– Пачалі – дык трэба канчаць, – сказала яна, і ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распілавалі хвою на кавалкі, з абаіх ішоў пот, і вецер працінаў іх.
– Садзіся хутчэй на воз і накідайся паверх кажуха маею світай, – цвёрда скамандаваў ён. – А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзішся.
– Тут жа недалёка, я шпарка пайду.
– Садзіся! – крыкнуў ён, і яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класціся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калі ён вярнуўся дадому, ужо спявалі пеўні. Разгрузіўшы воз і паставіўшы каня, ён увайшоў у хату ціхенька, каб не пабудзіць яе, і ўбачыў, што яна не спіць, а стаіць ціха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго і баялася якой-небудзь злой прыгоды.
– Не стой, а кладзіся і каб ты мне да раніцы выспалася! А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенні.
З хаты ён выйшаў не раней як тады, калі яна лягла і сцішылася. Ён доўга важдаўся на двары і ў пуні. Ужо цадзіцца пачынала кастрычніцкае рассвітанне; пеўні галасілі, здавалася, па ўсім свеце. «Ці спіць яна, такая клапатлівая?» Увайшоў у хату і прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелі плечы, нылі ногі, цяжэла галава і хіліла на кашаль. З вялікай сілай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запаліў лучыну і падышоў да Волечкі. Ён здзівіўся – такі чырвоны і неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, і абыякавасць да ўсяго была відна ў іх. Гэта была небывалая ніколі раней рыса ў яе, і ён жахнуўся:
– Волечка, што з табою. Табе што-небудзь баліць?
– Нічога, толькі ў грудзях.
– А больш?
– Больш не, толькі галава.
– А больш нічога не баліць?
– Нічога, толькі ў горле.
– Ну а яшчэ дзе баліць?
– Ані нідзе.
– Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю і памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось які хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.
– А я не баюся. – Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе і пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпаліў у печы і зрабіў гарачае ёй выпіць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў – ляжаць і не ўставаць, грэцца і чакаць яго з фельчарам, ён зазірнуў ёй у твар і жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, і вочы заплюшчыліся.
– Я буду ляжаць і чакаць, – ледзьве вымавіла яна, і ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымі рукамі ледзьве патрапляў перавязваць і перакрыжоўваць вяроўкі, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свіснуў пугаю і рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, і імчаўся ён на злом шыі, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свіст пугі. Кастусь даімчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай і раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволі высока і сарваны ёю масток толькі палавінай сваёй трымаецца пад той бераг, а бліжэйшая палавіна расплылася бярвеннямі. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў – пачыналася адліга. Колы клалі след на вялістай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. «Божа мой, спазнюся!» І вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна білася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну і ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногі, пасля стаяў на сядзенні, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднімалася. Вада ўжо ў яго ў халявах і вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзі. Але як выбрацца з рэчкі? Той бераг вельмі круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад і ледзь выехаў назад на плыткі бераг. Вада з яго лілася цурком, а на лбе стаялі кроплі поту. Тузаючы лейцы і круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. І такі ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку і аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа і так колькі часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калі ўжо на небе цяжка валакліся хмары і збіваліся ў адзін на ўсё неба засціл. Імгла зацярусілася густа. Фельчар, з раскудлычаным сівым кліночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмі можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такі нудны дзень, і таму быў такі рухавы, калі ўбачыў праз акно, што нехта пад'ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова і ела з кучы капуснік. Певень хацеў умасціцца на мокрую жэрдку і з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна і нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: «А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!» Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кінуўся ён да фельчара:
– Дзянь добры вам, я так імчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём…
– Праўда, масток сарвала, – разважліва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар і пагнаў у хлеў карову і, ідучы, запытаў:
– Сам адкуль? А што здарылася?
– З Волечкай вельмі дрэнна!
– З якой гэта Волечкай?
– Ну а з той, што вы прыязджалі да яе ў хату палоннага немца лячыць.
– А-а, дык ты з Сумліч? Той самы выгнанскі сын? Ну, бачыш, як добра, што я параіў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, ідзі ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.
– Няма калі сушыцца, трэба назад імчацца, яна там ледзьве жыве.
– А што з ёю?
– Ляжыць без памяці.
– Можа аб'елася чаго?
– Не, у яе баліць галава, горла і грудзі.
– Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калі на небе расчысціць.
– Не, родненькі мой, паедзем цяпер.
– Чаго ты гэтак спалохаўся? Відаць, што ніколі хворых не бачыў.
– Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!
Фельчар нічога не адказаў і моўчкі стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкі чакаў. Нецярплівасці яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў і аж уздрыгануўся, калі фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваім вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе і сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:
– Па паўдні зусім распагодзіцца.
Кастусь пагнаў змучанага каня з усіх сіл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылі ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалі ў двор, фельчар не даў Кастусю апомніцца, сагнаў яго з воза адразу і ўвапхнуў у хату.
– Ты ўвесь ссінеў і калоцішся, як святы на споведзі. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазіць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне і ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нічога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе і рабі што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзі, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся і дыхай сабе ў жывот. Але ж і кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?
– Не, гэта Волеччын.
– Грэйся! З цябе павінна выйсці сем патоў, толькі тады маеш права з печы злезці! Ты мне глядзі! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.
– А як жа іх лічыць тыя паты? – ледзьве адцягнуў голас Кастусь.
– Выцірай лоб і чакай, пакуль зноў замакрэе. І так да сёмага разу.
– Добра, толькі я раней пайду каня пастаўлю.
– Не смей! Нічога каню не зробіцца, калі і пастаіць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькі я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?
– Чую, – прахрыпеў Кастусь, сцішваючыся за халодным комінам.
– А цяпер і я павінен аптэчнага ўзяць, бо і я прамок і дрыжу, як нячысты пад крыжам. – Ён дастаў з кішэні пляскатую бутэльку і напалам разліў усё, што ў ёй было.
– Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пі, не бойся. Бачыш, я не атруціўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спірытус! А табе, малая, гэтыя пілюлі, глытай па тры на дзень. На! Глыні першую. Так ляжыце і мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне інтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховіча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховіч заімчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, і ты, малая, усміхаешся! Ну, дык я на тваім вяселлі буду гуляць.