К Акула - Закрываыленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке) стр 19.

Шрифт
Фон

- Калi на тое пашло, дык так i зробiм, - пачаў Сабакевiчаў аўтарытэтны голас. - Вы падскочце ў Гацi i ўсё дзела Саладуху расталкуйце. Што ён скажыць, тоя й будзiць. Я-ж сам да Макатуноў падамся. Бабы, верна, нi маюць з чаго дамавiны зрабiць. Дык от, значыцца... у бацькi дошак папрашу. Дзяўчына-ж на харошую дамавiну заслужыла, хэ-хэ, - спрабаваў Косьцiк гаворку жартам закончыць i твар ягоны грымасай скрывiўся.

- Цяперака ты, братка, падзелавому гаворыш. Адразу-бы так, - апрабаваў Косьцiкаву пастанову Павалiцкi Хвёдар. Вялiкiм размахам рукi выцер засаленыя вусны й вусiкi.

Калi апусьцела патэльня й лiтроўка. дзяцюкi ўсталi з-за стала й навет Шпуньцiсе не падзякаваўшы, за дзьверы накiравалiся. Лявон з Хвёдарам на самакатах у Гацi выехалi, а Косьцiк праз хрыбет Гараваткi йшоў да Макатунiшынай хаты. Ступаў паволi, на свае зьбiтыя хромавыя боцiкi пазiраў. Даўно-даўненька халявы скрыпець перасталi, гэтак наскрыпелi-абрыдлi iм швэнданьнi пад уладай панскай. Прыгадаў, што пры першай нагодзе трэба было-б бацьку падаiць, каб даў тавару на новыя боты, якiя, як вядома-ж, шавец Пiлiп яму, начальнiку паважнаму, хутка й хлёстка пашые.

Ацяжэла адурманеная самагонкай i бяссоньнiцай галава. Цягнула прылегчы, пару гадзiнаў добрага сну адкацiць. Адылi розныя думкi назойлiвым роем у галаве гудзелi, вайстрылi падношаную дзяцюкову энэргiю. Спасьцярог, што ногi ягоныя на Архiпа накiрунак трымалi. Спынiўся, працёр заспаныя вочы. У iх засьвяцiлi злыя самалюбныя аганькi.

Ня чуў нiколi Косьцiк пра Бальзаковага студэнта Растыньяка, што з пажадальным уздыханьнем мерыў з узвышша Сталiцу Сьвятла й мяркаваў як пакарыць яе. У студэнтавых думках маячылася неасягальнае багацьце й прынадныя прыгажунi ў раскошных спальнях, а ў Сабакевiчавых - улада, помста й собская нажыва. Ласкi прыгажунь былi далёка ззаду. Адылi й Растыньяковы й Косьцiкавы пажаданьнi вырасьлi з аднаго карэньня. Розьнiца была ў этапе працэсу самаго пакарэньня, ды ў абыймах мэтаў. Малады студэнтадно марыў i плянаваў, а Ромлкаў гаспадар ужо на вяршынi з усей сiлы пялiўся.

"Алi яны гэтага яшчо нi знаюць" - думаў Сабакевiч.

Яны - гэта Сявенькi й Бахмачы, Зянькевiчы й Кмiты, Юшкевiчы й Пятухi, Брунiськi й Захарукi, ды iншыя. Ён - iхны заўтрашнi, дый цяперашнi ўжо начальнiк. Так, чаму-ж не цяперашнi? Пры першай нагодзе падраўняе зухаватаму солтысу Паўлоўскаму ягоны фанабэрысты капялюш на русай галаве. Дзе - цiкава ведаць - дзяржыць цяперака пан шляхцiц сваю патрапаную, задрыпаную тэчку? Што сам парабляе? Можа "цяркi" па далiкатнай шляхоцкай скуры бегаюць? Гэ-гэ-гэ! Чаму-б не паказаць iм ужо сягоньнiка, хто ў лiтоўскiх начоўках уласьць маiць? Вунь хаця-б пры тых паховiнах... Паховiны - маленькая, нягеглая калода, каторую ён, Косьцiк, з-пад ног неўзабаве адкiнiць. А там... тамака трэба будзiць нi на жартачкi ўзяцца. Вось тады... Як соладка й прыемна будзiць заглянуць Амэрыканцу Сявеньку ў ягоны прышчаваты, з бульбападобным носам i рыбiнымi вачмi, твар ды гаркнуць як на цюцьку, каб яго трасца! А Марыля-ж ягоная - баба-тыгрыца, дзеўка-гарэза, кабыла расавая... Такая прыгожая й хлёсткая дзяўчына некалi была, ды за такога змызганага й прагавiтага старога замуж паквапiлася. Аднаго сынка вунь за гадкоў пяць спэцкаў, - цi нi паўгоду назад таму нарадзiўся - дый то, кажуць, парабок памог. Цьфу, лапцюжына! Даўно ясна стала Косьцiку, чаму самому некалi па носе ад яе дасталося. Як i iншыя дзеўкi вясковыя, за багацьцем i зямлёй пагналася, на два дзясяткi гадоў старэйшае прынадзiла яе коўдла... Са старога парахно сыплецца, а яго - гэроя заўтрашняга - набок, як кукурузку нiкчэмную якую... Абаждзi ты, я-ж цябе ўежджу!

Косьцiкавы мутныя вочы ўпёрлiся ў вясёлы, сьветла-блакiтны шчыт Сявенькавай хаты, а ззаду - гумно з фанабэрыстым казырком.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке