Айтматов Чингиз Торекулович - Буранны паыстанак (на белорусском языке) стр 15.

Шрифт
Фон

Таму i адносiны да ўсяго гэтага былi насцярожана-пачцiвыя, як да быцця нейкай магутнай безаблiчнай волi, якую ў лепшым выпадку ён можа толькi ўзяць пад увагу. I, аднак, вiдовiшча карабля, якi iмкнуў у космас, унутрана спалахнула i захапiла яго. Пра тое i зайшла гаворка ў доме Доўгага Эдыльбая.

Сядзелi яны напачатку, пiлi шубат-кумыс з вярблюджага малака. Цудоўны быў шубат, ахаладалы, пенiсты, хмяльны трохi. Прыезджыя кантрольна-рамонтныя пуцейцы, бывала, вунь як пiлi яго, называючы саразекскiм пiвам. А да гарачай стравы ў гэтым доме знайшлася i гарэлка. Калi здаралася такое, Буранны Едыгей наогул не адмаўляўся, выпiваў за кампанiю, але гэтым разам не стаў i тым самым, думалася яму, i другiм даў зразумець, што не варта прычыняцца - заўтра меўся быць цяжкi дзень, далёкая дарога. Непакоiла яго тое, што другiя, асаблiва Сабiтжан, шчыравалi, запiвалi гарэлку шубатам. Шубат i гарэлка добра ладзяць, як пара паслухмяных коней, добра iдуць побач, - весяляць чалавека. Сёння ж гэта было лiшнiм. Але як загадаеш дарослым людзям не пiць? Самi павiнны ведаць край i меру. Заспакойвала хiба тое, што муж Айзады пакуль абыходзiў чарку, алкаголiку цi многа трэба, схмялеў бы ўраз, але ён пiў толькi шубат, мусiць, разумеў-такi, што гэта ўжо занадта - валяцца ў дымiну п'яным на пахаваннi цесця. Аднак наколькi хопiць яму вытрымкi, адзiн бог ведае...

Так сядзелi яны ў размовах пра ўсялякае, калi Эдыльбай, частуючы гасцей шубатам, успомнiў раптам, падаючы чарговую пiялу Едыгею з таго краю стала:

- Едыке, учора ноччу, калi я змяняў вас на дзяжурстве, толькi вы пайшлi, нешта такое здарылася ў небе, я аж закачаўся. Зiрнуў, а гэта ракета з касмадрома пайшла ў неба! Вялiзная! Як дышаль! Вы бачылi?

- А то як жа! Сiла дык сiла! Вусцiшнавата стала. Колькi жыву тут, нiколi такога не бачыў.

- Ды i я ўпершыню на свае вочы ўбачыў, - прызнаўся Эдыльбай.

- Ну калi ты ўпершыню, дык такiя, як мы, тым больш не маглi ўбачыць, рашыў пакпiць Сабiтжан з яго росту.

Доўгi Эдыльбай на гэта толькi ўсмiхнуўся квола.

- Ды што я, - адмахнуўся ён. - Гляджу i сам сабе не веру - адно агонь гудзе ў вышынi. Ну, думаю, яшчэ нехта рушыў у космас. Шчаслiвай дарогi! I давай хутчэй круцiць транзiстар, я яго ўсюды з сабой бяру. Зараз, думаю, па радыё перададуць. Звычайна адразу ж перадача з касмадрома. I дыктар узрушаны як бы на мiтынгу выступае. Аж мурашкi па спiне! Надта хацелася мне, Едыке, дазнацца, хто гэта, каго асабiста бачыў я ў палёце. Але так i не дазнаўся.

- А чаму? - найперш за ўсiх здзiвiўся Сабiтжан, шматзначна i важна прыўзняўшы бровы. Ён пачаў ужо ўвачавiдкi п'янець. Распарыўся, расчырванеўся.

- Не ведаю. Нiчога не паведамiлi. Я "Маяк" увесь час на хвалi трымаў, нi слова не сказалi нават.

- Не можа быць! Тут нешта не так! - з выклiкам усумнiўся Сабiтжан, хутка запiваючы глыток гарэлкi шабатам. - Кожны палёт у космас - гэта сусветная падзея... Разумееш? Гэта наш прэстыж у навуцы i палiтыцы!

- Не ведаю чаму. I апошнiя паведамленнi знарок слухаў, i агляд газет слухаў таксама.

- Хм! - пакруцiў галавой Сабiтжан. - Каб быў я на месцы, на службе сваёй, я, канечне, ведаў бы! Крыўдна, дальбог. А можа, тут нешта не так?

- Хто яго ведае, што тут так, што не так, але мне асабiста крыўдна таксама, шчыра казаў Доўгi Эдыльбай. - Для мяне ён нiбы свой касманаўт. Пры мне паляцеў. А можа, думаю, нехта з нашых хлопцаў. Во ўжо будзе радасць. Раптам дзе сустрэнемся, прыемна было б...

Сабiтжан таропка перапынiў яго, нiбы гнаны нейкай здагадкай:

- А-а, я разумею! Гэта запусцiлi беспiлотны карабель. Выходзiць, дзеля эксперыменту.

- Як гэта? - павёў вокам Эдыльбай.

- Ну, эксперыментальны варыянт. Разумееш, гэта проба. Беспiлотны транспарт пайшоў на стыкоўку цi на выхад на арбiту, i пакуль невядома, як i што выйдзе. Калi ўсё будзе ўдала, дык будзе паведамленне i па радыё i ў газетах. А калi не, дык могуць i не iнфармаваць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке