Налета ці тое, магчыма, на пачатку верасня памёр бацька адной маёй знаёмай, пэўнай Штусі-Моозі. Гадоў пятнаццаць таму яна служыла ў нашым доме. Яна паведаміла мне, што прадаецца двор яе бацькі. Я ведаў гэты двор. Ён быў стары, паўразбураны. Я рашыў яго купіць. Выгляд адтуль вельмі ўражваў. Унізедаліна Штусі, на дне яе Штусікофен, потым Флётыген, Верхнія Альпы. За домам крута абрываецца скала. Сама вёскагняздзечка, гэта яшчэ не самыя Альпы. Старыя дамы. Капліца. Куды час ад часу наязджае з казанню флётыгенскі пастар. Гатэль. Проста дзіва, што яшчэ захаваліся вёскі, куды не заглядваюць турысты. Весці перамовы мне належала з хадайнікам па справах, «хадыкам»як там называюць адвакатаў. Хадыка займаў пакой у гатэлі «У Лоенбэргера», а справы праварочваў унізе, у кнайпе, дзе слухачамі былі мясцовыя сяляне. Ён быў, бадай, нечым накшталт вясковага суддзі, да моманту майго прыезду ён якраз уладжваў адну бойку. Селянін з перавязанай галавой, памінаючы ліхім словам чорта, пакідаў залу. Праз столькі гадоў мне цяжка дакладна апісаць, як выглядаў той хадыка. Гадоў так на пяцьдзесят. Хоць, магчыма, і маладзей. Хранічны алкаголік. Ён піў «бэці»гатунак гарэлкі, якую ў іншых мясцінах называюць пладова-ягадным кампотам. Ён здаваўся ўнураным, хоць і не быў такі. Зласліва-жоўцевы. Твар азызлы, але не без выразу адухоўленасці. Вадзяніста-блакітныя вочы, налітыя крывёю. Часцей шальмаватыя, часам летуценныя. Дзеля пачатку ён спрабаваў мяне абмішуліць. Загнуў цану ўдвая большую за тую, на якую намякала наша былая ахмістрыня. Расказваў велягурыстыя байкі наконт цяжкасцяў, якія мусова ўзнікнуць з боку абшчыннай рады ў Штусікофэне. Разводзіў нешта пра няпісаныя законы. Назваў двор праклятым, гаспадар яго, Штусі-Моозі, павесіўся. Кожны Штусі-Моозі тут вешаўся. Сяляне з нахабнай шчырасцю слухалі нашую гутарку, мімікай паказвалі ўдушэнне, калі ён гаварыў пра шыбенікаў, задзіралі правую руку над галавой, быццам зашморгваючы шворку, закочвалі вочы пад лоб, высалопвалі язык. Я скеміў, што хадыка зусім не збіраецца мяне абмішульваць, а проста хоча перашкодзіць здзелцы, затое пазней ён спрытна ашукаў сям'ю нашай ахмістрыні. Ён прадаў двор за кідкую цану камусьці з Штусі-Зютэрлінаў. Адчуўшы, што мая цікавасць да куплі прыкметна астыла, хутчэй ад варожых адносінаў сялян, чым ад ягоных хітрыкаў, ён папрыветлівеў. Дарэчы, ён быў ужо нападпітку, хоць і не зрабіўся ад гэтага менш сімпатычным. Нават наадварот. У яго прарэзаўся гумар. Праўда, з'едлівы. Ён пачаў расказваць. Сяляне згуртаваліся цясней і пачалі пад'юджваць баяра. Ягоныя гісторыі, па ўсім мяркуючы, яны ўжо ведалі напамяць. І слухалі, як слухаюць гавэнды казачніка. Дык вось, ён бажыўся, што быў славутым адвакатам у самым вялікім горадзе нашай краіны. «Усрацца можна якім славутым», так і сказаў. І грошы шуфлем гроб. Зарабляў у асноўным на банках, на самых багатых сямействах горада. Але наймілейшай кліентурай былі яму прастытуткі. «Мае прасталытачкі», як ён сказаў. Ён выдаў пропадзь розных погудак, асабліва пра нейкага Нольдзі Архідэйнага. Большасць іх здаліся мне выдумкай, але я слухаў з неаслабнай увагай.
Не так тыя пагудкі, як за схаваную ў іх сацыяльную крытыку. Гэтая крытыка мела нейкі анархісцкі характар. Яна не вязалася з рэальнасцю. Яна адпавядала яго розуму. Ён заглыбіўся ў нетры гісторыі суду над нейкім забойцам. Ён граў ролі абвінавачанага і пяцёх членаў судовай калегіі. Сяляне рагаталі, аж заходзіліся ад захаплення. Ён, як абаронца, выйграў працэс. Пасля дадаў, што апраўданы ўсё-такі быў забойца. Апраўданы, урадавы радца, спрытна абдурыў і яго, і пяцёх членаў суду. Сяляне весяліліся, цяпер яны таксама налеглі на «бэці». Гісторыя гэтую яны яўна слухалі не ўпершыню і ўсё ніяк не маглі наслухацца. Яна зноў і зноў вымагала паўтору, а ён капрызіў, капыліў нос, аднекваўся, яму паднеслі чарачку, ён паказаў на мяне, можа, чалавеку зусім і не цікава, а вы мне тут мне таксама паднеслі чарачку, не-не, вельмі нават цікава.
Хадыка пачаў расказваць, як ён спрабаваў дабіцца перагляду справы, але гэтаму ўсупрацівіўся ўрад, а пад канец і федэральны суд. Урадавы радцаён і ёсць урадавы радца. Кожная юрыдычная перашкода, кожная інтрыга выклікала выбух здзеклівага рогату. «Вось яна, ваша вольная Швейцарыя!»крыкнуў адзін селянін і заказаў яшчэ па шкляначцы. І тады, расказваў далей хадыка, ён пачаў дзейнічаць на сваю рызыку. Ён дачакаўся, калі радца вярнуўся з падарожжа вакол зямлі. З прэсы даведаўся пра час вяртання. Пасля паведаміў пра свае планы начальніку паліцыі. Той загадаў ачапіць аэрапорт. Але хадыка, пераадзеўшыся прыбіральшчыцай, ушыўся ў брыгаду смецяроў. А ў накладным штучным бюсце схаваў свой рэвальвер. Адзін паліцэйскі спрабаваў схапіць яго за накладны бюст, але хадыка нарабіў крыку, быццам яго хочуць згвалціць. Начальнік прынёс прабачэнні, а паліцэйскага загадаў адправіць у арыштанцкую пры аэрапорце. Сяляне з радаснымі крыкамі ляпалі сябе па сцёгнах. Далей хадыка паведаміў, як ён застрэліў забойцу, апраўданага дзякуючы ягоным жа намогам. Па дарозе да залы пасажыраў першага класа. Пасля чаго радца грымнуўся галавою наперад проста ў бак на смецце. Падобна да Тэля, які прышыў у той цясніне Геслера, ён прышыў зладзея, радасна загаласіў адзін селянін, а астатнія радасна закрычалі. Дзікі ўсчаўся вэрхал. Вось яна, сапраўдная справядлівасць. Хадыка пачаў у асобах паказваць гісторыю свайго затрымання. Паказаў, як начальнік сарваў з яго накладны бюст. Залез на стол. Сказаў абарончую прамову перад пяццю сябрамі, якія сваім часам апраўдалі забітага, а цяпер, адпаведна, не маглі не апраўдаць яго забойцу. Пасля чаго кінуў проста ў твар суддзям: «А прападзіце вы пропадам з вашым правасуддзем»і зрабіўся хадыкам па справах у даліне Штусі. Тут апавядальнік зноў грымнуўся на сваё крэсла. Адзін селянін устаў з напалавіну распітай бутэлькай «бэці» ў левай руцэ, паляпаў апавядальніка па плячы, заявіў, што сам ён Штусі-Штусі, а хадыкаадзіны не Штусі ў Штусікофэне, але, нягледзячы на гэта, ён швейцарац «што нада», пасля чаго да дна асушыў сваю бутэльку, паваліўся на стол і захроп. Астатнія зацягнулі адменены гімн:
Слаўся вавекі, Гельвецыя!
Яшчэ ёсць у цябе сыны,
як убачыў іх Якаў Святы,
заўсёды гатовыя ў бой.
Гісторыя здалася мне на дзіва знаёмай. Я хацеў высветліць сякія-такія нюансы, але хадыка быў надта п'яны, каб адказваць на пытанні. Некаторыя сяляне пагрозліва паўставалі з месцаў, пакуль іншыя дапявалі канец другой страфы:
Там, дзе вяршыні гор
ворагу не дадуць адпор,
Бог наша цвердзь,
самі ўстанем гарой,
кожны з нас герой.
Нас не палохае смерць.
А хадыку мне было шкада. Бліскучы прыма-адвакат зрабіўся затурканым правінцыйным адвакатам-хадыкам. Ён учыніў забойства, ён выйграў свой працэс, але забойства, ім учыненае, даканала яго. Я цалкам адмовіўся ад думкі купіць двор. Мне след было вымятацца, у даліне Штусі не прывячаюць прыхадняў з горада, а як што яны па нумары маёй машыны ўжо скумекалі, што я з Нойшатэля, я быў ім удвая чужы, прыблудзень, хоць і гаварыў з імі на адной мове, хай нават не так пявуча. Я пакінуў гасцініцу. Услед мне грамавое:
Явіся раніцай, Гасподзь прамяністы,
мы дружна Табе заспяваем гімн чысты,
асветляцца ледзьве вяршыні гор,
узносіць малітвы швейцарцаў хор.
Сваёй душой богабаязнай
айчыне служым увесь час мы.
Гэта сяляне перайшлі да новага гімна.
Пасля зноў прагал у памяці. Стары ў крэсле-каталцы, яго дачка, п'яны забойца ў штусікофенскай гасцініцы сярод п'яных сялянусё пайшло ў падсвядомасць, а згары наклалася прыкрасць, што я не магу купіць сялянскі двор. Між іншым, купіць яго я мерыўся не дзеля пустой прыхамаці, мне былі патрэбныя перамены. Вярнуўшыся дамоў, я прыступіў да рэарганізацыі. Было вымецена ўсё смецце, што набралася за сорак гадоў пісьменніцтва. Груды неапрацаванай карэспандэнцыі, рахункі, якія так і не трапілі мне на вочы і, аднак жа аплачаныя, каштарысы, так і не ўзятыя пад увагу, горы карэктураў, незлічона разоў перапісаныя рукапісы, накіды, фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры, фантастычны кавардак, якому наканавана было часткова ператварыцца ў парадак, часткова знікнуць. Горы нечытаных рукапісаў, ужо шмат дзесяцігоддзяў пахаваных у плыні неапрацаванай пошты. Я наўздагад зірнуў у адзін з іх. Юстыцыя. Далоў макулатуру. Пры гэтым Пры гэтым я міжвольна кінуў позірк на першую старонку і прачытаў імя: h.c. Ісак Колер. Я зноў дастаў рукапіс з пластыкавага мяшка. Нейкі доктар Х. прыслаў мне яе з Цюрыха, але я ніколі не чытаю прысланых мне рукапісаў. Літаратура мяне не цікавіць. Я сам яе ствараю. Доктар Х. Я ўспомніў. Кур. 1957 год. Пасля даклада. У гатэлі. Я пайшоў у бар выпіць шкляначку віскі. Акрамя бармэнкі, дамы не першай свежасці, я застаў там яшчэ аднаго наведніка, які адразу, ледзь я паспеў сесці, назваў сябе. Гэта быў доктар Х., былы начальнік кантанальнай паліцыі Цюрыха, мажны чалавек, старамодна апрануты, з залатым ланцужком ад гадзінніка папярок жылеткі, як іх сёння мала хто носіць. Нягледзячы на ўзрост, вожык на галаве ў начальніка быў яшчэ бездакорна чорны, а вусы пушыстыя. Ён сядзеў каля стойкі на высокім зэдлі, піў чырвонае віно, курыў «Байанас» і звяртаўся да барменкі па імені. Голас у яго быў гучны, жэсты выразныя, словам, чалавек без ценю гульні, які гэтак жа прыцягваў мяне, як і адштурхоўваў. На раніцу ён давёз мяне на сваёй машыне да Цюрыха. Я пачаў гартаць рукапіс. Ён быў надрукаваны на машынцы, пад загалоўкам дапісана ад рукі: «Можаце рабіць з гэтым, што захочаце». Я пачаў чытаць рукапіс і прачытаў яго ўвесь. Аўтар, нейкі адвакат, не справіўся з матэрыялам. Яму надта перашкаджалі бягучыя падзеі. Пра самае важнае ён пачаў расказваць толькі ў канцы, але менавіта тут яму раптам не хапіла часу. Ён зрабіўся ахвярай сваёй паспешлівасці. У цэлым спроба дылетанцкая. Ды і асобныя мясціны знедаўмілі мяне. Узяць хай хоць бы назвы некаторых раздзелаў: «Спроба ўнесці парадак у беспарадак». Потым імёны. Хто такі Нікадэмус Мольх, хто Дафна Мюлер і хто Ільза Фройдэ? І хто расстаўляе ў сябе ў парку цэлую армію садовых гномаў? Начальнік нібыта гаварыў мне, што любіць Жан Поля? Але спытацца ў начальніка ўжо нельга, ён памёр. У 1970-м. Пасля я прачытаў ліст, прыкладзены начальнікам да рукапіса: «Я вяртаюся з пахавання. Ездзіў хаваць Штусі-Лойпіна, На пахаванне прыйшоў толькі Мок. Пасля чаго мы з ім паабедалі ў «Du Théâtre». Елі суп з лівернымі фрыкадэлькамі, філе а-ля Расіні з зялёным бобам. Пасля абеду мы доўга шукалі слыхавы апарат Мока. Афіцыянтка, як аказалася, знесла яго з посудам. А што да нашага дарагога фанатыка справядлівасці, дык яму і на самай справе ўдалося прабрацца ў аэрапорт. З камандай смецяроў. І стрэліць ён стрэліў, але адразу ад страху ўпаў галавой у бак са смеццем. На шчасце Колер нічога не заўважыў, бо якраз у гэты час падняўся чатырохматорны самалёт. Зрэшты, наш тэрарыст і не мог зрабіць большае шкоды. У адным ён пралічыўся. Я ўсё-такі заняўся падрабязней гэтым старызнікам. У альпійскім ражку былі правільна прэпараваныя халастыя патроны. Але пасля я абсалютна не ведаў, што мне рабіць з фанатыкам справядлдівасці. Ён быў чалавек прапашчы. Перадаваць яго ў рукі правасуддзя я не хацеў. Штусі-Лойпін (глядзі вышэй) паспачуваў яму і падшукаў яму працу. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Ваш доктар Х., экс-начальнік. Я патэлефанаваў у Штусікофен. Да тэлефона падышоў гаспадар «Лойенбэргера». Я папрасіў хадыку. Памёр. На тым тыдні. Перабраў «бэці». Як яго звалі? Звалі як? Хадыкам. Дзе яго пахавалі? У Флётыгене, трэба думаць. Я паехаў туды. Могілкі ляжалі за вёскай. За каменнай агароджай. Чыгунная літая брама. Было холадна. Першы раз за гэты год я ўлавіў дыханне зімы. У могілках ёсць нешта блізкае майму сэрцу. У дзяцінстве я любіў гуляць на могілках. Гэтыя могілкі мелі сваё аблічча, у кожнага нябожчыка была свая магіла, магільныя пліты, чыгунныя крыжы, пастаменты, калоны, стаяў нават адзін анёл. На магіле нейкай Крыстлі Мёзер. Але Флётыгенскія могілкі былі даволі сучаснымі могілкамі, пачатымі дзесяць гадоў таму назад паводле пастановы абшчыннай рады Флётыгена. Ад тых, хто памёр больш за дзесяць гадоў таму назад, не засталося і следу. Як што тэрыторыя была строга абмежаваная і не не магла быць пашырананадта высокія сённяшнім часам цэны на зямлю, супакоенаму дазвалялася не больш чым дзесяцігадовае супакаенне ў роднай зямлі. А паслянапрасткі ў вечнасць. Але ўжо дазволеным дзесяць гадоў належала ляжаць па стойцы «смірна». Ува ўсіх аднолькавыя пліты. На магілахаднолькавыя кветкі. Аднолькавыя пліты, надпісаныя адным і тым самым шрыфтам. І вось нябожчыкі пакоіліся строгімі радамі, а сярод іхі той, каго я шукаў. Беспарадкавы ў жыцці, упарадкаваны пасля смерці. Ён ляжаў апошні ў радзе, каля яшчэ пустой магілы. Пліта ўжо пакладзена, кветкі (астры, хрызантэмы) ужо пасаджаны. На пліце: ФЕЛІКС ШПЭТ, Хадыка, 19301984.