Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке) стр 9.

Шрифт
Фон

Пра Паўстанне i яго вынiкi ён звычайна не выказваў нiякiх думак. Калi ў яго пыталiся, цi шчаслiвейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: "Аслы жывуць доўга. Нiхто з вас яшчэ нiколi не бачыў мёртвага асла", i ўсе мусiлi задавольвацца гэтым загадкавым адказам.

Нядзелi былi вольныя ад працы. Снедалi на гадзiну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонiя, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднiмалi сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарнi стары зялёны абрус мiсiс Джоўнз i намаляваў на iм белай фарбай падкову i рог. Сцяг паднiмаўся на флагштоку перад сядзiбай кожную нядзелю ранiцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палi Англii, тым часам як падкова i рог азначалi будучую Рэспублiку Жывёлаў, якая паўстане, калi чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы iшлi гуртам у гумно на агульны збор, якi называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўвалiся i абмяркоўвалiся розныя пастановы. Высоўвалi пастановы заўсёды свiннi. Iншыя жывёлы навучылiся галасаваць, але самi нiякiх прапаноў прыдумаць не маглi. Найбольш актыўнымi ў спрэчках былi Сняжок i Напалеон. Але можна было заўважыць, што гэтыя двое нiколi не пагаджалiся мiж сабою: калi адзiн з iх выказваў якую думку, можна было быць пэўным, што другi будзе яе абвяргаць. Нават калi было пастаноўлена - па сутнасцi, нiхто не меў нiчога супраць выдзелiць маленькi выган за садам у якасцi месца адпачынку для жывёлаў, якiя састарылiся i не маглi болей працаваць, дык усчалiся зацятыя спрэчкi наконт дакладнага веку выхаду на пенсiю для розных катэгорыяў жывёлы. Сход заўсёды сканчаўся адспяваннем "Звяроў Брытанii", i ўвесь час па абедзе прызначаўся на адпачынак.

Рымарню свiннi выбралi сабе за штаб. Вечарамi яны вывучалi тут кавальства, цяслярства i iншыя неабходныя рамёствы з кнiжак, якiя яны вынеслi з сядзiбы. Сняжок сам займаўся яшчэ i арганiзаваннем iншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камiтэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камiтэт па Вытворчасцi Яек, для кароў - Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак - Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камiтэт Перавыхавання Дзiкiх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў i зайцоў) i шмат iншых, а таксама курсы па лiквiдацыi непiсьменнасцi. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдалiся. Спроба ўхатнiць дзiкiх жывёлаў, напрыклад, правалiлася амаль адразу. Тыя працягвалi паводзiць сябе па-ранейшаму, а калi да iх ставiлiся з шчодрасцю i спагадай, яны проста з гэтага карысталi. Кот далучыўся да працы Камiтэта Перавыхавання i колькi дзён быў вельмi актыўны. Адзiн раз бачылi, як ён сядзеў на даху i гутарыў з вераб'ямi, якiя абачлiва трымалiся ад яго на адлегласцi. Ён расказваў iм, што цяпер усе жывёлы таварышы i што любы верабей мог бы падысцi i сесцi яму на лапу; аднак вераб'i не наважвалiся падысцi блiжэй.

Гурткi ж па лiквiдацыi непiсьменнасцi якраз удалiся. Да восенi амаль кожная жывёлiна на ферме была ў пэўнай ступенi пiсьменная.

Што да свiнняў, дык яны ўжо выдатна ўмелi чытаць i пiсаць. Сабакi навучылiся чытаць даволi добра, але не выяўлялi асаблiвае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямi Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў i часам вечарамi чытала iншым з газетных шматкоў, якiя яна знаходзiла на сметнiку. Бэнджамiн умеў чытаць не горш за свiнняў, але нiколi не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькi яму вядома, няма нiчога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе лiтары, але не магла злучыць iх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэслiць на пяску сваiм вялiзным капытом А, В, С, а тады, падцiснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на лiтары, часам патрэсваючы чубам, i што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж iдзе далей, але так нiколi i не прыгадваў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Дикий
13К 92