Рублеўская Людміла - Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара стр 14.

Шрифт
Фон

А Пранціш толькі і мог, што парваць чарговую паперку з незакончаным вершам.

І зноў забівае сонца сведкаў свайго гарэння.

Крылаў яно не любіць і Вавілонскіх вежаў.

Толькі ў напрамку сонца нашы лятуць марэнні,

Толькі ў напрамку неба зноў вырастаюць вершы.

Сыпецца попел шэры на зямныя галовы.

Апёкі гараць на душах, і чырвань перад вачыма.

І зноў у напрамку сонца ўзлятаюць сляпыя строфы,

Хоць там яны непатрэбны, а тут яны немагчымы.

За вокнамі тэатральнай карэты пачаў невыразна дэкламаваць свае рэплікі дождж, нат не дождж, а дажджыска. Дробны, як малодшы пісар магістрата. Пранціш выцягнуў ногі ў высокіх бліскучых ботах, дзякуй святому Франтасію, не бутафорскіх. Бот упёрся пад лаўкай у нешта мяккае.

 Ай!

З-пад лаўкі пачуўся тоненькі піск. Нехта чхнуў. Зашаргатала.

А затым з пыльных нетраў карэты, міла ўсміхаючыся, вылезла княжна Багінская, панна Агалінская, нявеста малодшага фон Штакельберга, у накручанай паўзверх змятай і перапэцканай ніжняй кашулькі зялёнай посцілцы.

Кардонны цмок трохі падумаў і зваліўся на спіну Давыда.

 А каб цябе распрындзіла.  разгублена прамовіў аптэкар, спіхваючы з сябе пашарпанае страшыдла.

 Гэта вы мне?  з удаваным здзіўленнем прамовіла паненка звонкім галасочкам, і ў яе блакітных вачах так і скакалі вельмі знаёмыя Пранцішу Вырвічу гарэзныя жарынкі.

А на носіку стракацелі рабацінкі, якія зусім не пасуе мець высакароднай панне.

 Бедлам.  разгублена прамармытаў Лёднік.

Алесь, пачырванеўшы, спрабаваў садраць з сябе ганебны жаночы парык.

 А я не снедала. Sorry.

І жаласны позірк.

Уменне кіраваць людзьмі, напэўна, перадаецца ў спадчыну, як колер валасоў. Таму кудзеркі юнага стварэння адлівалі меддзю, а заміж таго, каб лаяцца ды распытваць, нейкі час чацвёра мужчын у блазенскіх уборах былі занятыя падрыхтоўкай сняданку для маленькай галоднай князёўны.

 А вытой самы доктар?  панна Рэгіна вымавіла гэта не зусім выразна, бо жавала булку з сырам.

Лёднік хмыкнуў:

 Не ведаю, ці той самы, але доктар.

Нечаканая госця заківала:

 Пані маці мне пра вас гаварыла. Magician. А зрабіце, каб мне зараз жа стала васямнаццаць, я жаніху такога гарбуза пашлю!

Падобна, Паланэя Багінская распісала дачцэ магічныя здольнасці Чорнага Доктара ў фарбах і блішчынках. Якраз адпаведна касцюму казачнага султана.

Расповед радавітай бягляначкі перасыпалі ангельскія слоўцы. Увішная Рэгінка расла на амерыканскіх прасторах. Ад сонца не хавалася. Умела, як і маці, скакаць на кані, страляць са стрэльбы і індыянскага лука, залазіць на вялізныя дрэвы, падслухоўваць размовы і ўцякаць з-пад любога нагляду. Ну такая звычайная ліцвінская князёўна. Усё парушыў ліст з-за акіяна. У Паланэі з Багінскіх аж рукі трэсліся, калі разгортвала аркуш. Калі Паланэйка збегла ў Амерыку разам з мужам, рудым панам Гервасіем Агалінскім па мянушцы Амерыканец, ейны брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, страшэнна ўгневаўся. Звязалася з радзівілаўскім прыпечкам, шляхцюком сярэдняй рукі! І выкрасліў яе са сваёй памяці, ні шэлега ў пасаг не вылучыўшы. Праўда, пан Агалінскі сам дакляраваў, што адмаўляецца ад таго пасагу і ўсялякіх зносінаў з фанабэрыстай жончынай сямейкай. Агалінскі ў сваю чаргу шлюбам з Багінскай выклікаў няміласць сюзерэна, Радзівіла Пане Каханку. А пан Гервасій жа быў альбанчыкамчальцом банды альбанцаў, сяброў юнацтва Пане Каханку, што разам з ім гадаваліся і пракуднічалі ў нясвіжскім прадмесці Альба. Там здрады не даравалі. Так што маладым сужонцам ледзь удалося ўцячы за акіян ад разятраных іхнім самавольствам магнатаў, не без дапамогі Вырвіча і Лёдніка. І вось на табеліст. Ды яшчэ з якой спакуснай прапановай! Князь Багінскі паведамляў сястрыцы, што гатовы забяспечыць для яе сына самае бліскучае становішча пры двары. Усё сямейства можа вярнуцца, і атрымаць належную частку ўладанняў Багінскіх. Як толькі Рэгіна Агалінская, удачароная дзядзькам, стане Багінскай і заручыцца з радавітым жаніхом.

Нездарма на вёсках раілі не браць дворку, гэта значыць, панскую прыслугу, за жонку. Хто пакаштаваў палацавага жыццябудзе заўсёды яго хацець. Паланэя пачувалася страшэнна вінаватай перад дзецьмі, якіх пазбавіла прыдворнай кареры і належнай іх званню раскошы. Так што, нягледзячы на тое, што пан Гервасій толькі разюшыўся ад паслання швагра, Паланэя цішком пачала намаўляць дачку. Ах, якія цуды яе чакаюць у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім, якія ўборы ў яе будуць, як цікава адбываюцца каруселі рыцарскія і тэатральныя спектаклі! Такога ў іхнім форце сярод дзікіх лясоў ніколі не пабачыць! Ну і, скарыстаўшыся тым, што пан Гервасій зехаў да чырванаскурых дзікуноў, каб запісаць новыя легенды, Паланэйка адправіла дачку з братавым пасланцом на радзіму.

Вось толькі Рэгінка дужа расчаравалася ў абяцаным ёй сапраўдным княскім жыцці. Узяліся вучыць яе галантным паводзінам, нават розгаў упершыню ў жыцці пакаштавала. Гарсэт скабы перацягвае, туфлікі завузкія, пальчаткі завузкія, не бегай, не смейся, не плач. І жаніх выявіўся зусім не чароўным прынцам, а мелюзгой смаркатай. Рэгінка падслухала, як абмяркоўвалі прыстаўленыя да яе людцы, што ейны бацька, пан Гервасій, кінуўся следам за дачкою і нат пераплыў акіян. І што яго збіраюцца затрымаць, каб не перашкодзіў заручынам. А пасля радавалісятрапіў руды Амерыканец у італійскую турму, ды самую страшную, каменныя калодзежы ў Венецыі. А нядаўна Амерыканачка падслухала развагі пана Брастоўскага і ягонага канфідэнта, якім чынам выправіць банду на чале з Чорным Доктарам у тую ж Венецыю. Як пасля такога не збегчы?

 Не халера, дык адзёр,  прамармытаў Чорны Доктар.  Не хапала нам яшчэ скрасці гетманаву прыёмную дачку!

 А паненку шукаюць, мусіць. Знойдуцьніякія італьянскія місіі нас не ўратуюць,  меланхалічна зазначыў Давыд.  Вярнуць трэба яе княскую мосць апекуну.

 Я ўсё адно збягу!

Вусны Рэгінкі кранальна дрыжэлі, блакітныя вочы напоўніліся слязьмі. Ну як тут Ланцэлоту змаўчаць?

 Мы павінны абараніць панну!

Алесь ваяўніча аглядаў спадарожных. Уражанне псавала сукенка ў кветачкі, бялілы на худым абліччы і пёры са сцягнутага парыка, якія заселі ў валасах.

 Ад каго і ад чаго абараніць, шаноўны пан Аляксандр?  уздыхнуў былы менскі суддзя.  Каб мне прадставілі на разгледжанне гэтую справу, я змушаны быў бы асудзіць выкрадальнікаў, бо апякун панны Багінскай ніякай шкоды ёй не ўчыняў, а, наадварот, уладкоўваў яе будучыню.

 Я не вярнуся!  звонкі крык малой нявесты мог пачуць фурман, але на шыканне спадарожнікаў панна Агалінская не зважала.  Гетман мне не бацька! У мяне свой бацька ёсць! А калі вы мяне аддасцё, скажу, што звезлі гвалтам! Зачаравалі! Катавалі! Пачну крычаць «Ратуйце!»

Уліплі. Так ці інакшне пазбегнуць гневу вялікага гетмана, падскарбія і расейскага пасла, усяго кубла разам.

Рэгінка між тым набрала паветра ў лёгкія, збіраючыся ўсчаць благанне.

 Адзіны, хто можа аспрэчыць права гетмана на апякунствапан Агалінскі,  змрочна вымавіў Лёднік, і Рэгінка перадумала крычаць, яе блакітныя вочы загарэліся надзеяй.  І ёнадзіны, каму мы паводле закона можам перадаць панну.

 Ну так,  неахвотна пагадзіўся Вырвіч.  Калі бацька сам ад дачкі не адмовіўся, дазволу на апякунства не даўяно незаконнае.

 Панове, я, вядома, усяго толькі аптэкар і ў рыцарскіх справах не кемлю, але мы што, збіраемся валачы гэтую дзеўчынёху ажно ў Італію?  у голасе Давыда быў сапраўдны жах.

 А за мной вось гэты высакародны рыцар у сукенцы прыгледзіць!  хітруля Рэгінка нечакана зірнула на разгубленага Алеся, і Ланцэлот адразу ўспомніў кодэкс куртуазны і прыняў пагрозны выгляд, рыхтуючыся абараняць даму.

Яшчэ б ад клятай спадніцы пазбавіцца.

Гэта ўдалося ў заціснутым між двух балотаў маёнтку аднаго з кліентаў пана Міхала Брастоўскага. Маёнтак меў жывапісную назву Гнілая Гаць, а ўладальнік не менш жывапіснае прозвішча Жаба-Равуновіч. Там шпегам вылучылі дарожную карэту з двума коньмі. Гэткі прадзедаўскі рыдван, падобны да буфета на колах. І да яго фурмана, дробнага і палахлівага, як мыш, якога звалі Фульчык.

Фульчыку было абыякава, куды кіраваць коней. На Наваградак? Як панству заўгодна. Абы ў каршэнь не таўклі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке