Шпэт, дружа, закончыў ён велягурыстыя і мала зразумелыя разважанні, - мне вас да душы шкада. Надта ж бо ў вас усё нягегла атрымалася.
Пасля гэтай размовы я больш ні разу не пераступаў парога ягонай майстэрні. А чаму я расказваю вам пра гэтую размову, гер начальнік? Ай, ды таму, што гэты дойлід, якога нядаўна ўшаноўвалі ў Венецыі, проста чортведама які слушны. Я чалавек з рэторты, я выгадаваны ва ўзорнай лабараторыі, настаўлены ў адпаведнасці з прынцыпамі выхаваўцаў і псіхіятраў, прадукаваных нашай краінай паралельна з высокадакладнымі гадзіннікамі, псіхатропнымі сродкамі, тайнай банкаўскіх укладаў і вечным нейтралітэтам. Я б і быў узорным прадуктам гэтай даследчай гаспадаркі, але ў ёй не хапала більярднага стала. Вось мяне і запусцілі ў свет, не надзяліўшы ўменнем разгадаць яго, бо да гэтага часу ў мяне не было з ім кропак судакранання, бо я ўяўляў сабе, нібыта і тут пануюць норавы сіроцкага прытулку, у якім я вырас. Без ніякай падрыхтоўкі мяне сутыкнулі з законамі драпежных звяроў, што пануюць у людстве, без ніякай падрыхтоўкі я ўгледзеў сябе сам-насам з тымі пачуццямі, якія надаюць чалавечыя рысы звярыным законам, з годнасцю, адчуваннем меры, розумам, каханнем, нарэшце ж. Чалавечая рэальнасць пацягнула мяне за сабой, як бурлівая рака цягне таго, хто не ўмее плаваць, супраціўляючыся блізкай пагібелі, я на парозе яе сам зрабіўся драпежным зверам, і да гэтага звера пасля начной размовы з Штусі-Лойпінам, калі я прадаў свае матэрыялы, якія павінны былі апраўдаць забойцу, з'явілася дачка забойцы: так, Элен чакала мяне ў маёй адвакацкай канторы на Цэльтвэгэ, у маёй шыкоўнай трохпакаёўцы, якая дасталася мне ад Бэна. Цяпер толькі я скеміў, што яна чакала мяне не перад дзвярмі, а ўсярэдзіне. У крэсле каля майго пісьмовага стала. І што яна выдатна арыентавалася ў кватэры. Зрэшты, Бэна, Бэна, хто ўстояў бы перад ім! І вось яна прыйшла, бо давярала мне, і вось яна аддалася мне, бо я хацеў яе, але не хапіла мне тае ночы ні адвагі даверыцца і ёй, ні перакананасці, што і яна хоча мяне, бо кахае. Так мы размінуліся з нашым каханнем. Я ўтоіў ад яе, што ніхто не змушаў яе бацьку ўчыняць забойства (нават калі чортава ліліпутка таго так моцна жадала), што яму проста падабалася на нашай грэшнай планеце строіць з сябе Госпада Бога, што сам я двойчы прадаўся, адзін раз яму, другі разпрыма-адвакату, якога цешыла магчымасць давесці да канца гульню правасуддзя, падобна гросмайстру, які велікадушна дагульвае партыю, пачатую з пачаткоўцам. І мы спалі тае ночы, не размаўляючы і не падазраваючы, што шчасце без слоўнепамыснае. Таму, мусібыць, і існуе мімалётнае шчасце, яго я меў у тую ноч, калі пачаў здагадвацца, кім мог бы зрабіцца, неверагодныя магчымасці, якія былі ўва мне закладзены і якіх я не спраўдзіў, а як што я тады адчуваў сябе шчаслівым цэлую ноч, дык быў перакананы, што зраблюся тым, кім так і не зрабіўся. Але раніцай, калі мы зірнулі адно на аднаго, нам ужо было ясна, што ўсё закончылася. А цяпер мне пара ў аэрапорт.
III
Пасляслоўе аўтара. Нейкім дзіўным чынам я, калі задумацца, пазнаёміўся з некаторымі людзьмі, пра якіх толькі пазней даведаўся, што яны не проста былі замешаныя ў гэтую шматпланавую прыгоду, але і былі ў ёй галоўнымі персанажамі.
Адбылося гэта прыкладна ў 1984 годзе. У Мюнхене. Дзённіка я не вяду, таму не варта залішне давярацца датам, якія я прыводжу. Па-мойму, было тое напрыканцы траўня, а ўсю гісторыя я ўспрыняў тады як выдуманую. Утульны парк, утульная віла сярод высокіх дрэў. У парку ўздоўж адной сцяны вілызасланыя сталы. Мілая гаспадыня. Выдаўцы, журналісты, людзі тэатра і кіно, адным словам, разумна дазіраванае культурнае жыццё. Як звычайна, я кагосьці з кімсьці блытаю. Мне цьмяна здаецца, што вось тая ёсць менавіта тая, пра каго я думаю, што гэта якраз яна. Пасля высвятляецца, што яна ўсё-такі не тая самая. Пасля яшчэ нехта аказваецца зноў жа зусім не тым самым. Потым я з перапалоху сам палохаю аднаго галоўнага рэжысёра, у тэатры якога я калісьці ведаў усіх падрад, а цяпер ужо нікога падрад і не ведаю. Думаю, што ён думае, быццам я хачу ўціснуць яму сваю п'есу, а ён думае, быццам я хачу ўшыць яму сваю п'есу. Нейкі актор мітусіцца, як той кароль Лір, які забыў свой тэкст, і цяпер сам сабе рады не дасць: «Гіне тэатр. Няма новых п'ес». Іншага актора я столькі разоў бачыў па тэлевізары, што цяпер прымаю яго за свайго старога знаёмага, а ён бянтэжыцца, убачыўшы мяне ўпершыню. Нейкая жанчына вывозіць нейкага старца на калёсіках. Жанчына элегантная, фанабэрыстая, прыгожая. Гадоў пад пяцьдзесят. Я ведаю гэтую жанчыну, але не ведаю, як яе завуць. Яна стрымана вітае мяне, але звяртаецца да мяне на «ты» і называе мяне Максам. А які ж вам Макс? Вось і яна мяне з некім зблытала. Смех дый годзе! Яна перапрашаецца. Мне прыемна. Яна пераходзіць са мною на «вы». А хто ж гэты старац? Яе бацька. Мабыць, яму ўжо ого колькі! Так, сто, без хвосціка. Кволенькі, бясплотны. На дзіва жвавы. Скура ружовая. Рэдкія сівыя валоскі, падстрыжаныя вускі, дагледжаная бародка. Нешта паміж барадой і эспаньёлкай. Ён меў гутарку з баварскім прэм'ер-міністрам. Пра палітыку? Не, пра заснаванне фундацыі эфектыўных навук. Не разумею. Напладзілася столькі непатрэбных навук. Разумею. Яна ўсё яшчэ думае, што я яе ведаю, а я яе ведаць не ведаю. Гаспадыня гутарыць са старцам. Шчабеча з ім, часта смяецца. Мабыць, стары не без досціпу. Сяджу паміж невядомай знаёмай і ўдавой-немкай выдаўца-італьянца, з якім я аднаго разу ў Мілане меў знаёмства аж цэлы дзень. Знаёмая, імя якое ніяк не магу ўспомніць, здагадалася, што я не магу ўспомніць, як яе завуць. Яна змаўкае. Удава расказвае мне пра адну актрысу, у якую я быў калісьці закаханы. Актрыса збегла з пажарнікам. Пасля вячэрыу салон. Людзі кіно і тэатра тлумяцца вакол галоўнага рэжысёра. Гэта тыя, хто цікавіцца мастацтвам. Іншыявакол старога ў каталцы. Гэта тыя, хто цікавіцца рэчаіснасцю. Нейкі мастацтвазнаўца прамаўляе кароткае падзякаванне гаспадыні дома, на хвіліну спалучыўшы сваёй прамовай абедзьве сферы. Ён надта добра разбіраецца ў мастацтве, каб не недаацэньваць жыцця, і надта добрау жыцці, каб не пераацэньваць мастацтва. Потым сферы зноў распадаюцца. Адны спрачаюцца пра Бота Штраўса, другіяпра Франца Ёзэфа Штраўса. А якое думкі старац? Ён гісторык, а не метэаролаг. Што ён хоча гэтым сказаць? Гісторык робіць далёкія прагнозы. Ён метафізік. Ён пэўны, што авалодаў сусветным духам. А метэаролаг дазваляе сабе толькі блізкія прагнозы. Ён чалавек навукі. І не лічыць, што авалодаў атмасферай. Насамрэч свет неспасцігальны. Што даступна ў палітыцы? Спорае хірургічнае ўмяшальніцтва, а потымназіраннне за непрадказальным вынікам. Што ён хоча гэтым сказаць? Канцэрн, якому ён самахоць дапамагаў парадамі і якім несамахоць кіраваў, апынуўся ў цяжкім становішчы. Няма патрэбы апісваць яго падрабязна. Эканамічныя ўзаемасувязі куды складанейшыя, чым атмасферная абалонь, прагнозы тут яшчэ больш ненадзейныя. Старац гаварыў лёгка, няголасна і шпарка. Толькі час ад часу чулася паляскванне ўстаўных сківіцаў. І тады ўзнікала патрэба ці тое забіць чалавека, ці тое перадаручыць забойства каму-небудзь яшчэ. Агульная разгубленасць. Збянтэжанасць. Потым замілаванасць. Быццам старац намысліў расказаць любоўную гісторыя. Вядома, выносіць на абмеркаванне забойствагэта ж faux pas! Культурная сфера таксама натапырыла вушы. У гэтым ужо нешта было, як калі б старац, дапусцім, еў рыбу нажом. Хоць кароль, ды ўдадатак яшчэ кароль на парозе стагоддзя, мае права і на гэта.
Ён непаўторны, прашаптала адна актрыса, якую я таксама калісьці бачыў, ці тое па тэлевізары, ці тое ў кіно, альбо ж думаў, што бачыў. Экран кіно і тэлевізара сплаўляе ўсе твары ў адзін. Добры дзесятак актораў на адзін твар. Старац папрасіў шампанскага. Адпіў. Паявіўся адзін рэжысёр і артыст, мой даўні прыяцель. З паходжанняшвейцарац. З выглядурасейскі вялікі князь, які прывык мець справы з прыгоннымі, рослы, станісты, але ўжо пасля страты спадчынных маёнткаў. Дагледжаная бародка, прадумана лёгкая прастата ў вопратцы. Пацалаваў у ручку гаспадыні, заўважыў пэўную разгубленасць прысутных, не без прыемнасці абвёў усіх вачыма і з уласцівай толькі яго сэрцу салодкай галантнасцю прамовіў: «Вітаю вас, гер радца! Вітаю цябе, Элен!», пасля чаго, зычліва зрабіўшы мне ручкай, сказаў: «Бачу, гер радца пачаў расказваць сваю гісторыю. Фантастычная гісторыя». Потым наліў сабе шампанскага і сеў. А старац вёў сваё далей. Ад яго зыходзіла нейкая ўладная сіла, якая ўсіх пад сябе падбірала. І ўсё было не ў тым, што ён казаў, а ў тым як. Вось чаму немагчыма ўзнавіць гэтую гісторыю так, як яе расказваў ён. Хай гаспадыня не зышча з яго за тое, што ён без усякіх там ухілак гаворыць пра забойства. Яму задалі пытанне, прыкладна ж так ён і паведаміў, што лічыцца палітычна магчымым. Палітыка і эканоміка падпарадкоўваюцца адным і тым самым законам, а менавіта палітыцы ўлады. Што стасуецца і з вайною. Гэта перад усім эканоміка ёсць працяг вайны іншымі сродкамі. І як бываюць войны паміж дзяржавамі, так бываюць войны і паміж канцэрнамі. А грамадзянскай вайне адпавядае барацьба за ўладу ў межах аднаго канцэрна. Усюды зноў і зноў узнікае патрэба альбо кагосьці адлучыць ад улады, альбо быць адлучаным самаму. І ў такой сітуацыі аператыўнае хірургічнае ўмяшальніцтва вельмі нават дарэчы, пасля чаго след пачакаць, каб пераканацца, ці дало яно карысць, а ці не. У выключных, хто скажа што супроць, але толькі ў выключных выпадках тут не абысціся без забойства. Само па сабе забойстваметад вельмі неэфектыўны. Тэрарызм пакідае толькі драпіны на паверхні сусветнай структуры. А вось забойства, учыненае ім, было неабходнасцю. Ясна, ён мог перадаручыць забойства. На любую справу можна каго-небудзь наняць замест сябе. Але яму неўзабаве ўсе сто, а ён, каб вы ведалі, яшчэ сам сабе завязвае шнуркі. Далей спатрэбілася яшчэ некалькі забойстваў, ну, але ўжо яны не вымагалі ніякага клопату. Пры стварэнні свету ўмяшальніцтва Бога спатрэбілася ўсяго адзін раз. Хапіла першага штуршка. Вось і на яго рашэнне праблемы сышло з хуткасцю маланкі. Старац выскаліўся. Больш за трыццаць гадоў таму яму давялося суправаджаць з прыватнай клінікі ў аэрапорт аднаго гэтак жа вядомага ў тыя часы, як і непапулярнага палітычнага дзеяча. У клініцы ён убачыў, што памянёны дзеяч, ужо ў зімовым паліто, разгублена стаіць каля ложка. Яго ўсе ганяць і пераследуюць. Уведзены ім падатак на спадчыну збанкруціў надта многіх. Ён вымушаны абараняцца. І ён дастае з кішэні рэвальвер. Вось чым ён прыстрэліць кожнага спадкаемцу, які застаўся без спадчыны. Сястра з лямантам «Ратуйце!» выскачыла з палаты. Тады ён зноў засунуў рэвальвер у кішэню. Прыляцеў доктар з двума санітарамі. Палкоўнік падчас вайсковай службы, грубы мяснік у медыцыне; ён паставіў такі дыягназ: хвароба цяпер дабралася да мозгу, ну, з медыцынскага боку гледзячы, праблемаў няма, ён яшчэ раз нашпігуе пацыента транквілізатарамі, і хай сабе вымятаецца на радзіму, інакш аддасць канцы проста тут. Бедалагу пасля кароткай звалкі, падчас якой быў накаўтаваны адзін санітар, вытраслі з паліто рэвальвер, увалілі яму ў задніцуах, пардон, пардон, пры дамах! поўны шпрыц, зноў запакавалі ў зімовае паліто і запхнулі ў «ролс-ройс». І вось ён паехаў з узброеным і ачмурэлым дзяржаўным дзеячам назад у горад. Дзівосны вясновы вечар. Прысмеркі. Недзе каля сёмай. Як што ў нас устаюць рана, дык і вячэраюць таксама рана. Калі ён разам з задрамалым фінансавым геніем праехаў па Рэміштрасэ і ўбачыў людзей, што сцякаліся ў рэстараны, у яго ў галаве мільганула ідэя, як самым элегантным чынам вырашыць сваю праблему. «Божа, сказала нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, як займальна!» Асоба, ад уплыву якое ён павінен быў асланіць канцэрн, мела прызвычайку ў гэты самы час вячэраць у вядомым усяму свету рэстаране. Старац высербаў другі фужэр шампанскага. Ён сказаў шафёру спыніцца, дастаў рэвальвер з кішэні міністра, які ціхенька пахропваў, прайшоў у рэстаран, убачыў, што ягоныя разлікі правільныя і памянёная асоба там, застрэліў яе, адтульзноў у «ролс-ройс», засунуў рэвальвер у кішэню міністра, даставіў яго, шаноўнага міністра яе вялікасці, у аэрапорт, пасадзіў у самалёт, які спецрэйсам пераправіў хворага лідэра партыі на родную выспу, дзе той, яшчэ не паспеўшы толкам прыляцець, ужо прывёў да канчатковага фінансавага краху калісьці сусветную імперыю. Ціхае пасмейванне дзеячаў культуры. Дачка захоўвае велічную, амаль злавесную абыякавасць. Калі б яе бацька расказаў, што быў начальнікам канцлагера, яна і тады не змаргнула б. Мы ўсе слухалі, як зачараваныя. Як страшную казку. І ўсё ж не без прыемнасці, нават з пацехай, зачараваныя лёгкасцю і сарказмам, з якім старац апавядаў, усё як бы ссоўваючы ў сферу абстрактнага, нерэальнага. Толькі адзін выдавец разгублена спытаўся: «Ну, а вы?»«Дружа мой, адказаў старац, дастаючы з футарала масіўную цыгару (зыходзячы з вопыту, набытага мною за час, калі я курыў, здагадваюся, што гэта была «Топерс»), дружа мой, вы пакідаеце па-за ўвагай дзве акалічнасці. Першаяу якіх колах мы з вамі абарачаемся, і другаяюстыцыя, бо яна хай хутчэй несвядома, чым свядома, арыентуецца на грамадскія колы, якія падупадаюць яе суду, хоць часамасабліва ў адносінах да людзей прывілегіяваныхяна любіць дзейнічаць з залішняй суровасцю, каб пазбегнуць дакораў за прадузятасць менавіта таму, што яна яе мае». Зрэшты, каб не знудзіць: яго арыштавалі, кантанальны суд прызнаў яго вінаватым, а суд прысяжных пазней апраўдаў, хоць забойства было ўчынена ўва ўсіх на вачах. З неабходнасці. Не хапала доказаў. Паказанні сведкаў былі супярэчлівыя. Зброя так і не была знойдзена. Ну, бо і хто ж будзе трэсці міністрава паліто?! І матыву злачынства таксама ўстанавіць не ўдалося. Канцэрн ёсць нешта непранікальнае для пракурора. Удадатак, таксама выпадкова, у рэстаране быў былы чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, але, калі яго хацелі дапытаць, ён узяў ды павесіўся сабе на здароўечка. Проста трэба, каб усё так удала склалася, зрэшты, нельга выключаць, што і чэмпіён мог стрэліць якраз у тую хвіліну, калі ён, а яму было тады семдзесят, намерыўся страляць; адзіна рэальнае ва ўсёй гісторыігэта сам нябожчык, які ўткнуўся тварам у філе а-ля Расіні з зялёным бобам, наколькі ён памятае, але вось якім чынам гэтая рэальнасць спраўдзілася, па сутнасць ролі не грае. Старац раскурыў цыгару, якою да таго размахваў, як дырыжор палачкай. І раптам усе грымнулі рогатам, сёй-той нават запляскаў, адзін тоўсты журналіст адчыніў акно і рагатаў у ноч. «Нечуваная дасціпнасць». Усе былі перакананыя ў невінаватасці старца. Я таксама. А чаму? Ад яго абаяльнасці? Ад узросту? Файна! заззяла нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, гаспадыня выказалася ў тым духу, што жыццё піша найневерагоднейшыя гісторыі, дачка паглядзела на мяне холадна і пільна, быццам хацела даведацца, паверыў я ці не. А старац курыў цыгару, у той самы час робячы трук, які ніколі не ўдаваўся мне, выдыхаў дым колцамі. Ён разумее, гаварыў далей старац, што несправядліва асуджаны не такі недасяжны, як забойца, адсюль і шчырыя воплескі, такі ўжо ў яго лёс, што ніхто не хоча лічыць яго забойцам. Вось і я, мабыць, не веругэта старац ужо звярнуўся да мяне, я, хто ў сваіх камедыях цэлымі гуртамі запраторвае сваіх герояў на той свет. Новы выбух рогату, агульнае ажыўленне. Падалі чорную каву, каньяк. Застаецца толькі пытанне маралі, зноў пачаў стары, засяродзіўшы сваю ўвагу на попеле цыгары, які ён не страсаў, а старанна нарошчваў. І раптам зрабіўся зусім іншы. Ужо не стогадовым старцам, а чалавекам без узросту. Учыніў ён забойства насамрэч альбо толькі збіраўся, сказаў старац, з пазіцыі маральнасці важны толькі намер, а не выкананне. Але пытанне маралі ёсць пытанне апраўдання дзеянняў, якія не адпавядаюць законам грамадства, якімі гэта грамадства нібыта кіруецца. Для апраўдання ж мы павінны скарыстацца дапамогай дыялектыкі. З пазіцый дыялектыкі можна знайсці апраўданне абсалютна ўсяму, тым самымі з пазіцый маралі. Таму ён лічыць усякае апраўданне лішнім альбо, калі давесці гэтую думку да абсурду, усякую мараль амаральнай, ён мог бы заявіць, што дзейнічаў у інтарэсах канцэрна, які дарэчы, пазней усё адно збанкрутаваў, так што ягонае рафінаванае забойства аказалася непатрэбным незалежна ад таго, хто яго ўчыніў, ён сам ці хто іншы, а таму ён мог бы наступным чынам адказаць на пытанне, чаго можна дасягнуць сродкамі палітыкі: калі нечагась можна дасягнуць толькі дзякуючы выпадку альбо нешта дасягнута толькі выпадкова, дык яно ёсць поўная процілегласць таго, чаго хацелі дасягнуць на самай справе. Далей стары перапрасіўся. Ён пакорліва просіць высокашаноўную гаспадыню прабачыць яму сыход, а дачку Элендаставіць яго ў гатэль «Чатыры пары года». Дачка выкаціла старога, не зірнуўшы на мяне. Я палічыў усю гэтую гісторыю выдумкай. Ну хто, скажыце вы мне, так забівае? Аднак нельга было не заўважыць, што стары сваім часам меў не абы якую ўладу, ды і цяпер яшчэ мае не абы якія ўплывы, а то з якое такое рацыі яго прымаў бы Штраўс. Мне ён падаўся прыдуманым варацілам, у якога на сумленні шмат чаго ёсцека-такі, але расказваць пра біржавыя махлярствы больш складана, чым пра забойствы, вось ён і распісвае няўчыненае забойства, бо можа не сумнявацца, што ва ўчыненае ім забойства ўсё адно ніхто не паверыць, як паверылі б у біржавыя спекуляцыі. У таксі я паспеў забыць яго гісторыю, раздумваючы толькі пра дыялектыку, якую ён падпарадкаваў маралі, і раптам успомніў ягонае імя: Колер, Ісак Колер. Аднойчы на банкеце ў сваіх сяброў я сядзеў якраз насупраць яго. Побач з яго дачкою. Калісьці. Шмат гадоў таму назад. Колер тады быў вельмі бадзёры і загарэлы. Дачка расказвала, што ён толькі што вярнуўся з падарожжа вакол свету.