Айзек Азимов - Выродливы хлапчук (на белорусском языке) стр 9.

Шрифт
Фон

Але рука дзiцяцi нясмела каўзанулася ў яе далонь, i праз нейкi час ёй усё-такi ўдалося задрамаць.

* * *

Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка i з цяжкасцю стрымала крык жаху, якi ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымi вачымi ёй проста ў вочы, i ёй спатрэбiлася даволi шмат часу, каб успомнiць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволi, не адводзячы ад яго позiрку, яна спусцiла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.

Кiнуўшы iмклiвы спалоханы позiрк угору, яна напружыла мускулы на апошнi рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.

Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваiмi падобнымi на цурбалкi пальцамi i штосьцi сказаў.

Гэты дотык прымусiў яе адхiснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агiдны.

Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокi рот, рухам рукi спрабаваў паказаць, быццам штосьцi вылiваецца ў яго з рота.

Мiс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, i раптам усхвалявана ўсклiкнула:

- Ты хочаш, каб я спявала?

Хлопчык маўклiва працягваў глядзець на яе вусны.

Крыху фальшывячы ад натугi, мiс Фэлоўз пачала тую самую песеньку, што спявала яму напярэдаднi ноччу, i маленькая пачвара ўсмiхнулася, нязграбна гойдаючыся ў такт спеву. Чулася нейкае бульканне, якое можна было палiчыць за смех.

Мiс Фэлоўз неўпрыкмет уздыхнула. Так, правiльна кажуць, што музыка ўцiхамiрвае сэрца дзiкуна. Яна можа дапамагчы...

- Пачакай крыху, - сказала яна, - дай мне прывесцi сябе ў парадак, гэта зойме не больш хвiлiны. А потым я згатую снеданне.

Нi на секунду не забываючыся, што столi тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелi, уважлiва сачыў за ёй, калi яна трапляла яму на вочы. I кожны раз яна ўсмiхалася i махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, i гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.

- Ты хочаш малочнай аўсянкi? - спыталася яна, скончыўшы свае справы.

Згатаваць кашу было справаю некалькiх секунд, i калi ежа была на стале, яна паклiкала яго рукой.

Невядома, цi ён зразумеў значэнне яе жэста, цi яго завабiў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелi.

Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхiснуўся. ("Нiчога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу", - падумала яна.) Аднак яна ўсё-такi дамаглася таго, што ён рукамi паднёс мiску да рота. Ён паслухаўся, але рабiў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохi i з'еў.

Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, i хлапчук, заўважыўшы, што пасудзiна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку i, прыцiснуўшы яго пальцы да шклянкi, прымусiла яго падняць шклянку да рота.

Зноў усё было аблiта i запэцкана, але, як i першы раз, малако ўсё-такi трапiла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла i не да такога.

На яе здзiўленне, асвоiць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмi яе задаволiла. На гэты раз ён даволi хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавiла сябе на тым, што гладзiць яго па галаве i прымаўляе:

- Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!

I дзiця ўсмiхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. "Калi ўсмiхаецца, ён, сапраўды, зусiм нiштаваты", - падумала яна.

У той жа дзень папрыязджалi прадстаўнiкi прэсы. Пакуль яны прыладжвалi сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукi, i ён моцна прытулiўся да яе. Сумятня напужала яго, i ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвiлiн, пакуль ёй дазволiлi вынесцi дзiця ў суседнi пакой.

Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, i першы раз за васемнаццаць гадзiн выйшла з домiка, шчыльна зачынiўшы за сабою дзверы.

- Я думаю, што на сёння вам хопiць. Цяпер мне богведама колькi спатрэбiцца часу, каб яго супакоiць. Iдзiце.

- Добра, добра, - сказаў джэнтльмен з "Таймс-Геральд".

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке