Фридрих Дюрренматт - Юстыцыя стр 2.

Шрифт
Фон

 Сумняваюся,  адказаў я. (Каб ужо раз і назаўсёды пакончыць з гэтым пунктам: я нарадзіўся ў 1930 годзе. Сваёй маці, Ганны Шпэт, я ніколі не ведаў, бацька наогул хто і штоневядома. Я вырас у сірочым прытулку, які ўспамінаю з прыемнай цеплынёй, асабліва лес, што пачынаўся адразу за прытулкам і канца яму не было. Дырэкцыя і настаўніцтва там былі выдатныя, дзяцінствашчаслівае, мець бацькоўгэта не заўсёды «блага», часцейпроста без двухкосся. Мае няшчасці пачаліся з доктара h.c. Ісака Колера, а да таго ў мяне хоць і бывалі цяжкасці, але не безнадзейныя.)

 Вы збіраецеся ў кампаньёны да Штусі-Лойпіна?  спытаўся ён.

Я здзіўлена паглядзеў на яго.

 Не думаў пра гэта.

 Ён высока ставіць вас.

 Мне ён гэтага пакуль што ніколі не паказваў.

 Штусі-Лойпін усё ад усіх хавае,  суха зазначыў стары.

 Яго пралік,  бесклапотна адказаў я.  Мне хочацца самастойнасці.

 Вам гэта дасца нялёгка.

 Магчыма.

Стары засмяяўся.

 Усе вашы дзівосы яшчэ наперадзе. У нашай краіне аднаму цяжка прабіцца наверх. А на більярдзе вы ўмееце?  спытаўся раптам без ніякага пераходу.

Я адказаў адмоўна.

 Гэта ўжо ваш пралік,  сказаў ён і зноў задумліва пачаў глядзець на мяне з нейкім нават подзівам у шэрых вачах, але ўжо не пакепліва, як мне здалося, без іроніі, а строга, пасля чаго падвёў мяне да другога більярда, дзе гулялі доктар Бэна і прафесар Вінтэр, гэтых я ведаў: прафесараз універсітэта, ён быў рэктар, калі я паступаў, доктара Бэназ начнога жыцця нашага кіпучага горада, у тыя часы, праўда, не запоўнач, але затое даволі інтэнсіўнага. Бэна быў чалавек няпэўнага роду заняткаў. Калісьці ён быў алімпійскім чэмпіёнам у фехтаванні, за што і атрымаў мянушку Гайнц Алімпіец, калісьці ён стаў чэмпіёнам Швейцарыі ў стральбе з пісталета, а знакамітым гальфістам быў і заставаўся дагэтуль; сваім часам ён яшчэ трымаў уласную карцінную галярэю, якая не акупалася, а цяпер, кажуць, больш запраўляў чужымі капіталамі.

Я павітаўся, яны кіўнулі.

 Вінтэр колькі жыцьме ў більярдзе застанецца навічком.  сказаў доктар h.с. Колер.

Я засмяяўся.

 Затое вы, пэўна, віртуоз.

 Вядома,  спакойна адказаў ён.  Більярдмаё захапленне. Дайце мне кій, прафесар, усё адно такі ўдар вы не асіліце.

Прафесар Адальф Вінтэр падаў яму кій. Вінтэр быў мужчына гадоў шасцідзесяці, грузлы, але невысокі ростам, блішчастая лысіна, залатыя акуляры без аправы, дагледжаная чорная з сівізнай барада, якую ён з годнасцю пагладжваў, заўсёды дбайна прадумана апрануты, хоць і кансерватыўна, але не без элеганцыі, адным словам, адзін з тых гуманітарных балбатуноў, якіх пропадзь у нашым універсітэце, сябар ПЭН-клуба і Фонду Устэры, аўтар двухтомнай цагліны пад назваю «Карл Шпітэлер і Гэсіёд, альбо Швейцарыя і Элада. Параўнаўчы аналіз», выд. «Artemis», 1940 (мне, юрысту, філасофскі факультэт заўсёды граў на нервах).

Кантанальны радца старанна націраў крэйдай скурацік. У яго былі спакойныя, упэўненыя рухі, і, як бы рэзка ні гучалі яго словы, рэзкасць не здавалася пыхай, хутчэй свядома прадуманай і стрыманай, усё ў ім сведчыла пра сілу і беспамылковасць. Крыху нахіліўшы галаву, ён акінуў вокам більярднае поле і ўдарыў, коратка і рашуча.

Я сачыў за рухам белых шароў, за іх сутыкненнем, адскокам.

 A la bandeтолькі так можна пабіць Бэна,  сказаў кантанальны радца, аддаючы кій прафесару.  Уцямілі, малады чалавек?

 Я ў гэтым нічога не петру,  адказаў я і заняўся сваім грогам, які кельнер тым часам паставіў на столік.

 Нічога, калі-небудзь спетрыце.  Доктар h.с. Ісак Колер зарагатаў, зняў са сцяны скручаную газетную падшыўку і выйшаў.

Забойства: Тое, што адбылося праз тры гады, вядома ўсім, і пра гэта можна расказаць вокаўзам (і дзеля гэтага мне зусім не канечне быць цвярозым). Доктар h.с. Ісак Колер адмовіўся ад мандата, хоць ягоная партыя хацела вылучыць яго кандыдатуру на пасаду ўрадавага радцы (урадавага, не федэральнага, як пра тое пісалася ў замежных газетах), цалкам адышоў ад палітыкі (адвакацкую практыку ён закінуў яшчэ раней), узначаліў цагельны трэст, які набываў усё больш важкае міжнароднае значэнне, заадно (так бы мовіцьлевай рукой), спраўляў абавязкі прэзідэнта ў шэрагу ўправаў, падхалтурваў таксама ў адной падкамісіі ЮНЕСКА і часам месяцамі яго не бачылі ў нашым горадзе аж да таго не па сезоне цёплага дня ў сакавіку 1955 года, калі ён правёз праз наш горад ангельскага міністра Б. Візіт міністра меў чыста прыватны характару адной прыватнай клініцы горада яго карысталі ад язвы страўніка; цяпер ён сядзеў поплеч з былым кантанальным радцам у «ролс-ройсе» гэтага радцы і без аніякай цікаўнасці знаёміўся напаследак з нашым горадам: цэлы месяц ён катэгарычна адмаўляўся ад такога знаёмства, каб нарэшце-такі здацца; пазяхаючы, кідаў вокам на выдатнасці, што праплывалі міма,  тэхнічны інстытут, універсітэт, кафедральны сабор, раманскі стыль (кантанальшчык наш пры патрэбе падкідваў кароткія рэмаркі), рака трымцела ў мяккім паветры (якраз садзілася сонца), набярэжная кішэла людзьмі. Міністр, усё яшчэ адчуваючы на вуснах смак бясконцых бульбяных таўканіц і аўсяных каш з сухафруктамі, якімі яго гадавалі ў прыватнай клініцы, але выношваючы мару пра неразведзены віскі, ківаў радцаваму як бы здалёку чутнаму голасу, а шум транспарту чуўсяяк шум яшчэ больш далёкі, і пад гэты шум ён задрамаў; яго агарнула свінцовая стома, а можа, і прадчуванне, што пухліна ў страўнікуштука зусім не бяскрыўдная.

 Just a moment?  сказаў доктар h.c. Ісак Колер і загадаў шафёру Францу спыніцца перад «Du Théâtre», вылез, сказаў пачакаць хвілінку, паспеў яшчэ парасонам паказаць на фасад «васемнаццатага стагоддзя», але міністр Б. ніяк не зрэагаваў, ён драмаў і бачыў сны. Кантанальны радца скіраваў у рэстаран, праз круцёлку ў дзвярах дастаўся ў вялікую залу, дзе быў пачціва сустрэты мэтрдатэлем. Блізілася сёмая гадзіна, усе столікі былі занятыя, госці вячэралі, гармідар галасоў, плямканне храпаў, дзыньканне відэльцаў і нажоў. Былы радца разгледзеўся па баках, пасля рашуча прайшоў у цэнтр залы, дзе за маленькім столікам сядзеў прафесар Вінтэр, заняты філе а-ля Расіні і пляшкай шамбэртэна, дастаў рэвальвер і прыстрэліў сябра ПЭН-клуба, не забыўшыся папярэдне прыязна з ім павітацца (наогул уся сцэна разыгралася вельмі і вельмі прыстойна), пасля чаго гэтак сама спакойна і няўзрушна прайшоў міма аслупянелага мэтрдатэля, які моўчкі лупіў вочы, міма разгубленых, да смерці перапалоханых кельнерак, праз круцёлку ў дзвярах пад пяшчотнае сакавіцкае неба, зноў сеў у свой «ролс-ройс» да задраманага міністра, які так нічога і не заўважыў, які нават не ўсвядоміў, што машына спынялася, які, як ужо было сказана, проста драмаў, проста бачыў сны, ці тое яно пра віскі, ці пра палітыку (дарэчы, яго і праўда ж змыла хваля Суэцкага крызісу), ці тое пра нейкае прадчуванне што да сваёй пухліны (на тым тыдні газеты апублікавалі бюлетэнь пра яго смерць, з вельмі сціслым каментаром, прычым большасць газет дадумаліся пераблытаць арфаграфію ягонага імя).

 У аэрапорт, Франц,  загадаў д-р h.c. Ісак Колер.

Intermezzo яго арышту. Без пакепу пра гэта не раскажаш. За некалькі столікаў ад забітага якраз сталаваўся начальнік нашай кантанальнай паліцыі са сваім старым прыяцелем скульптарам Мокам, глухім, як пень, які, увесь у сабе, наогул не ўшалопаў анічога з таго, што адбылося, ні раней, ні потым. Абодва елі potaufeuгатаванае мяса з прыправамі і да яго булён з гароднінай, Мокса смакам, начальнік, зусім не шчыры заўсёднік «Du Théâtre»,  не без агіды, нават з буркатою, усё яму не ў губу: і булён астылы, і мяса не пражаваць, і брусніцы засалодкія. Калі грымнуў стрэл, начальнік і галавы не падняў, што цалкам магчыма, прынамсі, так распавядаюць, бо як рыхтык у тую хвіліну ён сама-сама высмоктваў па ўсіх правілах мастацтва мархель з мазгавой косткі, пасля нарэшце ўсё-такі ўстаў, нават абярнуўшы пры гэтым крэсла, і, як чалавек строгіх правілаў, спярша падняў яго, пасля падышоў да Вінтэра, але той ужо ляжаў тварам у сваім філе а-ля Расіні, усё яшчэ сціскаючы рукою келіх з шамбэртэнам.

 А гэта тут быў часам ці не Колер?  спытаўся начальнік у па-ранейшаму непрытомнага, спалатнелага мэтрдатэля, які з жахам вытапырыўся на яго.

 Яволь. Яволечкі ж ён,  прамармытаў той.

Начальства задумліва разглядвала забітага германіста, пасля перавяло змрочны позірк на талерку са смажанай бульбай і бобам, слізганула вачыма па місцы з далікатнай зелянінай салаты, памідорамі і радыскай.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора