Часам праца давалася цяжка; прылады былi разлiчаны на людзей, а не на жывёлу, i вялiзнаю перашкодай было тое, што нiводная жывёлiна не магла карыстацца прыладамi, якiя вымагалi стаяння на заднiх нагах. Але свiннi былi такiя разумныя, што маглi знайсцi выйсце з любога цяжкага становiшча. Што да коней, яны ведалi на полi кожны каменьчык i на самай справе разбiралiся ў тым, як касiць i грэбцi сена, значна лепей за Джоўнза i яго людзей. Свiннi фактычна не працавалi, але кiравалi i наглядалi за iншымi. Пры iх вышэйшым розуме было натуральна, што яны возьмуць на сябе кiраўнiцтва. Баксёру i Канюшынцы самiм даводзiлася ўпрагацца ў касiлку або конныя граблi (нi цуглi, нi лейцы цяпер, вядома ж, былi не патрэбныя) i заўзята хадзiць сюды i туды па полi, а за iмi хадзiлi свiннi i гукалi: "Но, пайшоў, таварыш!" або "Тпру, назад, таварыш!", у залежнасцi ад патрэбы. I ўсе жывёлы, нават сама маленькiя, пераварочвалi сена i збiралi яго. Нават качкi i куры сноўдалi цэлы дзень сюды-туды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькiя жмуточкi сена. Урэшце яны скончылi сенакос, затрацiўшы на яго на два днi меней, чым на гэта iшло часу ў Джоўнза i ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гiсторыю фермы. Стратаў не было зусiм; куры i качкi з iх пiльнымi вочкамi падабралi ўсё да апошняй былiнкi. I нiводная жывёлiна на ферме не ўкрала нi калiва сена.
Усё лета праца на ферме iшла як добра наладжаны механiзм. Жывёлы нiколi сабе не ўяўлялi, што яны могуць быць такiя шчаслiвыя. Кожны кавалак ежы выклiкаў у iх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды iх ежа, здабытая iмi самiмi i дзеля iх самiх, а не мiзэрныя порцыi, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калi не было болей гэтых нiкому не патрэбных паразiтаў людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер i вольнага часу, хоць жывёлы i не мелi нiякага досведу ў тым, як яго бавiць. Яны сутыкалiся з рознымi цяжкасцямi - напрыклад, праз нейкi час, калi яны збiралi збожжа, iм прыйшлося малацiць яго на стары лад i выдзiмаць з яго мякiну, бо на ферме не было малатарнi - але свiннi з сваiм розумам i Баксёр з сваёй неверагоднаю сiлай заўсёды iх ратавалi. Баксёрам захаплялiся ўсе. Ён быў добры работнiк яшчэ за часамi Джоўнза, але цяпер ён быў нiбы тры канi, а не адзiн; былi днi, калi здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. З ранiцы да ночы ён штурхаў i цягнуў, i заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ён дамовiўся з адным пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай на паўгадзiны раней ад усiх астатнiх, i сам браўся за якую-небудзь працу - такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай, - перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: "Я буду працаваць яшчэ старанней!" - ён узяў гэтыя словы сабе за дэвiз.
Але кожны працаваў адпаведна сваiм магчымасцям. Куры i качкi, напрыклад, уратавалi пяць бушаляў збожжа пад час жнiва, старанна падбiраючы зярняткi. Нiхто не краў, нiхто не скардзiўся за порцыi. Сваркi, бойкi i зайздрасць, такiя звычайныя штодзённыя з'явы колiшнiх часоў, цяпер амаль зусiм знiклi. Нiхто не ўхiляўся ад працы - цi амаль нiхто. Молi, што праўда, не надта ахвотна паднiмалася ранiцаю i мела звычку iсцi з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забiўся камень. Дзiўныя былi i паводзiны ката. Неўзабаве ўсе заўважылi: як толькi трэба нешта рабiць, ката нiколi нельга знайсцi. Ён знiкаў на цэлыя гадзiны, тады раптам з'яўляўся, калi трэба было есцi, або ўвечары, калi праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так i трэба. Але ён заўсёды знаходзiў такiя цудоўныя прабачэннi i муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамiн, як здавалася, пасля Паўстання зусiм не змянiўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як i за часы Джоўнза, нiколi не ўхiляючыся, але i не беручы нiколi добраахвотна дадатковае працы.