Ня толькi купiў Амэрыканiц найбольш урадлiвы клiн зямлi вясковай, а яшчо якi кусок за зялезнай дарогай ад зьбяднелых галавацкiх шляхцюкоў адкацiў. I бацьку ягонаму, знацца й яму, як наўмысна, што скула пад бокам... Здалося Сабакевiчу, што навет Сявенькавы будынкi кпiлi зь яго, выклiкалi. У дзярэўнi старыя, трухлявыя, гарбатыя стрэхi, а ў гэтага вунь якiя харомiны, з-пад тапара й склюта нiдаўна...
Ля самага лiтоўскага балота Буракова гаспадарка прытаiлася. Хату засланiлi дзьве пышныя рабiны, што быццам вартаўнiкi ля варот службу трымалi. Ззаду - хлявы й гумно, збоку - высокi журавель калодзезя, што цяперака вераб'i абселi. На скрыжаваньнi дарог, мiж Сявенькавым i бацькавым хутарамi - лiтоўская школа. Быццам сiрата, - калi ня лiчыць будкi патрэбнiка, - сьвяцiла яна бляшанай страхой.
Косьцiк кашлянуў, працёр ацяжэлыя сонныя павекi, рукой адгроб назад валосы, ды вочы ягоныя пабеглi далей па будучым уладаньнi, а думкi - сьледам за iмi. У галаве адурманенай адбыўся падлiк: што, каму й за што... Вазьмi хаця-б гэтага недарэку-боўдзiла Бахмача. Нашто ўжо чалавек, здаецца галаву меў на плячох, некалi ў Пiцеры пiсарам, цi што, працаваў. А што зь яго? Панскi легiянер Бжончэк яму бабу прыхлопнуў, так ужо паны - яцi ух растакую, - дасалiлi, а гэты як быў ёлупам, так i астаўся, анi-нi нi паразумнеў. Гэта-ж табе такiм, як Косьцiк, у руку прыяць, дык дзе там... Я-ж табе й за Ромку, i за сябе адгаджуся, нi жывацей ты! Мала яшчэ панская палiцыя косьцi табе падраўняла!
Сьцiснулiся Косьцiкавы кулакi. Зрок ягоны прылiп да ўпаўшых бакоў (згаладалая карова), парослай зялёным мохам i сабачымi грыбамi страхi Пракопавай хаты, пасьля перапоўз на высокую, сагнутую ўверсе, лекараву радыё-антэну. "Доктар балбатун, iцi яго маць, - разважаў у думках Косьцiк, алi можа й няшкодны балбатун. Радзiва зь Мiнску людзi ў яго слухалi... з другой стараны бiларускую каталiчаска-буржуазную пiчаць зь Вiльнi выпiсваў, польскай палiцыi рукi грэў. Над гэтым падумаць трэба, а цяперака як жыдоўскi кручкаваты нос, вапрасiцельны знак паставiць... от как!"
Ад Зянькевiчавай хаты Косьцiкаў зрок пералез на дзьве вялiкiя сасны на могiльнiку, але там ня спынiўся лiчыць нi варон, нi груганоў, а павандраваў аж да малых Брунiськавых будынкаў, што на вясковай мяжы пад панскi лес схавалiся. "Грыбнiкi, такую вашу маць, у лесе сiдзяць! Людзi свае, здаецца, навiт разу пунi далi пiраначаваць, калi зiмля пад нагамi гарэла. Ды чорт вас, панскiх рымскiх каталiкоў, знаiць... сiрмяжнiкi-ж, здаецца, бiда, як тое сала ў Шпуньцiхi на скаварадзе, сквiрчыць, а iх да панскай айчызны цягнiць... Будзь разумным, разьбiрайся. Ды нiчога, народная ўласьць разьбярэцца..."
Прыгадаўшы ўладу, выпрасталася Косьцiкава ацяжэлая галава, падбадзёрылiся падношанае, ранiцай так зьняважанае пры браме, гэна гэройскае "я".
Трэба-ж шпiёнаў. як тых клапоў, са шчэлак павыкалупваць, ды папрыхлопваць каторых. Можа ад гэтай мэнды - дзiравага шляхцiца пачаць. Ды там недзiка лiста..."
Саладзiў Косьцiкава сэрца водгалас вайсковае калёны з гасьцiнцу. "Вось для чаго жыў i змагаўся," - думаў дзяцюк. Моцна засьвярбела галава. Сабакевiч пакалупаў у сваiх буйных, растрэпаных валосах, ды з-пад чорнага ногця выкiнуў на карэлую даланю вялiзную шэрую, зь цёмным хрыбтом, вош.
- Цьфу ты, нiнажэрная контра! Пралiтарскую маю кроў п'еш! - вылаяўся ён. - Я-ж на цябе мачыху напушчу, абаждзi!
Згадка пра мачыху нарадзiла думку, што пры першай нагодзе трэба наведаць лазьню, добра выпарыцца й выхвастацца добрым бярозавым венiкам, аж да чырвоных рубцоў на скуры, ды зьмянiць бялiзну. А сяньня яшчэ трэба гутарку з бацькам мець. З маладых гадоў неяк ня клеiлася зь iм. Кулацкае кодла, зусiм ачарсьцьвеў стары Бурак.
Яшчэ раз зiрнуўшы на нiвы, пакалупаныя бульбянiшчы, кiнуў вокам на Архiпа, непадалёк пахiлены Гаравацкi крыж, засьценак Лазоўскага з другога боку, ды вольным крокам паклыпаў да Макатунiшынай хаты.