Ён быў драбнатвары, чарнявы, увішны ў рабоце і жвавы рухам вачэй. Некалькі дзён да гэтага выгалены твар. Валасы на галаве нізка падстрыжаны. На выгляд год яму было трыццаць. Адзеты ён быў так, як тут, у гэтых месцах, ужо гэтымі часамі не адзяваліся, і гэта адразу заўважыў самы маладзейшы з чатырох, той, што быў у зношанай чырвонаармейскай адзежы. Чалавек, які рабіў у сенцах труну, быў у шарачковых нагавіцах, зрэбнай кашулі пад кароткай ватоўкай з афарбаванага ў руды колер палатна і ў падшытых скуратом лапцях.
– Добры вечар, – адумаўшыся, сказаў маладзейшы з чатырох.
Той моўчкі скланіўся і зноў пачаў заганяць цвікі ў дошку.
– Вы гаспадар? – сказаў маладзейшы.
– Я гаспадар і там гаспадар, – паказаў ён рукой на дзверы ў хату. Слова «гаспадар» ён выгаварыў нейк так: «гспдр».
– Рыжы бык у вас ёсць? – запытаў маладзейшы.
Той або не пачуў, або не разабраў ці не разумеў. Ён маўчаў. Маладзейшы стукнуў у хатнія дзверы, і адтуль адразу ж выйшаў чалавек сярэдняга веку, у ботах, чорным пінжаку і адкінутымі назад валасамі.
– Вы гаспадар?
– Я тут жыву.
– Рыжы бык у вас ёсць?
– Ніякага быка тут няма. У мяне няма.
У той жа момант усе шпарка выскачылі на двор і абступілі быка. Тоўсты злаўчыўся і даў вялікаю фінкаю быку ў горла. Бык упаў на сагнутыя ў каленях пярэднія ногі, і кроў хлынула з яго на мерзлую зямлю. Кроў пахла мокрым сіверам. Чалавек з адкінутымі назад валасамі выйшаў на двор і разам з усімі бачыў, як кончыўся бык. Малады ў летнім пінжаку сказаў адразу:
– Каб хоць раз укусіць чаго.
– Адзін раз можна, а два не хопіць. Чаго ж вам прасіць есці, калі ў вас гэтулькі мяса. Бярыце чыгуны і варыце.
Падазрона ён акінуў вачыма невядомых прышэльцаў.
Адзежа яго была добрая, калісьці франтаватая, цяпер змятая і дзе-нідзе заплямленая. Востры неспакой жыў у яго вачах і на твары.
– Прыгатуй чыгуны, – сказаў тоўсты.
– Чыгуны гатовы. Стаяць у хаце. Толькі ўзяць.
У яго яшчэ была і прыкрасць, што гэтыя невядомцы тут з'явіліся. Ні словам, ні намёкам ён не пацікавіўся, хто яны. Што ж! Брыдкі час, не варты чалавека. Чалавек не верыць сабе падобнаму. Відаць было, што гэты, з адкінутымі валасамі, баяўся чапаць яму невядомых. Ціхом ён пайшоў у хату. Тым часам тоўсты ў кажуху вельмі спрытна ўвіхаўся. Ён ужо дзёр з быка скуру. Ён так увайшоў у гэты занятак, што, здаецца, забыўся на ўсё іншае. Апошняе сонечнае праменне знікла з двара. Сонца зайшло. Папаўзло змярканне. Абыякавы стары паклыбаў да ганка. За ім і два, апроч тоўстага.
– Памагайце, – сказаў ён, і ўсе вярнуліся.
Быка абдзерлі нешта вельмі хутка, яшчэ завідна.
– Трэба ж чыгуны ўзяць, – сказаў старэйшы.
– Па чыгуны пойдзем разам, – абазваўся той, што мёрз у летнім пінжаку. І гэта было вострае выяўленне таго, што чалавек не верыць нікому з людзей. Не трэба спускаць другога з вока. Тоўсты ўскінуў наапашкі кажух, які ляжаў пры сцяне на зямлі, і ўсе пайшлі ў хату. Першы ішоў старэйшы. Ён пачынаў рабіцца вельмі дзейны. У сенцах той ужо канчаў труну. Яму свяціла самаробная свяцільня: у чарапку плаваў у чымсьці чорным і гарэў кнот. Усе, і трунны майстар следам, увайшлі ў хату.
Перш за ўсё было штосьці падобнае да кухні ў сялянскім дамку. Цеснаваты пакой з гліняным токам замест падлогі, пабеленыя сцены, варыстая печ і свечка на лаве. Яна і асвятляла ўсё. Але самае першае, што кінулася ў вочы ўсім чатыром, гэта вось што было. На засланым белым прасцірадлам тапчане ляжала мёртвая дзяўчына. Гэта быў яшчэ падростак. Сіняя паркалёвая спадніца абгортвала яе ногі. Роўна ляжалі ступені яе ног у толькі што пашытых (швы з белых нітак былі свежыя) пантопліках з чорнага корту. Твар васковага колеру, худзенькі і дробны, лобік высокі. Завостраны нос і такія ж плечы ў рудой кофтачцы, вельмі падобнай (каб толькі не колер іншы!) на тую, што вісела на двары. Самаробная, звязаная з нітак. Спушчаныя шчыльна вейкі цёмнага колеру, і было ўражанне, што з-пад іх глядзяць і сочаць за ўсім вочы. Зусім яшчэ дзіця была гэтая нябожчыца. Год пятнаццаці ці чатырнаццаці дзяўчына сядзела каля гэтай нябожчыцы ў галавах і глядзела на чатырох, што ўвайшлі ў хату. Позірк яе быў спакойны і ўраўнаважаны, ён як бы гаварыў: няхай вас увойдзе сюды хоць сто чатыры, нічога на свеце ад гэтага не зменіцца. Валасы на яе галаве былі густыя і цемнаватыя, лоб высокі, выпраўка бадзёрая, і ў вачах веданне нейкага вялікага сэнсу. І гэтая была ў сіняй паркалёвай спадніцы і ў самаробным кафтаніку з ваўняных нітак, толькі ўжо вішнёвага колеру. Твар у гэтай быў як вытачаны, з пэўнымі цвёрдымі рысамі, і ў сціснутых губах вызначалася адлюстраванне таго, што хутка ўжо тут усталюецца натура. Адна рыса ішла цераз увесь твар і перакрывала сабою ўсё: як бы ўсё гэтай дзяўчынцы здавалася звыклым і нічога дзіўнага нідзе. На свеце няма з чаго дзівіцца, бо ўсё такое, якое яно ёсць.
З другога канца тапчана стаяў на каленях на зямлі той, з адкінутымі назад валасамі, і, схіліўшы галаву, трымаў лоб на канцы тапчана, каля ног мёртвай дзяўчынкі. Тое, што ўвайшлі ў хату і стукалі нагамі, не падняло яго з калень. Ён і не зварухнуўся. Не зварухнулася і дзяўчынка, што сядзела ў галавах нябожчыцы. Той, што рабіў у сенцах труну, на пальчыках падышоў да ўкленчанага чалавека і далікатна паклаў яму руку на галаву. Ён як бы гладзіў яго па галаве. Ціха ён сказаў:
– Труна гатова.
Чалавек падняўся з калень і ўтрапёным позіркам азірнуўся. Невядомыя прышэльцы стаялі ля парога і маўчалі. Тоўсты, у кажуху, першы абазваўся:
– Мы прыйшлі па чыгуны.
Чалавек перасмыкнуў сціснутымі губамі і сказаў да дзяўчыны:
– Ганна, дай людзям чыгуны.
Пакуль Ганна даставала з-пад печы два вялікія чыгуны, ён паглядзеў у твар кожнаму і роўным тонам сказаў да ўсіх:
– Калі вы, або каторы з вас напроці ночы не пойдзе ў дарогу або яшчэ і заўтра будзе тут адпачываць ці як там яму выйдзе, то можа хто з вас, браткі, памог бы мне пахаваць яе. Выкапаць яму трэба, занесці і зрабіць што трэба.
– Вы ж тут удвух, – абазваўся тоўсты.
Як толькі ён так сказаў, той, што рабіў труну, зірнуў на яго з маўклівым дакорам, і ён, з выглядам абвінавачанага, спусціў доле вочы. Вельмі ж відно было ў гэты момант, якая гэта добрая, мяккая, лагодная натура. Выгляд у яго стаў адразу такі, што яму ўжо як бы і не патрэбна стала чужая дапамога. Ён маўчаў і беспарадна як бы чагосьці шукаў вачыма ў пустых кутох.
Тады абазваўся ў чырвонаармейскай зношанай адзежы. Ён сказаў:
– Я памагу, толькі раней каб мяса прычакаць і хоць колькі разоў укусіць. Я не вытрымаю з голаду. Мае зубы могуць цяпер раструшчыць камень.
Ледзьве ён паспеў сказаць палову гэтай фразы, як шпарка выткнуўся паперад той самы старэйшы, у якога халодная абыякавасць і безнадзейнасць, здавалася, навекі асталяваліся на твары. Ён паволі перасмыкнуў губамі і нейкай адной рысай у сябе паміж вачэй і з жудасным акцэнтам сказаў шпарка, быццам баючыся, што яго не захочуць слухаць:
– Я пайду памагаць.
І ў той жа момант плечы яго страсянуліся, і ён хапіўся за твар рукамі. Ён плакаў. Што такое здарылася? Адкуль гэта ў такі час, калі спарахнелыя ў зямлі лаціняне ніколі яшчэ не мелі такога бліскучага апраўдання сваёй прымаўцы: «чалавек чалавеку воўк». І ніхто гэтаму не здзівіўся і як бы не заўважыў нават гэтага здарэння. Толькі таўсматы нездаволена зірнуў на слабавольнага плаксуна, і нават як бы пагрозай зварухнуліся яго вочы.
Конец ознакомительного фрагмента.