- Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволi абмежаванай прастораю, - сказаў Хоскiнс. - Таму мы вымушаны час ад часу мяняць свае экспанаты. Гэты абломак халкапiрыту павiнен вярнуцца туды, адкуль ён да нас прыбыў. Вучоныя чакаюць новых экспанатаў.
- Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.
- Вы ведаеце, што гэта немажлiва.
- Вам шкада аддаць мне кавалак халкапiрыту, гэты няшчасны пяцiкiлаграмовы абломак? Але чаму?
- Нам не па кiшэнi звязаная з гэтым уцечка iнфармацыi, - злосна закрычаў Хоскiнс. - I вы гэта вельмi добра ведаеце.
- Справа ў тым, доктар Хоскiнс, - перапынiў яго служачы, - што насуперак правiлам прафесар спрабаваў вынесцi мiнерал i ледзь быў не прарваў Стасiс.
На iмгненне ўсе змоўклi. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскiнс холадна спытаўся:
- Гэта праўда, прафесар?
Адэмеўскi няёмка кашлянуў.
- Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду...
Хоскiнс працягнуў руку i рвануў за шнур, якi свабодна вiсеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькi што гаварылi.
У мiс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нiчым не прыкметны кавалак каменя, за якi iшла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сцiснула - у яе на вачах камень iмгненна знiк. Камера апусцела.
- Мне вельмi шкада, прафесар, - сказаў Хоскiнс, - але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасiсе анулюецца назаўжды.
- Ды пачакайце.
- Паўтараю, мне вельмi шкада. Вы парушылi адно з нашых сама важных правiл.
- Я падам скаргу ў Мiжнародную Асацыяцыю...
- Скардзiцеся каму хочаце. Вы толькi пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, нiхто не прымусiць мяне адступiць.
Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, якi ўсё яшчэ пратэставаў, i, яшчэ белы ад гневу, сказаў мiс Фэлоўз:
- Вы не адмовiцеся паснедаць са мной?
* * *
Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адмiнiстрацыi. Ён павiтаўся са знаёмымi за столiкамi i спакойна адрэкамендаваў iм мiс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. "Што яны падумаюць?" - думка гэтая не давала ёй спакою, i яна з усяе сiлы старалася прыняць па магчымасцi дзелавы выгляд.
- Доктар Хоскiнс, у вас часта здараюцца такiя вось непрыемнасцi? спыталася яна, узяўшы вiдэлец. - Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.
- Не, - з намаганнем адказаў Хоскiнс, - такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзiцца спрачацца з ахвотнiкамi вынесцi са Стасiса той цi iншы экспанат, але да сённяшняга дня нiхто яшчэ не спрабаваў зрабiць гэтага.
- Мне помнiцца, як вы аднойчы казалi, што з гэтым звязаны вялiкi расход энергii.
- Слушна. Мы, вядома, пастаралiся ўлiчыць такую мажлiвасць, бо такiя выпадкi яшчэ будуць паўтарацца, i ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергii, разлiчаны на пакрыццё ўцечкi пры непрадугледжаным вынасе са Стасiса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусiм не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страцiць гадавы запас энергii. Шкода ад страты такой колькасцi энергii прымусiла б нас на доўгiя гады адкласцi далейшае ажыццяўленне планаў пранiкнення ў глыбiнi часу... Апрача таго, вы можаце сабе ўявiць, што здарылася б, калi б прафесар быў у камеры ў той момант, калi збiраўся прарваць Стасiс?
- А што б з iм адбылося?
- Бачыце, мы эксперыментавалi на жывых прадметах i на мышах - яны бясследна знiкаюць. Мы лiчым, што яны вяртаюцца назад, у глыбiнi часу, iх як бы захоплiваюць тыя аб'екты, якiя iмгненна пераносяцца ў той час, з якога iх мы вынялi. Таму нам даводзiцца як бы на якар ставiць тыя прадметы, знiкненне якiх са Стасiса нам непажадана. Што да прафесара, дык ён адправiўся б проста ў плiяцэн разам з кавалкам каменя i апынуўся б там у тым самым часе, з якога мы гэты камень дасталi, плюс тыя два тыднi, што ён быў у нас.
- Як бы гэта было жахлiва!
- Запэўнiваю вас, што лёс самога прафесара мяне мала трывожыць: калi ён здурнеў на такi ўчынак, дык туды яму i дарога, гэта паслужыла б яму добрым урокам.