Вы нават ведаеце, дзе гэта?..
Ну так Мы жывём у Пецярбурзе, я на службе там па ваеннай лініі.
Генрых фон Люцыус яшчэ доўга выказваў сваё здзіўленне нечаканай сустрэчай, пасля чаго прапанаваў сваю кампанію ў падарожжы да Парыжа, балазе ў яго таксама заканчваўся санаторны тэрмін.
Першы прыпынак зробім, натуральна, у Вене. Затым праз Зальцбург у Люцэрн. Рэкамендую чыгункай дабрацца да цудоўнейшай гары Пілатус Перакананы, што чалавеку з такім прозвішчам Берггара гэта будзе цікава! Паплаваем па тамтэйшым возеры, а адтуль у горна-альпійскі Андэрмат! Я пакажу вам знакаміты Чортаў мост, які пасля перавала Сен-Гатард з баямі пераадольваў ваш Сувораў! Затым паўз каскады бурлівай Роны конна дабярэмся да чыгункі і наперад да казачнага Мантро на Жэнеўскім возеры! І праз Понтарлье у Парыж! Згодны? Толькі не кажыце, што не зможаце
Ну хто ж ад такога адмовіцца?!
І ўсё было найвыдатна. Праўда, апошнія суткі дарогі па Францыі даліся цяжка: вагон адчайна хістала (напэўна, спазняліся), і ноччу не спалася
Я думаў, што буду нудзіцца ў самоце, а тут лёс падараваў мне радасць сумеснага падарожжа ў вашай прыемнай кампаніі! фон Люцыус пры развітанні быў нястомна галантны і мілы.
Яго дойч здаваўся мяккім і напеўным, амаль родным.
Жадаю вам прыемных дзён у Парыжы. Ну і, спадзяюся, не адмовіце мне яшчэ ў адной сустрэчы. Хачу пазнаёміць вас са сваёй палавінкай. На жаль, у Клары ўжо закончыліся гастролі, на спектакль запрасіць не магу. Але ведаю някепскі рэстаран «Viktoіrе», каля Марсавага поля, насупраць Енскага моста. Рахунак прашу дазволіць аплаціць мне. Да сустрэчы а сёмай вечара заўтра
І вось яны Люцыусы і Бергі за шыкоўным сталом з па-французску вытанчанай вячэрай. З пянлівым віном і нядаўнімі ўспамінамі.
Клара, ты не паверыш! ажыўлена жэстыкуляваў Генрых.
На яго высокі лоб спадаў залацісты чуб, які нашчадак тэўтонцаў мусіў раз-пораз укладваць за вуха.
На зальцбрунскім курорце я паспытаў «татарскі біфштэкс»! Гэта штосьці Мы доўга хадзілі па ўзгорі і страшэнна прагаладаліся. Папрасілі ў бліжэйшай сталоўцы чаго-небудзь гарачага, грунтоўнага. А там толькі лёгкія халодныя закускі І тады мой сябар Віктар настойвае на мясной порцыі. Нам і прапанавалі той біфштэкс. Ты ж ведаеш, Клара, як я люблю біфштэкс, таму ахвотна пагадзіўся. А нам падалі накрышанае сырое мяса ў анчоўсах з сырой цыбуляй! Аднак з якім імпэтам мы яго знішчылі ты б бачыла!..
Сябрына смяялася. Генрых узнімаў келіх, смачна выпіваў і няспешна закусваў, моцныя жаўлакі абуджаліся на прадаўгаватых сківіцах.
Віктар як сапраўдны палкоўнік прапанаваў тост за прысутных дам. Выпіў, задаволена прысеў і паправіў на манжэтах срэбныя зáпінкі, здавалася, што яны нязграбна чапляліся за канты рукавоў пінжака (аніяк не мог прывыкнуць да цывільнай вопраткі). У гэты момант пад бляскам пенснэ ў ягоных зрэнках закіпаў шакалад.
Але вы, гер Генрых, пасля зальцбрунскага «татарскага біфштэкса» напоўніцу адыграліся ў Зальцбургу, Берг ахвотна працягнуў недалёкія ўспаміны.
Зальцбург
Памятаеце прапанаванае вамі венгерскае віно?! Такі душэўны рэстаран, як простая забягалаўка, дзе нават на сталах не было сурвэтак? Я замовіў тады нам два па паўлітра, аднак кельнер прапанаваў спачатку толькі па чацвярціне І гэтага хапіла, каб звязаць нам ногі! Мы яшчэ з гадзіну не маглі адарвацца ад лаваў
А мне здавалася, Генрых, што ты збіраўся па дарозе да мяне падлячыць страўнік, а не дабіваць сваю печань, падтрымала размову чароўная Клара, і ўсе бадзёра засмяяліся
Развітваліся запозна з настойлівай прапановай Бергаў сустрэцца ў Пецярбургу, ужо на іхняй кватэры.
Адмова будзе прыроўнена да абвяшчэння вайны! катэгарычна ўзняў указальны палец Берг, і пад яго чорнымі вейкамі і брывамі ўспыхнулі гарэзныя іскаркі. А насамрэч выдатна, што нашыя краіны хаўруснікі. Гэта, я вам скажу, не Англія якая ён пракаўтнуў недагаворанасць і прапанаваў «аглаблёвы» тост за дружбу сваіх народаў ды імператараў.
Да брытанцаў палкоўнік Берг таксама не меў асаблівай антыпатыі. Англія згадалася падсвядома: ён адно ведаў, што яшчэ з вясны адносіны з ёй праз уплыў на радовішчы Каспійскага мора абвастрыліся, і тое падштурхнула Генштаб да ідэі стварэння асобнага Закаспійскага корпуса, «Палажэнне аб кіраванні і каштарысе» якога перад адпачынкам і распрацоўваў начальнік аддзела Канцылярыі Ваеннага міністэрства палкоўнік Берг.