Калiну перанеслi ў кабiнет дырэктара, дзе паспеў быў ужо звiць сабе гняздо камендант, i палажылi на мяккую канапу. Аннушка прынесла лямпу. Канстанцiн Фёдаравiч сеў побач на табурэтцы.
- Ну i маршчын, брат, на табе стала, не палiчыш, як зорак на тым небе.
Калiна ўбачыў сваiх людзей, адчуў даваенны ўтулак i паспрабаваў усмiхнуцца. Але з гэтага нiчога не выйшла. Аннушка сашчапiла рукi.
- Божачка, дык у яго ж i зубоў няма! Чым жа я яго кармiць буду?
- Малачко ж у вас, Аннушка, знойдзецца пакуль што...
- Дзе там! Гэты чорт загадаў, каб духу маёй рыжухi i блiзка не было. Дык я ў сяло адвяла. Можа ўжо зарэзалi... Каб яго трасца ўзяла. Старых нас без малака пакiнуў. А што ж нам больш есцi было? Ты, саколiк, на бок ляж, параiла яна Калiну. - Табе лепей будзе.
Калiну давалi лекi. Стары пацiху стагнаў i ўсё клiкаў дырэктара:
- Дылектар, дылектар, вазьмi ключы ад школы... Калiна больш не начальнiк. Цяжка быць начальнiкам. Пашол, Аннушка, пакажы дылектару, дзе ўсё закапана дзецям.
- Дзякуй табе, Калiна, шчырае дзякуй, - гаварыў расчулены дырэктар. I табе, Аннушка, таксама дзякуй!
Ранiцой школьную маёмасць, якую захаваў Калiна, перанеслi ў больш бяспечнае месца, а ў той яме закапалi каменданта i яго паплечнiкаў, якiя былi забiты ў баi. З гэтага часу i вёска i школа адышлi да партызанскай зоны. Калiна ачуняў i стаў ездавым у гаспадарчым узводзе.
Калi я вярнуўся са шпiталя ў свой вызвалены раён, школы ўжо не было. Яна была спалена ў час блакады. Замест яе стаяў часовы будынак. Класы не ўмяшчалi ўсяго даваеннага школьнага абсталявання. Але дзецi вучылiся. У iх былi карты i мiкраскопы, глобусы i сшыткi. А на сценах былi развешаны партрэты.
Аднаго з першых я сустрэў Калiну. Ён, увесь белы i маршчынiсты, у парыжэлым салдацкiм шынялi, ехаў у лес па дровы.
- О-о-о! Учытэль! - узрадаваўся неяк па-дзiцячаму ён. - Будзем працаваць!
- Будзем працаваць, Калiна.
1958 г.