Айзек Азимов - Выродливы хлапчук (на белорусском языке) стр 18.

Шрифт
Фон

Мiс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.

Няўжо гэта яго жонка? Мiс Фэлоўз уяўляла яе зусiм iншай. Хаця чаму б i не? Такi чалавек, як Хоскiнс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкi кволую iстоту. Мажлiва, гэта было якраз тое, што яму было трэба...

Яна прымусiла сябе прыязна ўсмiхнуцца.

- Добры дзень, мiсiс Хоскiнс. Гэта ваш... ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявiць сабе Хоскiнса ў ролi мужа, але не бацькi, за выключэннем, вядома, таго... Яна раптам адчула на сабе змрочны позiрк Хоскiнса i пачырванела.)

- Так, гэта мой сын Джэры, - сказаў Хоскiнс. - Джэры, павiтайся з мiс Фэлоўз.

(Цi не падкрэслiў ён слова "гэта"? Цi не хацеў ён даць зразумець, што гэта яго сын, а не...)

Джэры крыху падаўся наперад, не выпускаючы, аднак, матчынай спаднiцы, i прамармытаў прывiтанне. Мiсiс Хоскiнс вiдочна спрабавала зазiрнуць цераз плячо мiс Фэлоўз у пакой, як бы чакаючы знайсцi там нешта надзвычай цiкавае.

- Ну, што ж, зойдзем у Стасiс, - сказаў Хоскiнс. - Уваходзь, дарагая. На парозе цябе чакае крыху непрыемнае адчуванне, але гэта хутка пройдзе.

- Вы хочаце, каб Джэры таксама ўвайшоў туды? - спытала мiс Фэлоўз.

- Вядома. Ён будзе гуляць з Цiмi. Вы ж гаварылi, што Цiмi патрэбны таварыш у гульнях. Можа, вы ўжо забылiся пра гэта?

- Але... - у яе позiрку адбiлася найвялiкшае здзiўленне. - Ваш хлопчык?

- А чый жа яшчэ? - са злосцю сказаў Хоскiнс. - Хiба не гэтага вы дабiвалiся? Хадзем, дарагая. Уваходзь жа.

З вiдавочным намаганнем падняўшы Джэры на рукi, мiсiс Хоскiнс пераступiла парог. Джэры захныкаў - вiдаць, яму не спадабалася тое, што ён адчуў пры ўваходзе ў Стасiс.

- Дзе ж тая iстота? - тонкiм галаском спыталася мiсiс Хоскiнс. - Я не бачу яе.

- Хадзi сюды, Цiмi! - паклiкала мiс Фэлоўз.

Цiмi выглянуў з-за дзвярэй, утаропiўшыся на нечаканых гасцей. Мускулы на руках у мiсiс Хоскiнс прыкметна напружылiся.

Павярнуўшыся да мужа, яна спыталася:

- Ты ўпэўнены, Джэральд, што ён не небяспечны?

- Калi вы маеце на ўвазе Цiмi, дык нiякай небяспекi, - тут жа ўмяшалася мiс Фэлоўз. - Ён спакойны i паслухмяны хлопчык.

- Але ж ён дзi... дзiкун.

(Вось яно што! Гэта вынiк усiх газетных гiсторый пра хлопчыка-малпу.)

- Зусiм ён не дзiкун, - з нацiскам вымавiла мiс Фэлоўз. - Ён спакойны i разважлiвы ў той ступенi, у якой гэтага можна чакаць ад пяцiгадовага дзiцяцi. Вельмi велiкадушна з вашага боку, мiсiс Хоскiнс, дазволiць вашаму хлопчыку гуляць з Цiмi, i я з усёй адказнасцю прашу вас не трывожыцца.

- Я не ўпэўненая, што згаджуся на гэта, - з раздражненнем сказала мiсiс Хоскiнс.

- Мы ж ужо абмеркавалi гэтае пытанне, дарагая, - сказаў Хоскiнс, - i я думаю, нам няварта ўзнаўляць нашу спрэчку. Спусцi Джэры на падлогу.

Мiсiс Хоскiнс паслухалася. Хлопчык прытулiўся да яе спiнаю i ўтаропiўся на Цiмi, якi ў сваю чаргу не спускаў з яго вачэй.

- Цiмi, хадзем сюды, - паклiкала мiс Фэлоўз, - iдзi, не бойся.

Цiмi паволi ўвайшоў у пакой. Хоскiнс нахiлiўся, каб адчапiць пальцы Джэры ад матчынай спаднiцы.

- Адыдзi крыху назад, дарагая, дай дзецям пазнаёмiцца.

Хлопчыкi апынулiся тварам у твар. Нягледзячы на тое, што Джэры быў маладзейшы, ён быў вышэйшы за Цiмi на цэлы дзюйм, i на фоне яго зграбнай фiгуркi i прыгожа пасаджанай прапарцыянальнай галавы гратэскнасць аблiчча Цiмi раптам кiнулася ў вочы, амаль як i ў першыя днi. У мiс Фэлоўз задрыжалi вусны. Першы загаварыў маленькi неандэрталец.

- Як цябе завуць? - дыскантам працягнуў ён, хутка наблiзiўшы да Джэры свой твар, як бы хочучы лепш разгледзець яго.

Сцепануўшыся ад нечаканасцi, Джэры замест адказу даў Цiмi моцнага кухталя. Цiмi адляцеў назад i, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу. Абодва голасна зараўлi. Мiсiс Хоскiнс схапiла Джэры на рукi, а мiс Фэлоўз, пачырванеўшы ад унутранага гневу, падняла Цiмi, стараючыся яго супакоiць.

- Яны iнстынктыўна неўзлюбiлi адзiн аднаго, - заявiла мiсiс Хоскiнс.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора