Фридрих Дюрренматт - Юстыцыя стр 19.

Шрифт
Фон

 Не, фраў Штаерман.

 Годзе маліцца,  скамандавала яна.

«Узбекі» падвяліся з каленяў. Той, што прынёс карліцу, зноў узяў яе на рукі. Я таксама міжволі прыўстаў, усё яшчэ трымаючы шклянку віскі з лёдам. Дадзенае мне даручэнне я выканаў і цяпер хацеў адкланяцца.

 Сядзьце, адвакат,  загадала яна.

Я паслухаўся. Седзячы на руках у «узбека», яна глядзела на мяне зверху ўніз. Цяпер у яе ў вачах з'явілася нешта пагрозлівае. Прысуджаная да маленькага, выродлівага цела, яна магла выяўляць сябе толькі вачыма і голасам.

 Нож,  сказала яна.

Адзін «узбек» адчыніў нож і падаў ёй.

 Да фотаздымкаў, - сказала яна.

«Узбек» паднёс яе да сцяны, і яна пачала спакойна, быццам рабіла аперацыю, рэзаць доктара Бэна, таго, дзе ён смяецца, рэзаць доктара Бэна, калі ён есць, рэзаць доктара Бэна, калі сядзіць, рэзаць доктара Бэна, калі задумлівы, калі спіць, калі ззяе, калі п'е, яна разрэзала доктара Бэна ў фраку і доктара Бэна ў смокінгу, у гарнітуры ад краўца, у гарнітуры для язды вярхом, разрэзала, разрэзала, разрэзала доктара Бэна, апранутага маскарадным піратам, у плаўках, без плавак, разрэзала доктара Бэна ў тэнісным касцюме, доктара Бэна ў піжаме, доктара Бэна, доктара Бэна, мы адступалі, даючы дарогу, «узбекі» абступілі мяне, а той, што трымаў яе на руках, апісваў колы ў пякельнай гарачыні кабінета, падлога якога спакваля пакрывалася абрэзкамі здымкаў. Калі былі парэзаны ўсе да апошняй, мы занялі ранейшыя месцы, быццам нічога не здарылася. Карліцу зноў сунулі мне на рукі, і я сядзеў, быццам бацька вылюдка.

 Гэта пайшло мне на карысць,  спакойна сказала яна.  А зараз хай Дафна падае. А я ўжо паклапачуся, каб яна зрабілася тым, чым была раней.

Карліца, якая сядзела ў мяне на каленях, павярнула галаву і знізу ўгору зірнула на мяне. І ўсё ж мне здавалася, быццам карлік я, а не яна.

 Кланяйцеся ад мяне старому Колеру,  сказала яна,  ён часта бываў тут, і калі я на яго злавалася за тое, што ён усё хацеў зрабіць па-свойму, я лезла на кніжныя паліцы і шпурляла ў яго кнігамі. Але ён заўсёды ўмеў настояць на сваім. Ён і цяпер вядзе мае справы. З турмы. У тым, што я замест оптыкі і электронікі перайшла да вытворчасці супроцьтанкавай зброі і зенітных гармат, мартыраў і гаўбіц, ягоная заслуга. Думаеце, Людэвіц на гэта здольны, не кажучы ўжо пра мяне? Вы толькі зірніце на мяне.

Карліца памаўчала.

 У мяне ў галаве адны мужыкі, - сказала яна пасля; і тая насмешка, тая пагарда, якую адчувала гэта выродлівая істота да самое сябе, выразна гучала ў яе голасе.  Выносьце,  загадала яна.

«Узбек» зноў узяў яе на рукі.

 Ад'ё, адвакат Шпэт,  сказала яна, і зноў у яе голасе пачулася спакойная, пакеплівая перавага.

Адчыніліся дзверы, і «узбек» вынес Моніку Штаерман. Дзверы зноў зачыніліся. Я застаўся сам-насам з тымі двума, што мяне сюды прывялі. Яны падступілі да майго скуранога фатэля. Адзін узяў у мяне з рукі шклянку, я хацеў устаць, але другі прыціснуў мяне да фатэля, потым мне плюхнулі з шклянкі ў твар, лёд ужо растаў. Абодва тузанулі мяне ўверх, вынеслі з кабінета, пранеслі праз вестыбюль, праз дзверы ўніз, праз парк, міма гномаў, адчынілі вароты і кінулі мяне да майго «поршэ». Пажылая пара, якая прагульвалася па тратуары, з подзівам вырачылася спачатку на мяне, пасля на абодвух «узбекаў», якія тут жа зніклі ў парку.

 Гастарбайтэрысказаў я і ўзяў штрафны талон, засунуты паліцэйскім пад «дворнік». Нельга было ставіць машыну перад варотамі.

Справаздача з прычыны адной справаздачы наконт справаздачаў. Праз тры дні пасля майго візіту да Монікі Штаерман у нашай сусветна вядомай гарадской газеце было апублікавана з-пад пяра нацыянальнага радцы Эшысбургера, даверанага ў справах Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О, камюніке наступнага зместу: «Асоба, якую дзесяць гадоў таму назад нейкі пансіён Блакітнага берагу нацкаваў на наша беднае грамадства і якая бесперастанку калаціла горад сваімі скандаламі, зусім не Моніка Штаерман, за якую яна сябе выдавала, карыстаючыся прыхільным дазволам фізічна нямоглай спадчынніцы Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О, а Дафна Мюлер, якая нарадзілася 09.09.1930 г., пазашлюбная дачка Эрнэстыны Мюлер, настаўніцы з Шангнаў (кантон Бэрн), якая памерла 02.12.1942 г., і забітага 25.03.1955 г. Адальфа Вінтэра, экстраардынарнага прафесара мясцовага ўніверсітэта». Гэтая бесцырымонная інфармацыя, якая добра адпавядала характару нацыянальнага радцы, выклікала той скандал, на які і разлічваў Эшысбургер. Друк, раней больш чым паблажлівы, зрабіўся больш чым бязлітасным, нават бойка ў Брайтынгергофе» была распісана самым дакладным чынам. Пэдролі спадзяваўся, што за ўсё заплаціць Моніка Штаерман, а цяпер выходзіць, што Моніка зусім не Моніка, аднак і Дафна і Бэна зніклі без следу, і натоўп кінуўся на мяне, балазе, Эшысбургер намякнуў, што я пабываў у сапраўднай Монікі Штаерман. Ільза Фройдэ адбівалася, як тыгрыца, аднак некаторым рэпарцёрам удалося да мяне прарвацца, я хаваўся за няпэўнымі, расплывістымі адгаворкамі, пераадрасоўваў іх на Лінгарда, неасцярожна ўзгадаў Куксгафэна, пра якога змоўчаў Пэдролі, банда рынулася ў Рэймс, але трошкі прыпазнілася: пры пробным заездзе на новым «мазэраці» адбыўся выбух, і прынц разам з машынай разляцеўся на запчасткі, тады рэпарцёры, зноў вярнуўшыся ў наш горад, узялі ў аблогу «Мон-рэпо», цэлыя калоны машын згрудзіліся на Вагнерштуцвэг, у парк ніхто не быў дапушчаны, ужо не кажучы пра вілу, адзін адорвень, які ў цемры ночы, увешаны ўсемагчымай тэхнікай, пералез цераз агароджу, ачуўся раніцай у лужыне перад варотамі, без вопраткі і без оптыкі, прычым ён нават не мог бы толкам расказаць, што з ім адбылося: за адну ноч рухнулі шанцы і на камюніке, і на працяг восені, вецер садраў з дрэў іржавачырвонае і жоўтае лісце, ісці цяпер даводзілася па галінках і лістоце, а там лінуў і дождж, а за дажджом паваліў снег, а за снегамзноў дождж, вуліцы горада ператварыліся ў бруднае месіва, і ў гэтым месіве, ляскаючы зубамі ад холаду, стаяў рэпарцёр. Але скандал не толькі скалануў прэсу, але і развярэдзіў фантазію. Па горадзе цыркулявалі самыя дзікія чуткі, на якія я надта доўга не зважаў. Мяне больш цікавіла маё ўласнае становішча. Кліенты пачалі адзін за адным пакідаць мяне, паездка ў Каракас сарвалася, выгадны працэс па скасаванні шлюбу мне не перапаў, у падатковага ўпраўлення я раптам не зыскаў даверу. Перспектыўны пачатак абярнуўся бесперспектыўным, Колераў аванс увесь разышоўся, я здаваўся сабе марафонскім бегуном, які рвануў з месца, бы спрынтэр; цяпер перад мною ляжала бясконцая дыстанцыя, якая аддзяляла мяне ад прыбытковай адвакацкай практыкі. Ільза Фройдэ пачала шукаць сабе новага месца. Я рашыў заклікаць яе да адказу.

Яна сядзела ў прыёмнай за машынкай, паставіўшы на клавіятуру люстэрка, і фарбавала губы ў кармінна-чырвоны колер. Яе валасы, яшчэ ўчора саламяна-жоўтыя, сёння сталі сіне-чорныя, так што нават адлівалі зялёным. Было пяць хвілін на сёмую.

 Вы за мной шпіёніце, гер адвакат!  абурылася Ільза, наводзячы марафет.

 Хто ж вінаваты, што вы так гучна гаворыце па тэлефоне пра новае месца,  абараняўся я.

 Кожны чалавек мае права на зандаж глебы,  сказала яна, скончыўшы пафарбоўку.  Але не рабіце сабе клопату, цяпер, калі вас чакае такая вялікая праца, я вас не пакіну.

 Якая яшчэ вялікая праца?  шчыра здзівіўся я.

Спачатку Ільза ўвогуле не адказвала, яна паставіла на стол бітком набатаваную сумку і нядбала закінула ў яе люстэрка і шмінку.

 Гер доктар,  пачала яна,  хай сабе вы і выглядаеце даволі бяскрыўдна, хай у вас як на адваката надта дабрадушлівы твар, адвакаты павінны глядзецца інакш. Я іх ведаю, яны сваім фасонам альбо выклікаюць давер да сябе, альбо падобныя на людзей мастацтва, як піяністы, толькі без фрака, але ж вы, гер доктар

 Куды вы хіліце?  нецярпліва перапыніў яе я.

 А туды я хілю, гер доктар, што вы пры ўсім пры тым працмыга і касталыга, якіх свет не бачыў. Вы не падобны на адваката, але вы адвакат. І яшчэ вы хочаце вызваліць з турмы ні ў чым не вінаватага кантанальнага радцу.

- Ільза! Што ты вярзеш?

 А навошта ж тады вы прынялі ад кантанальнага радцы пятнаццаць тысяч франкаў?

Я анямеў.

 А вам гэта адкуль вядома?  рыкнуў я.

 Ну, мне ж даводзіцца час ад часу дбаць, каб вам ладзілася за вашым сталом,  зашыпела яна ў адказ,  там такі кавардак. А вы яшчэ і крычыце на мяне.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке