Яна ж толькi на нейкi момант супынiцца - i зноў усчынае сваё надаеднае бзынканне.
Гэтак i згадка пра Мартэнаву дачку не давала спакою Бэнуа, нiбы назолiстая муха.
Потым яму закарцела яшчэ раз убачыць дзяўчыну, i ён закружляў паблiзу Мартэнёўкi. I ўрэшце-такi ўбачыў: яна развешвала бялiзну на вяроўцы, напятай памiж дзвюма яблынямi.
Дзень быў цёплы; Мартэнава дачка была адно ў кароткай нiжняй спаднiцы; надзетая на голае цела, кашуля шчыльна аблягала пругкiя дзявочыя грудзi, як толькi яна ўзнiмала рукi, каб павесiць ручнiк.
Бэнуа як прыкiпеў за ровам; прамiнула з гадзiну часу, ужо i дзяўчына даўно знiкла ў хаце, а ён усё не кранаўся з месца. Дадому ён вярнуўся ўзрушаны яшчэ мацней, чым пры першай сустрэчы.
Цэлы месяц яго думкi былi заняты адной Мартэнавай дачкой; ён ажно ўздрыгваў, калi пры iм згадвалася яе iмя. У яго дарэшты прапаў апетыт, па начах ён аблiваўся потам i амаль не спаў.
Штонядзелi, у час абеднi, ён не зводзiў з яе вачэй. Яна заўважыла гэта i стала яму ўсмiхацца, палашчаная такiм непрыхаваным залюбаваннем.
Неяк вечарам ён зусiм неспадзявана сустрэўся з ёю на палявой дарозе. Яна ўбачыла яго i спынiлася. Ад спалоху i ўсхваляванасцi ў яго ажно перацяло дыханне, але ён усё-такi цвёрда рушыў да яе з намерам сказаць усё. I, запiнаючыся, загаварыў:
- Ну вось, васпанна Мартэн, самi бачыце, далей так цягнуцца не можа.
- Што далей так цягнуцца не можа, Бэнуа? - перапытала дзяўчына з усмешкаю.
- Што я цэлымi днямi думаю пра вас.
Яна паставiла рукi ў бокi:
- А хiба я прымушаю вас?
- Прымушаеце... - Бэнуа запнуўся. - Прымушаеце; я ўжо нi пiць, нi есцi не магу, нi сну, нi пярэдыху не маю.
- То чым жа тады вылечыць вас ад гэтага? - прашаптала яна.
Ён разгубiўся: рукi яго абвiслi, вочы скруглелi, рот прыадкрыўся.
Яна моцна адштурхнула яго i ўцякла. З гэтага дня яны пачалi сустракацца то каля межавых равоў, то на дарозе ў ярах, то ў прывечарэлым полi, калi ён пасля працы вёў дадому коней, а яна гнала з пашы сваiх кароў.
Бэнуа адчуваў, як неадольная сiла вабiць яго да Мартэнавай дачкi, ён цягнуўся да яе i душой, i целам. Яму праглася сцiснуць яе ў абдымках, задушыць, з'есцi, зрабiць яе часткай сябе самога. I яго ажно калацiла ад бяссiлля i нецярплiвасцi, ад шалу, што яна не дарэшты належыць яму, што яны не створаны адзiнай iстотай.
Па наваколлi пра iх пайшла пагалоска. Iх ужо лiчылi жанiхом i нявестай. Аднойчы ён i сам папытаўся ў яе, цi хацела б яна стаць яго жонкаю, i яна адказала: "Хацела б".
Яны чакалi моманту, каб пагаварыць з бацькамi. I раптам нi з таго нi з сяго яна перастала хадзiць на спатканнi. Ён падоўгу блукаў вакол iхняй фермы, але так нi разу i не ўгледзеў дзяўчыны. Давялося чакаць нядзелi, каб убачыцца з ёю ў царкве. А ў нядзелю, адразу пасля абеднi, кюрэ з амбона абвясцiў пра заручыны Вiкторыi-Адэлiны Мартэн з Жазэфанам-Iзiдорам Валэнам.
У Бэнуа абвялi рукi, нiбыта з iх раптоўна спусцiлi ўсю кроў. У вушах шумела, ён як аглух; толькi па нейкiм часе ён заўважыў, што плача, уткнуўшыся ў малiтоўнiк.
Цэлы месяц ён не паказваўся на людзях. Потым зноў улёг у работу.
Аднак загою не было, ён думаў i думаў пра дзяўчыну. Штодня, зранку i ўвечары, ён падоўгу гуляў у полi, але пазбягаў хадзiць дарогамi паблiзу Мартэнёўкi, далёка абыходзiў яе, каб не бачыць нават абсады тае сядзiбы.
Яна была ўжо замужам за Валэнам, самым багатым фермерам у кантоне. Бэнуа перастаў размаўляць з Валэнам, хоць яны таварышавалi з самага маленства.
Неяк вечарам, праходзячы паўз мэрыi, Бэнуа пачуў, што Мартэнава дачка цяжарная. Гэта навiна чамусьцi зусiм не прычынiла яму болю - наадварот, ён адчуў нават пэўную палёгку. Ну, вось i ўсё, вось i ўсё нарэшце. Гэта разлучала iх яшчэ болей, чым сам шлюб. Папраўдзе, гэтак было нават лепей.
Прамiнаў месяць за месяцам. Бывалi выпадкi, што ён бачыў яе на дарозе, калi яна ацяжэлай паходкай iшла ў сяло.