Валянцін Васільевіч Акудовіч - Кніга пра Нішто (зборнік) стр 3.

Шрифт
Фон

Аднак папярэдняе вымагае ўдакладнення: хаця татэмны чалавек меў адно часовае вымярэнне (ёсць), ён заставаўся вылучна чыннікам прасторы, бо ёсць у адсутнасці апазыцыі было і будзе хавалася ўтоеным ад чалавека і не апазнавалася з самога сябе як тое, што маецца ў наяўным часе (мае ўласны час). Міфалагічны чалавек, намацаўшы было, разам крануў утоенае ёсць і гэтым унаявіў для сябе час як новую форму рэальнасці. Але зноў жа ўдакладнім час, які міфалагічны чалавек дадаў да татэмнай прасторы, выглядаў яшчэ не як уласна час, а як панятак паўторнасці і, тым самым, множнасці таго, што адбываецца ў прасторы рэальнасці. З гэтага і пэўны прастора-часавы сінкрэтызм міфалагічнага чалавека, які пераадолеецца адно са зяўленнем Тэксту, што раскладзе змест прысутнасці чалавека ў быцці на дзве разлогі: час і прастору.

Эра тэксту

Міф ведаў час як прасторава-паслядоўную множнасць адной тойсамай падзеі Тэкст пераняў у Міфа сюжэт множнасці, але пераніцаваў яго ў множнасць бясконца розных падзеяў, якія апазнаюцца не адно ў наяўнасці ёсць-цяпер, але і рэтраспектыўна, у наяўнасці былі да таго, як сталася ёсць.

Тэкст, зафіксаваўшы прастору было, вылучыў ідэю часу як а-рэальную і ў сваёй а-рэальнасці цалкам самадастатковую праекцыю быцця існага, з чаго на месцы статычнай а-рэальнасці Міфу паўстала дынамічная а-рэальнасць Часу, і гэтая перамена дазволіла павялічыць абём быцця да той меры, якая ўжо змясціла ў сабе і адзінкавае вымярэнне персаналізаванага чалавека.

Тэкст прарадзіма персанальнага чалавека. Тэкст апазнаў я-чалавека ў існым, вылучыў яго адтуль і знайшоў яму месца ў прасторы а-рэальнасці і тым самым пазначыў яго каардынаты і ў рэальнай прасторы. Праўда, напачатку эры Тэксту чалавек быў яшчэ больш падобны да героя міфу, аднак пакрысе ён усё болей таясаміўся з падзеямі ўласнага лёсу, хаця, заўважым, адно ў той меры, якая была закладзена ў выяўленчыя магчымасці Тэксту. (Апошняе досыць істотна, бо сучасны чалавек ёсць такім, якім ён ёсць, не таму, што ён насампраўдзе, па «адпрыроднай задуме» менавіта такі, а таму, што ў патэнцыяле Тэксту была менавіта такая магчымасць фармавання чалавека.)

Здольнасць Тэксту вымыкаць я-чалавека з наяўнага рэальнага ў а-рэальнае найперш праявілася інфарматыўна. Вось чаму першапачаткова чалавек Тэксту гэта чалавек сваёй біяграфіі.

Біяграфія я-чалавека як фактаграфія ягоных дзеяў, патрапіўшы ў сіло Тэксту, пачала мацаваць было ў ёсць, з чаго было паўстала ў новай якасці было як ёсць цяпер, што і прадвызначыла феномен рэфлексіі: спачатку спробу вытлумачыць факт падвоенай наяўнасці быцця чалавека (адно быццё ў ёсць, другое у было), да чаго пакрысе дадалося і жаданне звесці нічым не ўтаймаваны вэрхал адзінкавых біяграфічных падзеяў у нейкі агульны сэнс, у пэўную ідэалогію, у апрычоную дэтэрмінацыю ўсяго з усім.

Міф не ведаў рэфлексіі, міфалагічны чалавек адно фіксаваў наяўнае ў вобразна-метафарычных малюнках, што паходзілі з яго ўяўлення аб наяўным існым. У пэўным сэнсе міфалагічны чалавек яшчэ не мысліў, а толькі бачыў і пераказваў бачанае намінатыўным ці метафарычным словам. Спрашчаючы, міфалагічнага чалавека можна параўнаць з люстэркам, якое люструе карціну, сфакусаваную ў міфалагеме свету. Ён, як люстэрка, яшчэ ні на чым не акцэнтуе ўвагу, нічога не вылучае, не дадае, не адымае, тым болей не асэнсоўвае, не тлумачыць. Каб апошняе сталася магчымым, трэба было, каб сфармавалася тэхналагічна інакш арганізаваная роўніца люстравання быцця. Такой інакш арганізаванай роўніцай і стаўся Тэкст, які мог вымыкаць з ёсць ці было тыя альбо іншыя актуаліі, гуртаваць іх і замацоўваць у якасці стала прысутных. З чаго паступова, праз механізм параўнання трывала прысутных знакаў актуальнасці, сталася магчымай аналітыка як самога наяўнага, так і ўяўленняў чалавека пра гэтае наяўнае. Тэкст дадаў да зместу чалавечага бытнавання два найістотныя моманты: час як час і мысленне як мысленне,  і гэтым завершыў распачатае Міфам стварэнне чалавека як каланізатара быцця.

Тэкст канчаткова падзяляў быццё чалавека на прысутнасць у быцці і рэфлексію над быццём, на наяўнае і намысленае; на рэальнае як змест таго, што было і ёсць і а-рэальнае як змест рэфлексіяў над тым, што было і ёсць, у тым ліку і рэфлексіяй над усімі папярэднімі і самымі апошнімі рэфлексіямі. І яшчэ: Тэкст пачаў намацваць тэарэтычныя падставы для пашырэння ўласна часавай прасторы а-рэальнасці ў наступную праекцыю у будзе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора