- Яны iнстынктыўна ставяцца адзiн да аднаго так, як любыя iншыя дзецi, будзь яны на iх месцы, - стомлена сказаў Хоскiнс. - А цяпер апусцi Джэры з рук i дай яму прывыкнуць да абставiн. Па праўдзе кажучы, нам лепш цяпер выйсцi. Мiс Фэлоўз можа праз нейкi час прывесцi Джэры да мяне ў кабiнет, i я паклапачуся, каб яго завезлi дахаты.
Доўгi час дзецi нi на хвiлiну не выпускалi адзiн аднаго з вачэй. Джэры плакаў i клiкаў мацi, баючыся адысцiся ад мiс Фэлоўз, i толькi праз нейкi час дазволiў, нарэшце, суцешыць сябе ледзянцом. Цiмi таксама атрымаў ледзянец, i праз гадзiну мiс Фэлоўз удалося дабiцца таго, што абодва яны селi гуляць у кубiкi, праўда, у розных кутках.
Калi яна павяла ў той дзень Джэры да бацькi, дык да такой ступенi была перапоўнена ўдзячнасцю Хоскiнсу, што ледзь стрымлiвала слёзы.
Мiс Фэлоўз шукала слоў, каб выказаць свае пачуццi, але падкрэсленая стрыманасць Хоскiнса перашкодзiла ёй гэта зрабiць. Можа, ён i да гэтага часу не дараваў ёй таго, што яна прымусiла адчуць жорсткасць ягоных адносiн да Цiмi. А можа, ён урэшце прывёў свайго сына, каб даказаць ёй, як добра ён ставiцца да Цiмi, i адначасна даць зразумець, што ён зусiм не яго бацька. Так. Менавiта гэта ён i меў на ўвазе!
Таму яна абмежавалася некалькiмi словамi.
- Дзякуй, вялiкае дзякуй, доктар Хоскiнс.
Яму нiчога не заставалася, як адказаць:
- Няма за што, мiс Фэлоўз. Усё iдзе як трэба.
Паступова гэта ўвайшло ў звычай. Два разы на тыдзень Джэры прыводзiлi на гадзiну пагуляць з Цiмi, потым гэты тэрмiн быў расцягнуты да дзвюх гадзiн. Дзецi пазнаёмiлiся, паступова вывучылi прывычкi адзiн аднаго i пачалi гуляць разам.
I цяпер, калi першая хваля ўдзячнасцi схлынула, мiс Фэлоўз заўважыла, што Джэры ёй зусiм не падабаецца. Фiзiчна ён быў намнога мацнейшы за Цiмi ды i ўвогуле ва ўсiм пераўзыходзiў яго: ён уладарыў над Цiмi, адводзячы яму ва ўсiм другарадную ролю. З такiм становiшчам яе мiрыла неяк толькi тое, што, нягледзячы нi на што, Цiмi ўсё больш нецярплiва чакаў чарговага прыходу свайго таварыша па гульнях.
- Гэта ўсё, што ў яго ёсць у жыццi, - з тугою гаварыла яна сабе.
I аднойчы, назiраючы за iмi, яна раптам падумала: "Гэтыя два хлопчыкi абодва дзецi Хоскiнса, адзiн ад жонкi, другi - ад Стасiса. У той час як яна сама..."
- О Божа, - сцiснуўшы кулакамi скронi, з сорамам падумала яна, - гэта ж я раўную!
* * *
- Мiс Фэлоўз, - спытаўся аднойчы Цiмi (яна нiколi не дазваляла яму называць яе iнакш), - калi я пайду ў школу?
Яна зiрнула ў яго карыя вочы, якiя молячы глядзелi на яе, чакаючы адказу, i пяшчотна правяла рукою па яго густых валасах. Гэта была сама неахайная частка яго галавы: яна стрыгла яго сама, а хлопчык заўсёды круцiўся пад нажнiцамi i перашкаджаў ёй. Яна нiколi не прасiла прыслаць парыкмахера, бо гэтая няўмелая яе стрыжка памагала ўдала маскiраваць нiзкi пакаты лоб у дзiцяцi i яго празмерна выпуклую патылiцу.
- Адкуль ты даведаўся пра школу? - спыталася яна.
- Джэры ходзiць у школу. У дзiцячы сад, - старанна вымаўляючы склады, адказаў ён. - Джэры бывае ў многiх месцах там, на волi. Калi ж я выйду адсюль на волю, мiс Фэлоўз?
У яе балюча сцiснулася сэрца. Яна, вядома, разумела: нiшто не зможа перашкодзiць таму, што Цiмi непазбежна будзе даведвацца ўсё больш i больш пра вонкавы свет, той свет, у якi яму нiколi не суджана ўступiць.
Пастараўшыся надаць свайму голасу больш бадзёрасцi, яна спыталася:
- А што б ты рабiў у дзiцячым садзе, Цiмi?
- Джэры кажа, што яны там гуляюць у розныя гульнi, што iм паказваюць стужкi з рухомымi карцiнкамi. Ён кажа, што там многа-многа дзяцей. Ён расказвае... - Цiмi на iмгненне задумаўся, потым урачыста раскiнуў рукi, з растапыраннымi пальцамi i толькi тады скончыў фразу. - Вось як многа ён расказвае!
- Табе хацелася б паглядзець рухомыя карцiнкi? - спыталася мiс Фэлоўз. - Я прынясу табе гэтыя стужкi i стужкi з запiсам музыкi.
Так ёй на нейкi час удалося супакоiць яго.
* * *
У атсутнасць Джэры ён з цiка