Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Ордэн Белай Мышы (зборнік) стр 18.

Шрифт
Фон

Аднак вось што архіважна: ці спіць з табою твая мядзведзіца, а як спіць, то колькі прыкладна разоў вы прачынаецеся, каб за кошт запасных калорыяў аддацца любові і зноў, пяшчотна абняўшыся, адчаліць у спакойнае мора мядовага сну, дзе цябе чакаюць зялёныя выспы, густа населеныя разнастайнай спажыўнай фаўнай і нечаканымі прыгодамі.

Дык усё ж ці спіць разам з табою твая бурая, з белаю плямкай на грудзях сяброўка?

Зразумела, чаму глуха маўчаць пра гэта энцыклапедычныя даведнікі савецкага часу, калі сексу не было ні ў гарадах і вёсках, ні ў неабсяжных палях і лясах тваёй шчаслівай радзімы. Але ж неяк ты зазірнуў у энцыклапедыю часоў незалежнасці і высветліў, што там праблема па-ранейшаму пакідаецца за кадрам. Калі твая мядзведзіца і сапраўды ўзімку смокча лапу асобна яўны непарадак, і ты яшчэ падумаеш. Вядома, ад устрымання яшчэ ніхто не памёр, але ніхто і не нарадзіўся

Ты ўздрыгваеш, адчуўшы на плячы нечую цяжкую руку або лапу. Не, гэта не гаспадар вальеры, а ўсяго толькі працаўнік звярынца дзяцюк з круглымі шчокамі ды яшчэ не зусім шызым носам (фізіягноміка падказвае, што наступнага разу ён можа нарадзіцца хамяком).

Звярынец зачыняецца? Тады ў цябе адна невялікая просьба: вось грошы, няхай белыя мядзведзі зядуць заўтра лішнія дзесяць кілаграмаў добрага мяснога філе, толькі скажыце, калі будзе кармленне, каб прыйсці парадавацца разам з імі.

І апошняе: чаму пустуе клетка бурых мядзведзяў? Былі на кіназдымках? Чаму былі?

Верагодны хамяк напружана маўчыць. Здаецца, яшчэ крыху, і будзе чуваць, як у ягонай галаве варушацца думкі. Нарэшце ён збянтэжана мармыча пра няшчасны выпадак з рэжысёрам. Толькі рэжысёрам. Значыцца, аператара чатырохлапыя акторы пакінулі, каб той мог зняць фінальныя кадры жыцця свайго калегі?.. Лагічна.

Аднак табе ўжо бракуе часу ацаніць атрыманыя наастачу ўсцешлівыя звесткі. З няўхільнасцю навальнічнае хмары насоўваецца хвіля, якой ты чакаў і баяўся.

Трымаючы ў руцэ біклажку з пакінутым глытком, ты падыходзіш да тоўстых жалезных прэнтаў мядзведжае вальеры, і тваё сэрца падае ў глыбокую студню. Але не ад страху: стары белы мядзведзь падымаецца і, з годнасцю пацягнуўшыся, таксама ідзе да агароджы. Дзве спелыя чарнаслівіны знаходзяць твой замглёны блакітнай слязінаю позірк, і час спыняецца.

Бывай, стары бялун! Самае лепшае, што твой маўклівы суразмоўца мог бы зрабіць зараз для цябе пералезці цераз загародку, каб ты з сямёю яго зеў. Магчыма, калі-небудзь так і станецца, але пакуль у яго, уладальніка шэрай кепуркі і бліскучай біклажкі, яшчэ ёсць колькі справаў, што вымагаюць чалавечае іпастасі. І калі гэта не плён запаленай фантазіі, калі ў мінулым жыцці ты сапраўды вучыўся ў БДУ імя Леніна, ведай: гэты белы чалавек ніколі не забудзе ні смаку «Портвейна розового крепкого» праз саломінку, ні Машы, якая, пасля тваёй гераічнай смерці ў баі з афрыканскімі мааістамі, атрымала вольную, ні таго, што Мбамба быў добрым сынам і ніколі, нават пасля трэцяй пляшкі, не гуляў, як легкадумныя белыя аднакурснікі, у карты на штаны, бо трымаў у памяці запавет бацькі, героя барацьбы супроць каланізатараў і аматара вострых прыправаў, толькі штаны адрозніваюць адукаванага чалавека ад дзікуна

Жалезная брама звярынца з мілагучным рыпеннем зачыняецца за табой. Ты адчуваеш, што хочаш сказаць сваім двухногім братам-людзям нешта важнае. Ты хочаш сказаць ім, каб заўсёды памяталі: выходзячы са звярынца, радуйцеся, што можаце вярнуцца сюды не толькі наведнікамі.

2002

Полацкія апавяданні

Малекула

Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак і пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцівасць паўтарацца, але ў маёй гісторыі не будзе ні цяжкіх чорных грыфаў, ні тугога партманета, ні ветлівай кастыльскай формулы адмаўлення «Dіsреnsе Ustеd роr Dіоs»* (Бог падасць (гішп.), а Маэм узгадаецца толькі таму, што працягнутая рука жабрачкі з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копіяй намаляванай ангельскім калегам кіпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пісьменніка.

Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскім Крыжа-ўзвіжанскім саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3