Што ёсць чалавек? вычэрпваецца значэннем тоеснасці чалавека свайму тут-быццю.
Хто ёсць чалавек? адно пачынаецца за гэтай тоеснасцю і атаясамляецца ўжо не ўласна з тут-быццём чалавека, а з самой наканаванасцю быць.
Пытанне пра хто гэта, урэшце, пытанне дзеля аднаго адказу: чалавек жыве таму, што зяўляецца жыць, ці ён зяўляецца жыць таму, што яму гэта было наканавана.
Кім, чым, адкуль, навошта наканавана гэта не істотна да той пары, пакуль застаецца не апазнаным: наканавана альбо не?!
Зрэшты, у такім няпэўным стане сітуацыю можна было б пакінуць і надалей, каб у подзе здумлення хто ён, чалавек, не вярэдзіла ўласнатужлівае: хто ён, я?
Калі я, персаніфікуючы праблему хто ён, чалавек, пытаюся ў сябе: хто ён, я, дык у адказ не чую нават рэха. Пытанне душыць само сябе моўчай З кожным наступным запытаннем моўча робіцца ўсё больш зацятай і з яе глыбіні падымаецца агрэсіўнасць.
Калі пытацца доўга не стае чым дыхаць.
Я ведаю, каб было чым дыхаць, не трэба лішне пытацца.
Эры татэму і міфу
На пачатку было, што было. І нават слова не вылучала чалавека з татальнай абектнасці ў адмысловы абект, прынамсі, на пачатку. Гэты чалавек быў роўны і родны каменю, дрэву, рыбе, зверу, птушцы Сваю роднасць ды роўнасць з імі ён падкрэсліваў тым, што выбіраў сярод іх сабе «татэм» як уласную родавую адзнаку. Карацей, ён быў тоесны ўсяму, што было, і з гэтага яго не было як яго. Вольны ад самога сябе, татэмны чалавек жыў, як жыў, як жывуць вольнымі ад саміх сябе камень, дрэва, звер, птушка
Аднак пры ўсёй аднолькавасці з усім існым, татэмны чалавек меў тое, чаго не было ні ў кога яшчэ здольнасць вербальна артыкуляваць наяўнае і з гэтага пазначаць і апазнаваць наяўнасць наяўнага як рэальнасць самога сябе. І хаця, фармалізуючы праз словы неба, сонца, вецер, дрэвы ды камяні, блізкі да першароду чалавек не надаваў гэтай сваёй здольнасці асаблівага значэння, але яна патроху вылучыла яго з татальнай абектнасці ў апрычоны абект, адрозны ад усёй астатняй прыроды.
Апазнаўшы і фармалізаваўшы ў слове наяўнае існае, чалавек праз механізм рытуалу (фігуратыўнага ды моўнага) пакрысе ўпарадкаваў архіў словаў, які затым вызнаўся як Міф.
Міф адмыслова каталагізаваны архіў словаў як буйнамаштабная мапа тагачаснага быцця і разам з тым займеннік тады ўтоенага ад ведання часу.
Спакваля запанаваўшы, Міф патроху перайначыў татэмнага чалавека ў чалавека міфалагічнага, гэта значыць такога, які ўжо перастаў быць уцялесненым непасрэдна ў цела існага, бо паміж ім ды існым паўстаў намыслены вобраз свету як уводзіны ў а-рэальную[1] перспектыву рэальнага бытавання і тым самым адасобіў чалавека ад усяго астатняга існага.
У міфалагічную эру адлюстраванні існага ў а-рэальнасці набылі пэўную структуру і нават сваю архітэктоніку. Міфалагемы той пары (Сусветнае Дрэва і да таго падобныя) іерархізавалі касмалогію бытнавання, аднак у гэтай іерархіі я-чалавеку пакуль не знайшлося асобнага, тым болей адметнага месца. Сусвет Міфу быў касмічна шырокі, але паколькі ўся яго ўніверсальная разлога апынулася заціснутай у адну нерухомую праекцыю міфалагічнай мапы сусвету, дык там нічога, акрамя статычна зафіксаваных метафараў, не змяшчалася. Да таго ж персаналізаваны чалавек тады і не мог ушчыміцца ў канфігурацыю Міфу, паколькі семіятычных магчымасцяў рытуалу і вербальнай артыкуляцыі, якімі ён валодаў, хапала адно на фіксацыю і рэтрансляцыю найбольш заўважных знакаў быцця (да апошніх я-чалавек сябе пакуль не залічваў). У такой сітуацыі я-чалавеку нічога не заставалася, як адно атаясамляць сябе з універсальным агульным і, наадварот, тоесніць універсальнае агульнае з самім сабой, пры гэтым ніяк не прэзентуючы самога сябе
Вымкнуты Міфам з магмы вітальнасці, я-чалавек усяго толькі выконваў у целе Міфу справу ферменту, якім гэтае цела ініцыявала працэсы свайго росту. Але, разам з тым, менавіта з гэтай прыкладной функцыі і пачалася гісторыя чалавека як нечага, што ёсць не толькі як ёсць, а ёсць як павінна быць, бо ўжо было раней, чаму сведчаннем Міф пра гэтае было.
Татэмны чалавек не ведаў іншых праекцыяў часу акрамя су-часнасці, ён увесь адбываўся ў кантынууме ёсць. Міф сфармаваў у прасторы а-рэальнасці было як дадатковую да ёсць форму рэальнасці і тым самым шматкроць павялічыў прастору бытнавання я-чалавека.
Аднак папярэдняе вымагае ўдакладнення: хаця татэмны чалавек меў адно часовае вымярэнне (ёсць), ён заставаўся вылучна чыннікам прасторы, бо ёсць у адсутнасці апазыцыі было і будзе хавалася ўтоеным ад чалавека і не апазнавалася з самога сябе як тое, што маецца ў наяўным часе (мае ўласны час). Міфалагічны чалавек, намацаўшы было, разам крануў утоенае ёсць і гэтым унаявіў для сябе час як новую форму рэальнасці. Але зноў жа ўдакладнім час, які міфалагічны чалавек дадаў да татэмнай прасторы, выглядаў яшчэ не як уласна час, а як панятак паўторнасці і, тым самым, множнасці таго, што адбываецца ў прасторы рэальнасці. З гэтага і пэўны прастора-часавы сінкрэтызм міфалагічнага чалавека, які пераадолеецца адно са зяўленнем Тэксту, што раскладзе змест прысутнасці чалавека ў быцці на дзве разлогі: час і прастору.