Цяжкі боль здушыў яму грудзі. Ён выйшаў на двор. Пачынаўся дробны дождж, мусіць, на ўсю ноч. Ён пайшоў класці нанач коням апошняе сена. Волечка ўвагнала ў двор карову і пайшла ў хату па дайніцу. Каўбаса ляжала на стале. Волечка адламала драбок ад каўбасы і паклала ў рот. Якая асалода жаваць каўбасу! Як даўно яна не ела смачнай яды! А што, калі ён заўважыць, што яна ела каўбасу? Гэта ж яму абяцанае. Да таго ж – ён увесь дзень малаціў, а яна так сабе круцілася каля хаты. Як злоўлены злодзей, яна шпарка паклала каўбасу і пайшла даіць карову. Ён стаў збоку і глядзеў, як яна працуе.
– А хто ж табе на жыта ўзараў?
– Я сама.
Ён і не падумаў пра гэта. Якая яна маладзец! Ворыва ж у яго ўяўленні заўсёды звязвалася з вобразам здаровага мужчыны. Калі яны прыйшлі ў хату і запалілі агонь, ніхто з іх не хацеў есці каўбасы.
– Ты малаціў цэлы дзень!
– А ты арала можа цэлы месяц!
Каўбаса так і асталася на стале, і толькі назаўтра зранку яны з'елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Тры дні ліў дождж. Кастусь толькі і займаўся тым, што зранку малаціў, а адвячоркамі ўкошваў травы коням нанач. На чацвёрты дзень падзьмуў вецер, і шэрыя засцілы восеннага неба падняліся ўгару. Уночы зырка ўзышлі зоры, і пачаліся дні з ціхім сонцам і жаўталісцем на дрэвах і пад дрэвамі. «Можа я рассеяў жыта і не вельмі мерна, але затое добра забаранаваў. Зерне ў зямлі, то яно ўзыдзе». Так думаў ён. І на душы ў яго было лёгка: ён жа скончыў такую важную работу! «А цяпер ужо хутка можа прыйдзецца і ехаць куды-небудзь». І ён узяўся адпасваць у дарогу свайго каня. Ён важдаўся з параю коней і днямі і начамі. То карміў іх, то пасвіў. Нарэшце зноў прыйшла шчаслівая часіна: Волечка сказала яму:
– Можа, ты мне паможаш на зіму дроў навазіць?
Трэба думаць, што яна адчувала яго смутак перад невядомасцю будучыні. Часамі яе агортаў одум. Яна думала пра яго і шкадавала яго. Можа гэта ўжо фармавалася жаночая душа, у якой многа месца для чужой бяды. Ёй было вялікай радасцю бачыць, як ён шчасліва ажывіўся і ўхапіўся за прычыну яшчэ тут астацца. Яна ўжо разумела яго навылёт. І гэта пачалося куды раней, чым ён пачаў угадваць яе думкі і патрэбы. Кожны дзень яны пачалі ездзіць у лес. І так засталі іх ужо добрыя прымаразкі. Рэчка з берагоў пачала прымярзаць, вада ў ёй стала чыстая, і на сонцы дно прасвечвала ў ёй усюды. Гэта былі дні апошняга смутку Кастуся Лукашэвіча. Раней смутак з'яўляўся ў яго парывамі. Цяпер ужо час прайшоў, востры боль душы прытупіўся. Час лячыў душу. Смутак аб бацьку, аб родным кутку, аб усім тым, што страцілася і што ўжо вярнуць было цяжка, і на гэта надзей не было – смутак аб гэтым ападаў і зменшваўся, і аставаўся без выбухаў і болю. Ужо з'яўляліся ў душы першыя адзнакі таго, што ўжо тут, на гэтым месцы, душа знойдзе радасць быць у сваёй радасці. Ясныя былі дні, і марозлівыя, і, як заўсёды ў тую восень, ціхія. Цішыня і спрыяла ўраўнаважанню яго душы. Гэта была мясцовасць, дзе як бы сышлося ўсё, да чаго ён прывыкаў некалі ў маленстве. На даляглядах сінелі лясы. Вялікія дрэвы раслі пры дарогах, і чым вышэй яны ішлі ў неба, тым неба здавалася вышэйшым. Мерзла і нікла трава, але над вадою яна стаяла зялёная і тырчэла з прыбярэжнага лёду. З дзікіх ігруш на межах і выганах ляцела ў вецер счарнелае лісце. Камень пры дарозе абростаў імхом, уночы абзываўся воўк у пушчы, на вялікую разлегласць грукацелі колы па мерзлай зямлі, кожны дзень на ўсходзе і захадзе неба доўга палала ясным хараством, і не было той ночы, каб зырка не свяцілі зоры. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней. Не нуда і не смутак ужо, а руплівая ўзбуджанасць падкрадалася да яго ў гэтыя ночы. Ён паднімаў галаву і прыпадаў тварам да шыбы. Яшчэ далёка было да світання. Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў на ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Але найбольш еў адзін конь, яго. Волеччын жа быў зусім стары. З'едзенымі зубамі ён склычваў сена ў мокрыя камякі і, утаміўшыся, стаяў над ім. Кастусь падкладаў яму свежага сена і ішоў дасыпаць ночы, каб аднак жа яшчэ ўстаць некалькі разоў. Душа яго чула і вочы бачылі, што стаіць хараство зорнай ночы і восень позняя пагодная, але аднак жа цяпер ужо сталасць заклапочанага чалавека панавала над усім у яго душы, і гэта было яго шчасце, бо ён не аддаваўся голым пачуццям, а паўнаце жыцця, якое яно ёсць. І гэта ратавала яго ад хваравітых парываў, якія навек могуць сапсаваць маладую натуру. Шчаслівасць укрывала ад гэтага і Волечку. Цэлымі начамі яна ціха і глыбока спала і ўставала тады, калі пачынала цадзіцца світанне. Пры лучыне абое яны рыхтаваліся, як толькі развіднее, выехаць у лес. Дровы вазілі на Кастусёвым кані. Волеччын ніяк не правіўся, а яшчэ больш худнеў. Волечка раз была сказала:
– Яшчэ тата казаў, што трэба перамяніць каня.
– Я табе яго перамяню, – адказаў ён ёй на гэта, і яна не прыняла яго адказу за пустыя словы. Незаўважна ні для кога з іх яна пачынала адчуваць у ім нейкі для сябе аўтарытэт. Дзень за днём, і куткі Волеччынага двара былі ўжо завалены галлём і тонкім сухастоем. Ужо на зіму даволі будзе апалу. Але што гэта за дровы! Калі везлі з лесу апошні воз, Кастусь нагледзеў у гушчырні, у баку ад дарогі, добрую хваёвую сухастоіну.
– Я яе ўночы спілую і за дзве ночы перавязу. Вось гэта дык будуць дровы! На самыя маразы, і хлеб пячы. А з самага камля пастаўлю шулы ў браму, а то двор не зачыняецца.
– Як жа яе спілаваць? А ляснік звон пачуе.
– Не пачуе. Трэба вышэй пілы камель шчыльна абкруціць кажухом і цесна перавязаць, а тады пілаваць. І ніякага звону не будзе. Толькі кажуха няма.
– А вон жа! – ускінула яна ўгару плячыма: яна была ў старым, на яе велікаватым кажушку. – Толькі хіба можа ён малы будзе.
– Якраз добра.
Яна ацаніла яго руплівасць. У гэтыя часы свайго жыцця, калі яна многа думала пра бацьку, яна была абыякавая да шулаў і да продажу старога каня, але ёй было шчасце мець каля сябе такога блізкага ўжо і аўтарытэтнага Кастуся Лукашэвіча. Усё, што ён скажа – усё добра. З якой ахвотай яна будзе пілаваць з ім уночы гэтае сухое дрэва! Гэтая гаворка зноў зрабіла іх як бы нейкімі змоўшчыкамі. Яна сядзела наверсе воза, а ён ішоў збоку і павярнуў каня на кругавую дарогу:
– Зробім круг, але паглядзімо, як узышло жыта, – сказаў ён.
Ён хітрыў перад ёю. Ужо разоў некалькі ён хадзіў глядзець жыта, а цяпер таму і павёз сюды Волечку, што яно ўзышло добра. Як сявец ён вытрымаў экзамен як найлепш. Волечка саскочыла з воза і стала над сваім палеткам. Густа і роўна стаяла над прымерзлай зямлёй рунь. Кастусь аж падкінуў каню сена, каб Волечка не спяшалася і як трэба ўгледзелася ў яго работу. У яго быў такі выгляд, як бы гэта ён сам выдумаў на свеце, што раней сеюць, а пасля пасеянае ўзыходзіць. Волечка змерзла стоячы. Раней у іх былі думкі задаволення аб тым, што двор завален дрывамі, пасля некалькі дзён думалася аб добра пасеяным жыце. А пасля надышла чарга той сухой хвоі. Так і праходзілі ў іх дні. Ноч, калі трэба было ехаць спілоўваць хвою, выбрала яна. Ён сумысля маўчаў. Ён такі пабойваўся гэтай, выдуманай ім самім, справы. Хаця каб не здарылася якой-небудзь злой прыгоды! Якой радасцю ўстрапянулася яго сэрца, калі з самага вечара яна сказала яму: – Узняўся вецер, у лесе будзе шумець і трашчаць. Пілу цяжэй чуць будзе. Ці не паехаць сёння?
Не кажучы больш адзін аднаму ні слова, яны, адзетыя, пасядзелі ўпоцемку, паслухалі, як гудзе на дварэ вецер, паглядзелі, як стаіць сярпок месяца, і выехалі з двара. У вышыні лесу гуло і трашчала, быццам над лесам цяглося што гулкае і неспакойнае. Ён адразу знайшоў патрэбнае дрэва. Яшчэ тады, удзень, ён вымеркаваў, у які бок яно павінна ўпасці. І цяпер ён вобмацкам прыставіў пілу. «Няхай сабе звініць, – думаў ён, – абы хутчэй». Але яна не вытрымала. Яна скінула з сябе кажушок, і ён зразумеў яе трывогу. І ў яго душа ныла. Скінуў ён і з сябе світу. Калі кажушком і світай, згамтанымі разам, ён абкруціў дрэва вышэй пілы і перацягнуў сваёю папружкай, звон і сапраўды стаў глушэйшы. Як ні стараліся яны цягаць пілу, прайшло даволі многа часу, пакуль дрэва лягло.