Рублеўская Людміла - Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара стр 15.

Шрифт
Фон

Ля карчмы, не самай багатай на выгляд, людцаў вілося, як жамяры вакол сподачка з саладухай. У збітыя кулакамі ды ботамі наведнікаў дзверы ўрачыста зайшла чарговая кампанія. Ладны русачубы шляхцюк у шапцы набакір, з дзёрзкімі блакітнымі вачыма, высокі змрочны тыпус у чорным дарожным камзоле, троху сабе злавесны, і чарнявы фацэт з усмешлівымі пульхнымі вуснамі, у модным французскім каптанчыку з зялёнымі стужкамі.

Усмешлівы фацэт агледзеўся, не зважаючы на тлум і непрыветныя позіркі, і махнуў рукой:

 Вунь там, за печкай, у дальнім куце, ён звычайна і сядзіць Рушылі!

Фацэт рашуча адсунуў заседжаную мухамі сінюю баваўняную занавеску, з-за якой даносілася манатоннае бубненне, нібыта нехта пераціраў ды пераціраў у ступе зерне мудрасці. Ля печкі на пыльных падушках сядзеў шчуплы габрэйскі хлопец. Ягоны твар з тонкімі нервовымі рысамі быў засяроджана-натхнёны, а чорны халат чамусь выпацканы, быццам ім выціралі пыл. Хлопец пагойдваўся і чытаў кнігу, чые старонкі па краях былі ўжо колеру мінулагодняга лісця. Перад хлопцам некалькі худых мурзатых дзетак у лахманах час ад часу паўтаралі пачутае, гэтак жа пагойдваючыся

 Гэта твой рэбе?  абурана шапнуў русачубы шляхцюк на вуха фацэту.  Той, хто лепей за Бутрыма тайнапісы расчытвае?

 Не мяркуйце па знешнасці, пан Вырвіч,  шэптам адказаў фацэт.  Саламон з адзінаццаці гадоў уважаецца за рабіна. І жанілі яго тады ж. Ледзь не біліся, чыю дачку прыстроіць за такога вучонага маладога чалавека, нават выкрадаць яго спрабавалі. Мадам Рыся перамагла, уладальніца гэтага пастаялага двара, са сваёй дачкой ажаніла. Ён у чатырнаццаць гадоў бацькам стаў.

З адзінаццаціу сямейнае ярмо! Пранціш амаль з жахам зірнуў на выснажанага юнака, які, заплюшчыўшы вочы, з натхнёным тварам пагойдваўся і прамаўляў словы, што нібыта плавіліся на ягоных вуснах.

Трэба ж, пасярод бруднага ліцвінскага мястэчка людзі ў лахманах разгадваюць, што за божая мудрасць схаваная ў якім слоўцы і ў якой літары.

Малады рэбе змоўк і прыадплюшчыў вочы. Вочы глядзелі ў незямныя эфіры.

Давыд скарыстаўся гэтым момантам, каб прывітацца.

З незямных эфіраў вучоны Саламон вынырнуў не адразу, але калі засяродзіўся на госцю і пазнаў, узрадаваўся.

А як пачуў пра тлумачэнне таемных тэкстаў, аж вочы загарэліся, заківаў, залапатаў ухвальна. Пранціш габрэйскай не надта валодаў, але зразумеў, што да новых ведаў Саламон ласы не менш, чым Лёднік.

Перш чым паглыбіцца ў вывучэнне прывезенага гасцямі пергаменту, рэбе трывожна кінуў сюды-туды пагляд, як бы ў чаканні нападу. Ягоныя вучні паўтарылі тое за ім, круцячы тонкімі шыямі і нязграбна пацепваючы плячыма.

Вучняў, зрэшты, Саламон зараз жа і адпусціў. Бо працэс тлумачання скрадзенага пергаменту быў няпросты. У Пранціша, які прыстроіўся на зэдліку ля печкі, ажно ногі сцерхлі. Нат пазайздросціў Алесю, які застаўся ў карэце разам з пераапранутай у хлапчыску князёўнай Багінскай-Агалінскай.

Па той бок баваўнянай занавескі шумела і дыхала часнаком карчма. Нехта патрабаваў яшчэ піва. Шчасліўчык! Даносіліся перлы пяной мудрасці: «Вінаградам у сэрца, цукрам у душу, браце, мяды мядам, нікому не дам! Гэтае зелле ўзімку не мерзне, улетку не кісне», «Гарэлка не дзеўка, не цалуй», «Перш чарку, а потым і па карку», «Пі, браце! Душа меру знае!», «Гэй-го! Першая чарка калом, другая сакалом, трэцяя дробнай пташачкаю!», «Пі, не порах, не разарве!» Праўда, такія-сякія слоўцы з пергаментнага дыспуту Вырвіч усё-ткі ўлоўліваў у дзіравы нерат сваёй моўнай абазнанасці.

Рэбе адразу заявіў, што пісаў дакумент знаўца Кабалы. Далей яны з Лёднікам давай счапляцца, Давыд нат рукой махнуў і не палез у занадта вучоныя жарсці. Пайшоў фіглі карчомнай прыслузе строіць: мясцовыя дзеўкі ўжо зачапіліся вокам за модны французскі каптанчык ды капялюш.

А Бутрым і рэбе смакавалі горкі мёд вучонасці. Саламон сцвярджаў, што перакладчыкі няправільна зразумелі сімвалы, і гаворка не пра будынак ці вежу, а пра слуп. Лёднік не згаджаўся, але ягоны атрутны тон і пагардлівы позірк, якія змушалі ў Вільні бедных студыёзусаў сцінацца, не мелі аніякага ўплыву на натхнёнага рэбе. У таго сваіх аргументаў і дэфініцый былоцабэрак ды гарнец зверху. Так што Лёднік урэшце здаўся. Абодва ў працэсе, падобна, пранікліся адзін да аднаго шчырай павагай.

Жыццё пафасу не любіць, і была ў гэтым варяцкая іронія: запавет рымскага папы-іспанца разгадваецца габрэйскім хлапчуком за печкай ліцвінскай карчмы.

Бутрым скасавурыўся на Вырвіча, уздыхнуў і пераклаў свайму былому студыёзусу высновы Саламона. Святы прадмет, паводле маладога знаўцы Талмуда, знаходзіўся зусім не ў храме святога Марка.

А ёсць тры слупы ў месцы, прысвечаным таму, чые парэшткі выкрадзеныя з дапамогай нячыстых жывёлаў. Адзін слупу вадзе. Другідля таго, хто носіць дзіду вастрыём уверх. Трэці слупклетка звера, які належыць уладару горада. У пашчы звера і патрабуецца схаваць інструмент, які ў час небяспекі абрыне сваім гучаннем ворагаў у ваду і на камні. І хай уздымецца абраннік з малітвай да пашчы звера, і суне туды руку, і паверне язык тры разы супраць сонца, і дасца яму па веры ягонай.

Аўтар велягурыстай лухты што, не мог па-чалавечы вытлумачыцца?

Раптам сіняя заслона рэзка адторгнулася, забег Давыд:

 Саламоне, цешча твая ідзе!

Адразу ж зазірнулі і спалоханыя вучні рэбе з тым жа папярэджаннем, і хуценька, як мышы, зніклі.

А рэбе вокамгненна адсунуў падушкі і нырнуў у схаваную за імі чорную дзірку падпечка, толькі белыя панчохі мільганулі. Вырвіч не паспеў вачыма лыпнуць. Давыд між тым, ніколькі не здзівіўшыся, паклаў падушкі на месца, на што з падпечка данеслася ўхвальнае мармытанне.

Тут жа занавеска ўзвілася ветразем. Бойкая кабета, яшчэ не старая, са зграбнай постаццю, зацягнутай у гарсэцік, у белым фартуху і карункавай накідцы, накручанай на галаву, крычала штосьці, час ад часу згадваючы імя «Саламон». Давыд са скрушнай фізіяноміяй развёў рукамі: маўляў, няма Саламона, не бачылі, не ведаем. Тады кабета спыніла суровы позірк брунатных пукатых вачэй на Лёдніку, як на самым старэйшым з кампаніі, і засакатала па-ліцвінску:

 Не, ну вы чулі, вельмішаноўнае панства! Няшчасная мая Сора! Што ёй за муж патрапіўся! Наравісты, свавольны! Бедная мая галава! Уявіце сабе, ноччу прачнулася ад страшнага выцця: стаіць нехта ў белым, са свечкай, і дакарае мяне, што я кепска абыходжуся з гэтым свавольнікам, зяцем, якога голага і босага ў сямю прыняла. Да сумлення майго заклікае! Я ледзь не самлела. Бо і праўда вырашыла, што гэта мой нябожчык-муж альбо светлай памяці бацька зявіўся. А тады прывід як заперхае, ды як плітане. А на падлозе сляды крэйды! Ну, я яму пакажу!..

Кабета патрэсла ў паветры кулаком, і Пранціш мімаволі ўспомніў уласныя пракуды і ў звязку з імі кухталі і розгі.

Калі Саламонава цешча сышла, не перастаючы лаяцца, падушкі заварушыліся, і засмучоны рэбе паказаўся з падпечка. Абтрос халат, прамармытаў, як шкада, што так і не навучыўся рабіцца нябачным. З тужлівай зайздрасцю паглядзеў на Давыда ў французскім каптанчыку, пра нешта запытаўся, пачуў адказ і прамовіў на ламанай ліцвінскай:

 Я паеду з вамі. Задушна мне тут. Таксама вучыцца хачу. Свет глядзець хачу. Буду з вамі шукаць. слупы тыя.

Бутрым незадаволена пакруціў галавой, але згадзіўся далучыць да іх банды яшчэ аднаго чальца. Што ж, Лёднік больш за ўсё паважаў у людзях прагу да ведаў. Сам калісьці вырваўся з гарбарні свайго бацькі з дапамогай кнігара Рэніча ды аптэкара Лейбы, адправіўся ва ўніверсітэты. I лічыў абавязкам дапамагаць такім жа гаротным хлапцам.

Саламон не збіраўся пакаваць куфры, закруціў кнігі свае, скарб адзіны, у клуначак і рушыў, хаваючыся за спіны новых знаёмцаў, з такой надзеяй на твары, што Пранцішу сумлення не хапала пярэчыць.

Але варта было маладому рэбе паставіць нагу на падножку дарожнай карэты, у ягоны халат учапіліся моцныя жаночыя рукі:

 Вось ты дзе! Што ўдумаў?

Шынкарка Рыся пільнавала дабрабыт сямі лепей за каршука.

Пранціш глядзеў, як яна праганяе штуршкамі няшчаснага Саламона ў бок карчмы, перад імі разбягаюцца нядошлыя белыя куры, і было і смешна, і сумна.

 Я ўсё роўна зеду!  крычаў юны рэбе, і шапачка на ягонай галаве была чарней адчаю.  Увесь свет яшчэ дазнаецца пра Саламона Маймона!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке