні выключна з чалавечага гледзішча. А дзе, скажы, гарантыя, што ў момант свайго смяротнага ўкусу вужака не перажывае асалоды і шчасця, стакроць мацнейшых і шматстайнейшых за твае адчуванні пры самым фантастычным аргазме?

Дарэчы, пра аргазм. З якой прычыны табе ў гэты момант зазвычай прагнецца хоць на імгненне стаць жанчынаю, каб даведацца, што адчувае таямнічая істота, з якой ты дзеліш ложак? Можа, ніякай мексіканскай танцоркі напраўду ніколі не існавала, бо ў адваротным выпадку ты ну хоць нешта, нейкае каліва, але мусіў бы памятаць. Нельга ж пагадзіцца, што тая белазубая смуглявачка з пышным бюстам і ўсім астатнім сваім тваім жаночым багаццем служыла эталонам фрыгіднасці і за свае пяцьдзесят тры (як паказалі эзатэрычныя табліцы) вірлівыя гады так нічога і не адчула.

Адзінае, на што ты катэгарычна не пагаджаешся вярнуцца раслінаю. Ты згодны з філосафамі: любая, няхай сабе найпрыгажэйшая кветка ўсё адно асуджаная на сляпое, паўсоннае, прыкутае да зямлі існаванне. А вось непрыкметны камарык насаты тварык свабодны: звоніць у свой невідочны званочак, вырабляе складаныя піруэты ў сонечным промні, сам вызначае сабе шлях і выбірае ахвяру. Жывёла мае выбар, і ў гэтым сэнсе нябачная воку інфузорыя, якая займае сабой нейкую тысячную долю кроплі, сапраўды незалежная ад усяго астатняга Сусвету, а велічэзны клён, на галінцы якога яна вісіць,  несвабодны. Вырасці клёнам, каб нейкі апівуда пускаў на цябе свой пенлівы струмень і яму нельга было даць выспятка, ты не згодны. Няхай ужо тады будзе мікракосм інфузорыі (Цікава, колькі інфузорыяў затаілася ў сусвеце тваёй біклажкі?)

Блукаючы ад клеткі да клеткі, ад глытка да глытка і ад рэфлексіі да рэфлексіі, ты настолькі заблытваешся ў іхнім багавінні, што ледзьве не прапускаеш падзеі, якая нядаўна крыху ўзбунтавала ціхамірную плынь аднастайных тутэйшых дзён, напоўніўшы сэрцы жыхароў і наведнікаў звярынымі і чалавечымі пачуццямі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3