Зусім не падобна, што панства тутэйшае збіраецца на паховіны.
Цяпер паважаны пан Вырвіч не мусіў глытаць галодную сліну, калі заходзіў у карчму, як калісьці давялося ім з Лёднікам, калі той яшчэ быў бяспраўным слугою збеглага шкаляра. Дыяментавы гуз на сабалінай шапцы найлепшы пропуск. Карчмар хуценька вызваліў месца, сагнаўшы нейкіх чумакоў, і чаканне замоўленых клёцак з душамі прыкрашала кампанія двух келіхаў піва.
Келіхі былі масянжовыя і гнутыя. Справа шляхецкаяз чаго пецца, тым і бецца.
Непадалёк мажны шляхцюк у багатай серабрыста-чырвонай чузе, якая, мяркуючы па працёртых рукавах, ведала лепшыя часы, бубнеў пры пачцівай увазе слухачоў пра ўласнае Эльдарада, калі давялося пажыць у Нясвіжы яшчэ пры ягамосці вялікім гетмане Радзівіле Рыбаньку:
А от у дзень імянінаў карусель у гонар яснавяльможнага князя была. Усе ў сукнях машкарных, у строі ружовым градэтуравым, з галунамі срэбнымі, а плашчыкі гарнастаямі падшытыя, а на галовах каскеты высокія з перем белым. Падзяліліся ягамосці на чатыры банды кавалераў, адну вёў сын ягамосці Януш, што ў хуткім часе памёр, другуюіншы сын, яснавяльможны Караль, а трэцюю пан Карніцкі, паручнік пяцігорскі, а чацвёртуюпан Нарніцкі, харунжы гусарскі І ў кожнай бандзе было на калясках столькі ж німфаў, i кавалеры ix везлі.
Расповед нагадваў гранне катрынкі альбо зачытванне дыярыюша.
І пастаўлена было статуй з дрэва, падобна да арлекінаў паўбіраных. Першая трымала ў адной руцэ кружок, а ў другой кій скураны, саломай напханы. Сама на шрубе, дык трэба было, ударыўшы дзідай у гэты кружок, праскочыць. Калі хто ўдарыць добра, дык нічога, калі ж нядобра, дык павернецца тая статуя i кіем у лоб дасць. Другая статуя на грудзёх мела круг жалезны, куды куляй глінянай трэба было ўдарыць. Калі трапіў у сярэдзінку, дык ракета ўгору вылятала, калі ж хібіў, дык рыцара драбязой абсыпала. Трэцяя статуя мела на раменні скрынку, у якую, калі трапіў, дык з яе птаства вылятала.
Расчулены ўспамінамі, апавядальнік не заўважаў, што яго настальгічнае мармытанне даўно страціла апошніх слухачоў, акрым келіха, які ўсё гэтак жа захоплена адкрываў круглы рот.
Нарэшце духмяныя клёцкі, над якімі танчыла пяшчотная пара, дабраліся да свайго наканавання, і былы суддзя з недавучаным студыёзусам запрацавалі лыжкамі.
Між тым песенька сціхла, а музыкі, парассоваўшы па кішэнях атрыманыя манеты, уладзіліся за сталом. Хто болей плётак-чутак ведае, чым вандроўны музыка? Пранціш скасавурыўся: той, што з чорнымі вусамі, прыціснуўшы мандаліну каленам да ножкі стала, абгрызаў свіную галёнку.
Вырвіч адправіў па заплямленай сталешніцы да талеркі музыкі срэбны шастак. Тлусты профіль Жыгімонта Аўгуста Трэцяга круціўся разам з манетай. Музыка спрытна цопнуў шчодры панскі падарунак, вусны расплыліся ва ўсмешцы з належнай, але не занадтай порцыяй ліслівасці. Пранціш кіўнуў, каб мандаліншчык прысунуўся бліжэй.
Добра граеце з таварышам. А ці не ў Вільню кіруецеся?
Музыка ахвотна засакатаў (куточак правага вока яго быў трохі апушчаны з-за шнару, падобна, ад бізуна):
Што вы, літасцівы пане, якая Вільня! Мы, як і ўвесь люд паспаліты, у Ашмяны, на заручыны!
Вось табе маеш
Ну як жа, сын расейскага пасла Штакельберга заручаецца з пляменніцай ягамосці вялікага гетмана Багінскага!
Паплечнік вусатага пачціва ўлез у размову:
У касцёле францысканцаў цырымонія будзе, вашамосць.
Ліфляндзец Штакельберг, якога ненавідзяць усе мясцовыя патрыёты, цьху, нат на прозвішчы язык спатыкаецца, і гетман Багінскі, былы барскі канфедэрат? Вось гэта палітычны куншцюк
І чаму ў Ашмянах?
А таму, што ягамосць староста Ашмянскі пан Брастоўскішвагер ягамосці Багінскага.
Музыка панізіў голас, паказваючы, што адкрывае таямніцу:
Гэта ж ягамосць пан Брастоўскі і зладзіў заручыны Пляменніцападапечная гетмана, непаўналетняя. Штакелю таму з нашымі магнатамі парадніцца даўно хочацца, а то яго за чужынца трымаюць. Адзін пан гаварыў: Багінскаму паабяцалі аддаць маёнткі, што пасля сяквестру не вярнуліся, калі пляменніцу ўдачарыць і са Штакелем-малодшым ажэніць. Брастоўскі на гетмана праз жонку сваю, сястру ягоную, ціснуў Бо за спрыянне шлюбу атрымае крэдыт ад расейскага пасла, які даўно прасіў. Тры мільёны злотых, мой пане!
Голас музыкі ажно затрымцеўбо і ўявіць такую суму было непадсільна.
Ён жа ў даўгах увесь, наш пан падскарбій, гучным шэптам удакладніў шчуплы скрыпач. Гулец, якіх свет не бачыў. У Вільні, кажуць, на такога мазурыка ў гульнёвым доме напароўся, што й карэту з коньмі прайграў, і частку маёнткаў. Цяпер староства Ашмянскае прадае пану Коцелу. Пані падскарбіева гадоў пяць асобна жыве.
Шляхцюк у серабрыстай чузе гучна захроп, аж паўлінавыя пёры на шапцы скрыпача, што ляжала між талерак, затрапяталі, бы ад ветру.
А як маюцца дзеткі самога пана падскарбія Брастоўскага?
Вырвіч пастараўся задаць пытанне абыякава, кінуўшы пагрозлівы пагляд на Алеся, які адразу страпянуўся.
Мандаліншчык запэўніў, што яемосць Барбара падскарбічанка ў добрым здароўі.
А хіба няма другой дачкі?
Мандаліншчык зноў панізіў голас:
Была, чуў, яшчэ дачка Яе пан Міхал з Германіі прывёз, сказаўажаніўся там. Толькі ніхто не ведае, з кім шлюб пан Брастоўскі браў, а мо пад плотам яго справілі. Шалапут пан Міхал заўсёды быў неверагодны, бацькоў засмучаў. Не чуваць нічога пра тую дзяўчыну, а яна, мусіць, вялікая ўжо. Ці памерла, ці замуж выдалі.
Не, ніхто з нашых не казаў, што на ейным вяселлі граў, задумліва засведчыў скрыпач. Мусіць, у кляштар аддалі нябогу.
І спачувальна перахрысціўся.
Пранціш сустрэўся позіркам з Алесем: той ледзь стрымліваў хваляванне. Значыць, не дайшлі сюды чуткі пра забойства на Плябанскіх Млынах
Музыкі хуценька дапілі сваё піва, пахапалі інструменты і адправіліся граць далей: карчмар ужо злосна махаў ім, відаць, багаты кліент запатрабаваў песень.
Ну што ж, значыць, заўтрау Ашмяны!
І лепш не думаць, што зараз адбываецца з Баўтрамеем Лёднікам І ці жывы ён яшчэ.
Раздзел другіАШМЯНСКІЯ НЯВЕСТА, АПТЭКАР І КАТ
У «Кнізе пра звяроў ды пачвараў», напісанай сярэднявечным мніхам, згадваецца пра племя з вострава ў Чырвоным моры, што гаворыць на ўсіх мовах свету. Калі трапляе на востраў госць, тубыльцы пачынаюць пералічваць яму ўсю ягоную радню да дванаццатага калена. А як глузды ў небаракі пад цяжарам генеалогіі паедуць, тут яго на кавалачкі раздзяруць і сырым зядуць. Без солі. Затое з радаводам.
Шляхта, што зехалася ў Ашмяны, гатовая была адзін аднаго, не падсмажваючы, зесці, бо радаводамі мерыліся ўсе. Хто паперадзе каго мусіць на імшы стаяць, у дзверы прайсці, да княжацкіх мосцяў бліжэй пасунуцца
Людцы ля францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на які яшчэ Аляксандр Ягелончык фундуш запісваў, выцягвалі шыі то ў адзін бок, то ў другі, не раўнуючы гусіны статак у чаканні кармёжкі.
Едуць, едуць!
Твары павярнуліся ў адзін бок. Зашаргаталі аксамітныя дылеі з сабаліным футрам і простыя сукманы, ускалыхнуліся фальбоны і пёры на шапках, затупалі ўсхвалявана па бруку чырвоныя боты з бліскучымі падкоўкамі і стаптаныя кабці Задудзеў, забразгаў прывітальна аркестр, быццам лісліва загаўкалі, падвываючы, мядзяныя сабачкі
Не прыехаў вялікі гетман Прадстаўніка прыслаў Вунь, у кармазінавым жупане І пасла, пасла няма
Шэпат быў расчараваны. Чым болей нобіляўтым болей выкаціцца бочак віна дзеля свята.
Жаніха і нявесту вязуць! Віват!
Да касцёла набліжаўся дзіўны экіпаж, нібыта зехаў са старонак кнігі пра фею Мелюзіну. Шэсць белых коней з лазуркавымі плюмажамі ступалі нага ў нагу, дзвюма правымі, дзвюма левымі адначасова, як мядзведзі толькі са звяроў ходзяць ды спецыяльна навучаныя коні. Велізарная пазалочаная карэта з дахам-купалам, аздобленая бела-ружова-лазуркавымі эмалевымі накладкамі ў выглядзе дзівосных раслін, адкрытая з абодвух бакоў. Тыя, хто ехаў на высокіх, абцягнутых белым аксамітам лаўках, былі відочныя натоўпу, як каштоўныя камяні, выкладзеныя для прынады пакупнікоў у вітрыне злотнікаўскай крамы. Двое з натоўпу, ладны светлачубы шляхцюк з блакітнымі вачыма і даўгалыгі сурёзны юнак з бледным тварам і цёмным паглядам аказаліся прыціснутымі да Святога Баўтрамея, што нёс варту злева ад касцельнай брамы. Драўляныя вочы святога задуменна і трохі збянтэжана паглядалі ў неба, ледзь прыкрытае парванымі карункамі аблокаў.