Вы ўжо чацвёрты, хто падчапіўся на гэтую вуду, сказаў Мок, але твар у вас быў самы дурны з усіх чатырох. І ў мастацтве вы нічога не кеміце.
Я выйшаў. Сапраўдную статую з расфарбаванага гіпсу, якая, як аказалася, стаяла ў другім канцы майстэрні, на другі дзень забралі. Па яе прыехаў упаўнаважаны барона фон Людэвіца, г. зн., дзядзькі Монікі, які кіраваў Дапаможнымі майстэрнямі «Трэг» А./О.
Моніка Штаерман Першая. Чым далей заходзіць мая справаздача, тым цяжэй расказваецца. І не таму, што справаздача даецца цяжэй і цяжэй, а і таму, што мая ў ёй роля робіцца ўсё больш двухсэнсоўнай і я не магу пэўна сказаць, ці дзейнічаў я самастойна, ці нехта задаваў мне рух, ці нехта сам дзейнічаў, маючы мяне за прыладу. А галоўнаея ўсё больш і больш сумняваюся, што Лінгард чыста выпадкова ўвёў у гульню Моніку Штаерман. З гандляром мэбляй мне дзіка не пашанцавала: ён выдаў за антыкварыят шафы, змайстраваныя ў Гагернэку з сэртыфікатам пра аўтэнтычнасць з подпісам нейкага выдуманага ім эксперта, што не дасачылася маім вокам, але не вокам Емэрліна. Пакуль што мяне па-ранейшаму чакала паездка ў Каракас, але падчас падрыхтоўкі да яе Ільза Фройдэ далажыла пра прыход Фантэрагэта таксама адзін з людзей Лінгарда. На маё дзіва тоўсты Фантэр, з цыгарай у зубах, з'явіўся ў форме гарадской паліцыі, у якой праслужыў дваццаць гадоў.
Вы звар'яцелі, Фантэр, у чым вы ходзіце!
Нічога, геру Шпэце, гэта нам спатрэбіцца, уздыхнуў ён. Гэта спатрэбіцца. Нам патэлефанавала Моніка Штаерман, ёй патрэбен адвакат.
Навошта? спытаўся я.
Яе б'юць.
Хто?
Доктар Бэна, адказаў Фантэр.
За што?
Яна прыхапіла яго ў ложку з іншай.
Дык гэта ж яна павінна была б яго біць. Смешна. Не думаеце? А чаму менавіта я ёй спатрэбіўся?
Бо Лінгард не адвакат, адказаў Фантэр.
А дзе яна цяпер?
Ясна дзе, пры доктары Бэна.
Фантэр, старча, давайце не дэталізаваць. Дзе цяпер Бэна?
Гэта вы лезеце ў дэталі, - запярэчыў Фантэр. Бэна б'е Моніку ў «Брайтынгергофе». Прынц фон Куксгафэн таксама там.
Гэта той, што гоншчык?
Ён-ён.
Я патэлефанаваў у «Брайтынгергоф» і папрасіў да апарата доктара Бэна. Слухаўку ўзяў дырэктар Пэдролі:
Хто просіць доктара Бэна?
Шпэт, адвакат.
Ён усё яшчэ б'е Моніку Штаерман, засмяяўся Пэдролі. Падыдзіце да акна, самі пачуеце.
Я на Цэльтвэгэ.
Не мае значэння. Чутно на цэлы горад, патлумачыў Пэдролі. Госці ў паніцы ўцякаюць з майго гатэля з пяццю зорачкамі.
Мой «поршэ» стаяў на Шпрэхэрштрасэ. Фантэр сеў поруч, і мы паехалі.
Па Хэгібахштрасэ, сказаў Фантэр.
Гэта ж крук, засумняваўся я.
Пляваць, Штаерманіха патрывае.
Непадалёк ад Клусштрасэ перад знакам «стоп» Фантэр вылез.
Па дарозе назад едзьце тут, сказаў ён.
Канец кастрычніка. Чырвоныя і жоўтыя дрэвы, на дарогах лістота. Перад «Брайтынгергофам» мяне чакала Моніка Штаерман. На ёй не было нічога, апроч чорнай мужчынскай піжамы без аднаго рукава, левага. Высокая. Рыжая. Нахабная. Прыгожая. Закляклая на холадзе. Левае вока заплыло вялікім фінгалам. Губы разбітыя да крыві. Голая рука падрапана. Яна памахала мне, не выплёўваючы крыві далёка. У пад'ездзе гатэля бушаваў Бэна, таксама ўвесь у сіняках і пісягах, а два насільшчыкі падтрымлівалі яго, і ва ўсіх вокнах гатэля тырчалі цікаўныя твары. Вакол Монікі цэлы натоўп раззяваў, цікаўных, ва ўхмылках, паліцэйскі кіраваў рухам. У белым спартовым аўтамабільчыку панура сядзеў малады белабрысы чалавек, відаць, Куксгафэн, малады Зігфрыд, яўна гатовы да старту. З гатэля выкаціўся дырэктар Пэдролі, маленькі такі шустрык, і накінуў на плечы Штаерман футру, мабыць дужа дарагую, я нічога не петру ў футрах.
Вы замерзнеце, Моніка, вы замерзнеце.
Не пераношу футраў, ты, паразіт, крыкнула Моніка і накінула футру яму на галаву.
Я прытармазіў каля яе.
Мяне прыслаў Лінгард, сказаў я, я Шпэт, адвакат Шпэт.
Яна не без цяжкасці ўлезла ў мой «поршэ».
Бэна пастараўся хоць куды, канстатаваў я.
Яна кіўнула. Пасля паглядзела на мяне. Я, зрэшты, хацеў уключыць запальванне, але пад яе позіркам разгубіўся.
Мы з вамі ніколі не сустракаліся? спыталася яна, ледзь разляпляючы губы.
Не, зманіў я і ўключыў запальванне.
За намі едзе Куксгафэн, сказала яна.
Ну і няхай.
Ён гоншчык.
«Формула-адзін».
Ад яго не ўцячэш.
Яшчэ як уцячэш. Куды?
Да Лінгарда.
А Куксгафэн ведае, дзе жыве Лінгард?
Ён нават не ведае, што на свеце ёсць Лінгард.
Перад знакам «стоп» на Хэгібахштрасэ я, як яно і трэба, затармазіў. На тратуары стаяў Фантэр у сваёй форме, ён падышоў да мяне, сказаў паказаць дакументы, я так і зрабіў, ён праверыў іх, ветліва кіўнуў, потым павярнуўся да Куксгафэна, які таксама мусіў быў спыніцца, каб пільна праверыць і ягоныя дакументы. Потым абышоў машыну Куксгафэна, павольна, грунтоўна, увесь час заглядваючы ў дакументы. Куксгафэн лаяўся, як я заўважыў у люстэрку задняга агляду. Яшчэ я паспеў заўважыць, як яму было загадана выйсці, як Фантэр дастаў нататнічак, а потым я паехаў па Клусштрасэ ў бок возера, праз Гоэнвэг павярнуў на Бібэрлінштрасэ і адтуль да Адлісбэрга. Дзеля перасцярогі я зрабіў яшчэ некалькі непатрэбных паваротаў, пасля чаго мы паехалі па Кацэншванцштрасэ да бунгала Лінгарда.
Я спыніў машыну каля садовай форткі. Суседняе шале, бадай што, належала Емэрліну. Я чытаў, што сёння яму стукнула шэсцьдзесят, таму менавіта такое мноства машын на звычайна пустэльнай вуліцы. Емэрлін даваў банкет у садзе. Толькі што пад'ехаў Штусі-Лойпін. Моніка ў чорнай піжаме, памінаючы чорта, плялася за мною па крутой лесвіцы. Штусі-Лойпін вылез з машыны і з цікаўнасцю глядзеў нам услед, яму было яўна пацешна. Твар Емэрліна з мінай поўнай асуды выглянуў паверх жывой агароджы.
Вось, сказала Моніка Штаерман і дала мне ключ.
Я адчыніў дзверы дома, прапусціў яе наперад. За парогам чалавек адразу трапляў у гасцёўню. Цалкам сучаснае памяшканне са старадаўняй мэбляй. Праз адчыненыя дзверы была відаць спальня з раскошным ложкам. Моніка села на канапу і зірнула на сапраўднага Пікаса над старым куфрам.
Ён мяне пісаў.
У курсе, адказаў я.
Яна пакепліва паглядзела на мяне.
Успомніла, адкуль вас ведаю, сказала. Ад Мока. Я строіла з сябе перад вамі статую.
Вельмі магчыма.
Вы яшчэ да смерці перапалохаліся, дадала, а пасля спыталася:Няўжо я вам аж так не спадабалася, што вы мяне нават забылі?
Спадабалася, спадабалася, прызнаўся я, як жа было не спадабацца.
Значыцца, вы ўсё-такі мяне не забылі.
Не зусім, прызнаў я.
Яна засмяялася.
Ну, раз ужо вы ўсё адно ўспомнілі
Яна ўстала, скінула піжаму і стаяла перад мною голая, нахабная і спакуслівая, зусім не беручы да галавы, як добра відаць, да чаго ж такі размаляваў яе Бэна. Яна падышла да вялікага акна, з якога можна было заглянуць на пляц да Емэрліна. Там сабраліся госці, і ўсе ўтаропіліся на яе, Емэрлін з біноклем, поруч Штусі-Лойпін, ён памахаў рукой. Моніка прыняла паставу той статуі, якую зрабіў Мок, Штусі-Лойпін запляскаў у далоні. Емэрлін пагразіў кулаком.
Дзякую, што вызвалілі мяне, сказала Штаерман, усё яшчэ ў той паставе, у якой яе сузіралі, і тым самымспінай да мяне.
Чыстая выпадковасць, адказаў я. Па заданні Лінгарда.
Мяне б'юць усе, каму заўгодна, задуменна сказала яна. Спярша Бэна, пасля Куксгафэн. Іншыя мяне таксама заўсёды білі. Яна зноў павярнулася да мяне.
Гэта неяк прымірае з вамі, - сказаў я. А цяпер у вас заплыло і правае вока.
Ну і што?
Дастаць вам мокрую анучку?
Глупства нейкае. Але ў шафе вы знойдзеце каньяк і чаркі.
Я адчыніў старую энгадзінскую шафу, знайшоў патрэбнае, наліў у чаркі.
Вы, мабыць, тут часта бывалі? спытаўся я.
Часам бывала. Мусіць, я сапраўдная прастытутка, канстатавала яна горка і крыху разгублена, хоць і велікадушна.
Я засмяяўся.
З сапраўднымі лепей абыходзяцца.
Яна выпіла сваю чарку, потым сказала:
А пайду прыму гарачую ванну.
І, нага за нагу, пайшла ў ванную. Знікла. Я чуў, як ліецца вада, чуў праклёны. Потым яна вярнулася, папрасіла яшчэ чарачку.