Айзек Азимов - Выродливы хлапчук (на белорусском языке) стр 10.

Шрифт
Фон

- А гэта сапраўды неандэрталец цi тут якое-небудзь жульнiцтва?

- Запэўнiваю вас, што гэта не мiстыфiкацыя, - пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскiнса. - Дзiця - сапраўды Homo neanderthalis.

- Гэта хлопчык цi дзяўчынка?

- Гэта хлопчык-малпа, - умяшаўся джэнтльмен з "Ньюс". - Нам паказваюць не што iншае, як хлопчыка-малпу. Як ён сябе паводзiць, сястра?

- Ён паводзiць сябе гэтаксама, як i любы iншы маленькi хлопчык, - адрэзала мiс Фэлоўз. Злосць прымусiла яе стаць на абарону дзiцяцi. - I зусiм ён не хлопчык-малпа. Яго завуць... Цiмацi, Цiмi, i ён абсалютна нармальны ў сваiх дзеяннях.

Iмя Цiмацi было выбрана ёю зусiм выпадкова - яно проста першае прыйшло ёй у галаву...

- Цiмi - хлопчык-малпа, - рэкнуў джэнтльмен з "Ньюс", i менавiта з гэтай мянушкай дзiця стала потым вядомае ўсяму свету.

- Скажыце, док, што вы думаеце рабiць з гэтаю малпаю? - спытаўся ў Хоскiнса джэнтльмен з "Глоба".

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

- Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлiвасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лiчу, што ён зацiкавiць антраполагаў i фiзiёлагаў. Перад намi ж iстота, якая па сваiм развiццi стаiць памiж жывёлаю i чалавекам. Нам даецца мажлiвасць даведацца пра многае i ў нас самiх i ў нашых продках.

- Як доўга намераны вы трымаць яго тут?

- Колькi нам спатрэбiцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкi перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбiцца шмат часу.

- Вы не маглi б вывесцi яго з дому? Тады б нам удалося паставiць тэлевiзiйную апаратуру i зляпаць сапраўднае вiдовiшча.

- Вельмi шкадую, але дзiця не можа пакiнуць межаў Стасiса.

- А што такое Стасiс?

- Баюся, джэнтльмены, што тлумачэнне зойме занадта шмат часу. - Хоскiнс дазволiў сабе ўсмiхнуцца. - А коратка сутнасць справы ў тым, што час, якiм уяўляем яго сабе мы, у Стасiсе не iснуе. Гэтыя пакоi нiбы накрытыя нябачнай абалонкай i не з'яўляюцца ў поўным сэнсе часткаю нашага свету. Менавiта дзякуючы гэтаму i ўдалося, так сказаць, выцягнуць дзiця з плынi часу.

- Пачакайце, - перабiў джэнтльмен з "Ньюс", якога вiдочна не задаволiла тлумачэнне Хоскiнса, - што гэта вы тут балбочаце? Сястра ж свабодна ўваходзiць i выходзiць з памяшкання.

- Гэта можа зрабiць кожны з вас, - паблажлiва адказаў Хоскiнс. - Вы будзеце рухацца паралельна часавым сiлавым лiнiям, i гэта не выклiча якой-небудзь значнай страты альбо прытоку энергii. Дзiця ж дастаўлена сюды з далёкага мiнулага. Яго рух адбываўся ўпоперак сiлавых лiнiй, i яно набыло часавы патэнцыял. Каб перамясцiць яго ў наш свет, у наш час, спатрэбiцца выдаткаваць усю энергiю, якую назапасiла наша акцыянерная кампанiя, а таксама, мажлiва, i ўсе запасы энергii горада Вашынгтона. Мы павiнны былi захаваць дастаўленае сюды разам з хлопчыкам смецце, i нам давядзецца паступова, па крупiнках выдаляць яго адсюль.

Пакуль Хоскiнс даваў тлумачэннi, карэспандэнты штосьцi дзелавiта страчылi ў сваiх блакнотах. З усяго сказанага яны нiчагусенькi не зразумелi i былi перакананыя, што тое ж самае будзе i з iх чытачамi: аднак усё гучала вельмi навукова, а менавiта гэта i было патрэбна.

- Вы зможаце сёння вечарам даць iнтэрв'ю? - спытаўся прадстаўнiк "Таймс-Геральд". - Яно будзе перадавацца па ўсiх каналах.

- Думаю, што змагу, - хутка адказаў Хоскiнс, i карэспандэнты пайшлi.

Мiс Фэлоўз моўчкi глядзела iм услед. Усё, што было сказана пра Стасiс i пра часавыя сiлавыя лiнii, яна зразумела не лепш, чым карэспандэнты. Але адно яна засвоiла цвёрда: Цiмi (яна злавiла сябе на тым, што ўжо думае пра хлопчыка, як пра Цiмi) быў сапраўды асуджаны на вечнае зняволенне ў сценах Стасiса, прычым гэта не было простым капрызам Хоскiнса. Вiдаць, i сапраўды немажлiва было выпускаць яго адсюль. Нiколi.

Беднае дзiця. Беднае дзiця.

Раптам да яе дайшло, што яно ўсё яшчэ плача, i яна паспяшалася назад, каб супакоiць яго.

* * *

Мiс Фэлоўз не ўдалося пабачыць выступленне Хоскiнса.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке