Рублеўская Людміла - Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара стр 25.

Шрифт
Фон

 Ды нават тут, у Венецыі, трыста год таму інжынер Джавані дзі Фантана прапаноўваў падымаць людзей з дапамогай нагрэтага паветра,  няўважна тлумачыў Лёднік.  Пасля Франчэска Лана-Тэрцы хацеў скарыстаць для таго ж сферы з вакуумам. Ну, гэта бескарысна. А вось цяперашнія доследы Жака Шарля з рознымі газамі

 Віват! Мы зробім паветранага змея!  падскоквала на цвёрдай лаўцы італьянскай карчмы Рэгінка.

А Лёднік дастаў свой нататнік і давай штось крэсліць, пад пільнай і трохі раўнівай увагай сына. Ясна, хлапец улучыцца ў вынаходніцтва. Пан Гервасій жа, сумленны шляхціц, руды, адважны і прамы, як прадзедаўскі меч, дзіваваўся і піў з празрыстага сіняга келіха венецыянскае хмяльное пітво, радуючыся ў сэрцы сваім віну, сяброўству і мілай дачушцы.

 Татуся, а мяне пан Пранціш замест ангельскай песні пра ром ліцвінскай навучыў:

Ад панядзелка да панядзелка

Дробны дождж ідзе.

Сабрала-ася бедна басота,

Ды гарэлку пе.

Князёўна выводзіла так старанна пранізлівым галасочкам, што госці па ўсёй карчме заазіраліся, ці не трэба каму сольда кінуць. Каб сціх.

Пем мы гарэ-элку,

Пем мы вішнёву,

Будзем піць віно-о.

А хто пры-ыдзе, з нас пасмяецца,

Будзем біць таго-о-о.

І пан Агалінскі зноў заперхаўся, небарака.

Раздзел восьмыЯК АЛЯКСАНДР ЛЁДНІК НАД ВЕНЕЦЫЯЙ ЛЁТАЎ

Ягамосць Караль Радзівіл біцца ў маладосці любіў. Тут галоўнае было майстэрства з боку прыдворныхпаддацца так, каб княжыч застаўся ва ўпэўненасці, што атрымаў годную вікторыю. Толькі пан Рысь, сын арганістага, калісьці ўсыпаў юнаму Каралю, калі пасварыліся ў двары нясвіжскага палаца з-за птушкі па імені паўлін. Чым, аднак, выклікаў сяброўства на ўсё жыццё.

Вось пан Гервасій Агалінскі прыхільнасць княскую страціў. Пане Каханку намагаўся не глядзець на былога альбанчыка, які застыў у нізкім паклоне побач з панамі Вырвічам і абодвума Лёднікамі.

Венецыянскі палац нясвіжскага ардыната быў раскошны, не горш, чым на радзіме. Карцін, статуймесца пустога на сценах няма, аж уваччу стракаціць ад антычных багінь. Князь узяў з залатога падноса цэлую жменю падсмажаных арэхаў і закінуў у рот. Тут жа клапатлівая рука лёкая паднесла пану келіх. Ясная рэч, залаты.

 Ну, дзе рог святога Юрыя, пане каханку?

Фраза гучала трохі няўцямна з-за арэхаў у княскім роце.

Радзівіл з відочным задавальненнем выслухаў план неверагоднага паветранага прадстаўлення, пакруціў у руках чарцяжы:

 Даўно я гэтых лодачнікаў не цвеліў! Давайце праз тыдзень балаган зладзьце, якраз нос падцяру пракуратару Андрэа Трону. Хто пойдзе на яго блазнаў глядзець, калі ў нас такое! Хваліўся, што пяць тысяч дукатаў на свята ў гонар свайго абрання даў, восем тысяч лір на адныя бісквіты, і ніхто яго не пераўзыдзе. Лодачнік! У іх, бачыце, законы такія, што дожам ганебна размаўляць з замежнікамі. Грэбуюць! Як ад чумы, уцякаюць! Грошай не шкадуйце, людзей наймайце не менш за сотню. Радзівіл дукатаў не лічыць! А хто ж птушкай у вас будзе?

Вочы князя гарэлі так, што было зразумела: сам гатовы паляцець, каб не камплекцыя ды не званне. Пане Каханку якраз любіў пра сябе сачыняць падобныя гісторыі: як на палове каня з бойкі ўцёк, васьміногага зайца ўпаляваў, з русалкай любошчамі займаўся, ад чаго селядцы нарадзіліся. А туту паветра ўзняцца!

Пан Агалінскі выпнуўся наперад, аддана ўпаў на калені на пухнаты персідскі дыван:

 Я, вашамосць, гатовы!

На фізіяноміі пана можна было смажыць аладкі. Радзівіл толькі скоса зірнуў на нявернага альбанчыка, ад чаго той скіс, як забытае на сонцы малако.

 Я прыдумаў, я і выпрабую на сабе,  цвёрда заявіў Баўтрамей.

Вырвіч ведаў, што былы алхімік да гневу Саламеі ўсе свае вынаходніцтвы на сабе выпрабоўваў. Нават самыя небяспечныя ды атрутныя. А каб жонка больш не сварылася, мусіць, апошнія гады з дапамогай Праксэды з уласнага арганізма здзекаваўся. Не дзіва, што гэтак здружыліся з асістэнткай.

 Літасціва прашу прабачыць маю дзёрзкасць, ваша княская мосць і пане-бацька, але я таксама браў удзел у прыдумцы, і я лягчэйшы,  не менш цвёрда, хоць і ветліва, заявіў Аляксандр.

Князь махнуў рукой:

 Самі вызначайцеся, каму на камяні гахнуцца. А што, пане каханку, ты ж алхімік?  светлыя вочы князя з пачырванелымі бялкамі ўтаропіліся ў доктара.  Можаш мяне ў тыглі перагнаць, а потым наноў адліць, каб я памаладзеў ды хваробаў пазбыўся?

Паспрабуй зразумей, сурёзна гаворыць, альбо блазнуе?

 Я пакінуў алхімічныя штудыі, як і ўсялякія магічныя заняткі, вашамосць.

Баўтрамей перахрысціўся і пачціва схіліўся, але відаць па ўсім, напяўся, гатовы зноў плаціць за свае перакананні. Старэйшы брат пана Гервасія, чыім рабом Бутрым быў, цэлы год з яго скуру лупіў, спрабуючы змусіць складаць гараскопы, да чаго ў маладосці доктар быў вялікі майстар. І дарэмна. Але Радзівіл толькі пасміхнуўся:

 Ну, тады давай лячы маю пячонку. Толькі калі, пане каханку, як іншыя мае эскулапы, запатрабуеш, каб я ні кроплі ў губу не браў, з лесвіцы паляціш без паветранага цмока.

І з крэхтам узняўся з фатэля, адпіхнуўшы рукі канфідэнтаў, што адразу пацягнуліся дапамагчы свайму сонейку.

Агляд і кансультацыя адбыліся ў княскай спальні, за зачыненымі дзвярыма. Вырвіч жа ў калідоры, пасярод дываноў і карцін з паўголымі німфамі радасна ўзважваў важкі мех з дукатамі, перададзены княскім прыдворным. Ды на такія грошы яны ўсю Венецыю ў паветра падымуць! Пан Гервасій Агалінскі, пакуль чакалі доктара, не сказаў ні слоўца. Па разгубленай фізіяноміі ясна: не можа паверыць, што князь-дабрадзей, з якім столькі келіхаў выпіта, такі з ім халодны. Алесь жа прыліп вачыма да адной з карцінаў: тры грацыі, ахутаныя празрыстымі вэлюмамі, круціліся ў манерным танцы вакол хударлявага дрэўца з рэдкімі лісцікамі. Грацыі ў параўнанні з насельніцамі іншых палотнаў былі худзенькімі, таму, мусіць, карціну, каб не абражаць густы гаспадара, сунулі між калонаў, у цень. Адна Грацыя, з мілым засяроджаным тварыкам і тонкімі рукамі, была так падобная да Праксэды.

Рэзкі боль у лытцы змусіў спыніць сузіранне. Князёўна Багінская-Агалінская ў вобразе наймалодшага Лёдніка сярдзіта лупілася, прыкусіўшы губу. А цяпер за што мілы анёлачак бецца?

Між тым вярнуўся старэйшы Лёднік з улюбёнай валізкай, спакойны такі, фанабэрысты. Галавой хітнуў: нармальна, маўляў, дагадзіў магнату. Але не паспела кампанія сысці, па паркетнай падлозе зацокалі абцасікі, нехта пыхкаў і сіпеў, даганяючы:

 Сіньёр датторэ!

Таўсманая метрэса, якую яны бачылі ў княскай ложы, увенчаная высокім парыком, у якім гняздзілася цэлая зграйка штучных птушак, у неверагодна абёмнай белай сукенцы з карункаў і муару ўчапілася за Чорнага Доктара, быццам за самае дарагое ў жыцці. Залапатала, аддыхваючыся, ціха штось, ледзь пудра не сыпалася з пухлявых шчок. Пяшчотна пагладжвала пухленькай далікатнай ручкай доктарава плячо Пранціш з цяжкасцю адвёў вочы ад дэкальтэ сіньёры, якое нагадвала кошык са свежаспечанымі булкамі. Урэшце пані зрабіла спробу ўпасці на калені, і Лёднік пакорліва ўздыхнуў, кінуўшы сваім:

 Пачакайце мяне, панове, на пляцы. Я мушу затрымацца.

Амерыканец праводзіў Баўтрамея не самым добрым позіркам. Пані вісла на худым доктары, як прасцірадла на штыкеціне. Да таго ж чаканне на пранізлівым ветры, паміж двух каменных ільвоў, толькі не тых, што трэба, не самая прыемная штука. Добра, у Венецыі поўна ўсялякіх арачак, калон ды порцікаў, куды можна зашыцца. Месцічы ходзяць, нешта балбочуць. А што? Хоць Пранціш, жывучы ў Лангедоку, італьянскую трохі засвоіў, у венецыянцаў аказалася свая, разумееш, мова. Джульета ў іх «Дзульета». Ды што там!

У Венецыі нат каляндар свой! Новы год у сакавіку спраўляюць. Поўнач тут наступае, калі сонца сядае. Абы не так, як ва ўсіх.

Калі доктар нарэшце вярнуўся, Агалінскі працадзіў скрозь зубы:

 А цябе, Бутрым, усё гэтак жа цягне скакаць у ложкі радавітых чужых кабетаў.

Алесь ледзь не падскочыў ад абразлівых словаў, і ў ягоным позірку на бацьку адбілася не самае цёплае пачуццё. Бутрым не змяніўся ні рысачкай:

 Выбачайце, панства, цяжкі пацыент.

Схіліўся да Рэгінкі:

 Не змерзлі, паненка? Не аднеквайцеся, бачунос збялеў. У гатэлі зраблю вам адвар ад застуды, а то, як у Вене, будзеце тыдзень ляжаць у ложку з кашлем.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке