Даволі смела дзяліцца з незнаёмымі людзьмі сваімі сентэнцыямі, парыравала яна.
Мяркую, што для таго я маю некаторыя падставы, бо мы, відаць, усе трое цёзкі, дзёрзка абвясціў малады чалавек і звярнуўся цяпер да татухны: Андрэй Вікенцьевіч Падгорскі.
Які ж вы ў такім выпадку цёзка?
Маё поўнае імя Андрэй Тадэвуш Банавентура, таксама названы ў гонар героя, праўда, я аддаю перавагу ўсё ж першаму імені. Мне думаецца, яно пазбаўлена непатрэбнага кансерватызму.
Пракшын, Канстанцін Мікалаевіч, заспяшаўся прадставіцца татухна, пакуль яго дачка не адхіліла маладога чалавека, які падаўся пану Пракшыну, нааадварот, вельмі прыемным. А гэта мая дачка, Яўгенія. З нашым гадаванцам вы ўжо знаёмыя. Ці магу я вас запрасіць далучыцца да нас у знак выбачэння за дзёрзкасць маіх сямейнікаў?
Баюся, я не змагу прыняць вашых выбачэнняў з прычыны, што ні ў якім разе не лічу сябе абражаным. Аднак запрашэннем скарыстаюся з вялікай радасцю, адказаў новызнаёмец.
Яўгенія Канстанцінаўна з незадавальненнем заўважыла ў татухнавых вачах жывы інтарэс да незвычайнага суразмоўцы і вырашыла зноўку паглыбіцца ў свае запісы. Зрэшты, некалькі разоў цішком яна ўсё ж на яго зірнула, выключна каб скласці канкрэтнае меркаванне.
Не-не, вядома ж, ён таксама быў не Тым, і нават не мог прэтэндаваць на гэтае званне. Ды і ўвогуле, як ёй магло прыйсці да галавы меркаваць аб ім у гэтакім сэнсе? Яўгенія Канстанцінаўна страсянула галавой і ўтаропілася ў акно, дзелавіта папіваючы кофей, які прыйшоўся як ніколі дарэчы. Бясспрэчна, ёй варта было б адшукаць якія-небудзь непрыемныя рысы. Вось узяць хаця б гэты нахабны позірк ну трэба ж, зусім не саромеецца час ад часу паглядваць на панну Пракшыну, быццам бы апелюючы ў яе бок. Яўгенія Канстанцінаўна дазволіла сабе накіраваць у адказ не менш пільны і ацэньвальны пагляд, аднак пан Падгорскі зноўку не разгубіўся, толькі ветліва ўсміхнуўся, нягоднік.
Яшчэ ён насіў пышныя русявыя вусы, якімі, відаць, да ўсяго іншага парадкам ганарыўся. Трэ адзначыць, што яны і сапраўды былі яму да твару, аднак жа ён занадта часта іх падкручваў, што выдавала ў пане Падгорскім тыпа самазадаволенага і празмерна ўпэўненага ў сабе. Ужо надта дзёрзкі, чым толькі татухну счараваў? Ды і ўвогуле, панне Пракшыной заўжды падабаліся брунэты, скарыць яе выгаралым на сонцы чубам было цалкам немагчыма.
А Канстанцін Мікалаевіч, наадварот, быў надзвычай захоплены размовай. Яно і зразумела: новы знаёмец таксама аказаўся the man of business. Сфера яго інтарэсаў палягала ў цукровай вытворчасці, аднак татухну гэта падалося вельмі займальным. Настолькі, што, выпіўшы некалькі філіжанак кофею, ён запрасіў пана Падгорскага працягнуць гутарку ў іх вагоне. Яўгенія Канстанцінаўна вырашыла не даваць ажыццявіцца гэтым намерам і нагадала, што ў іх другім класе на рэдкасць нязручна ды зацесна, на што татухна палічыў неабходным патлумачыць спадарожніку, што другім класам яны едуць зусім не з-за абмежаваных акалічнасцяў, а праз reasons of economy[24], бо падарожнічаць ім не болей за тры гадзіны, навошта ж неапраўданы шык?
Як разумна! не прамінуў выказаць захапленне Андрэй Вікенцьевіч, канчаткова сапсаваўшы ўражанне ў вачах панны Пракшыной. Прызнацца, я б і сам узяў другі клас, падарожнічай я адзін, але што зробіш, даводзіцца ісці на дадатковыя выдаткі
«З кім гэта ён падарожнічае?» раптам падумалася Яўгеніі Канстанцінаўне, але яна адагнала ад сябе залішнюю цікаўнасць і, падняўшы кошык з Тэдзі, рушыла следам за татухнам.
Дазволіце? не дачакаўшыся ўхвалення, пан Падгорскі адразу ж адняў у яе кошык і прапусціў наперад.
Тэдзі не любіць быць у чужых руках, зедліва заўважыла яна.
Я думаю, мы з ім зладзім, па-змоўніцку падміргнуўшы ў кошык, адказаў Андрэй Вікенцьевіч.
«Невыносны чалавек», пастанавіла панна Пракшына, але ўпарціцца з-за такой дробязі не стала, разам з тым са здзіўленнем адзначыўшы, што, аказваецца, Андрэй Вікенцьевіч, хаця спачатку і не падаўся ёй занадта высокім, амаль на галаву вышэйшы за яе. Ростам нашая дзявіца пайшла ў татухну і, стоячы і на невялікіх абцасіках, звычайна высілася з Канстанцінам Мікалаевічам ледзь не ўпоравень. Цяпер Яўгенія Канстанцінаўна са шкадаваннем разважала, што не можа пры пэўным выпадку спапяліць пагардлівым позіркам зверху ўніз надакучлівага, па яе меркаванні, новага знаёмца, каторы вось і зараз не адчэпліваўся з нейкімі роспытамі пра Тэдзі і любоўю да сабак увогуле. Але тут яны апынуліся ў калідоры, дзе на іх знянацку наляцелі знаёмцы старыя, а дакладней учарашні пыкала разам з кампаніяй сябрукоў. Рука яго і праўда была перавязаная, ну а ўжо аблічча пры зяўленні панны Пракшыной выявіла шчырую буру эмоцый. Аднак пакуль яна нават і прыдумаць не паспела, які ж выраз надаць уласнаму твару з нагоды нечаканай сустрэчы, Андрэй Вікенцьевіч, нават не зважаючы на купку маладых людзей, адцёр іх ад сваёй спадарожніцы і праводзіў следам за татухнам, які ўжо чакаў іх наперадзе.