А што яна можа зрабiць адна, а iх-то пяцёра! А бацьку ўсё адно...
А таму i праўда было ўсё адно, мужык яе сядзеў пануры i абыякавы, са спустошаным тварам i моўчкi палiў сабе смуродныя цыгарэты... Але тут недарэчы ўмяшаўся брат - Сабiтжан. З таго i пачалося. Сабiтжан пачаў ушчуваць сястру: ды што ж гэта такое, бацьку хаваць i сябе бэсцiць?
Анзада нiбыта гэтага толькi i чакала. I ўзняла яна голас з новай сiлай i ярасцю. Ах ты такi разумны ды вучоны знайшоўся! Ты, маўляў, спачатку сваю жонку навучы. Чаму яна не прыехала i не паказала нам, як плакаць? А ёй не грэх быў бы паплакаць над бацькам, якога яна, зараза, ды i ты, падкаблучнiк подлы, абабралi, абрабавалi да нiтачкi. Мой муж, якi ён нi алкаголiк, але ён тут, а дзе твая жоначка, кемная-прыемная?
Сабiтжан тады пачаў крычаць яе мужу, каб той прымусiў змоўкнуць Анзаду, а той раптам раз'ятрыўся i кiнуўся душыць Сабiтжана...
Ледзь супакоiлi баранлiнцы раз'ятраных сваякоў. Непрыемна i сорамна было ўсiм. Едыгей дужа расхваляваўся. Ведаў ён iм цану, але такой праявы не чакаў. I сам зласлiва папярэдзiў iх: калi вы не паважаеце адно аднаго, дык не ганьбiце хаця б бацькавай памяцi, а iнакш не дазволю вам нiкому тут заставацца, не пагляджу нi на што, вiнавацьце самi сябе...
Вось якая прыкрая гiсторыя здзеiлася напярэдаднi пахавання. Дужа азмрочыўся Едыгей. I зноў напружана сышлiся бровы на пахмурым чале, i зноў жальба iрвала сэрца: адкуль яны, дзецi iх, i чаму яны сталi такiмi? Хiба пра тое марылi яны з Казангапам, калi ў спёку i холад вазiлi iх у кумбельскi iнтэрнат, каб толькi вывучылiся, выйшлi ў людзi, каб не засталiся марнець на якiм-небудзь раз'ездзе ў саразеках, каб не клялi потым лёс: вось, маўляў, бацькi не паклапацiлiся. А выйшла ўсё наадварот. Што перашкодзiла iм стаць людзьмi, за якiх не сорамна было б перад грамадой?
I зноў Доўгi Эдыльбай выручыў, спагаду жыцейскую праявiў i тым надта памог Едыгею ў той вечар. Ён дык разумеў, як чулася Едыгею. Дзецям нябожчыка заўжды першае месца на пахаваннi, так яно ўжо вядзецца на свеце. I нiкуды iх не дзенеш, якiмi б бессаромнымi i нiкчэмнымi яны нi былi. Каб хутчэй забылася прыкрая спрэчка памiж братам i сястрой, Эдыльбай запрасiў усiх мужчын да сябе ў дом. Чаго, маўляў, мы будзем на двары зоры на небе лiчыць, хадзем пачаюем, пасядзiм у нас...
У доме ў Доўгага Эдыльбая Едыгей трапiў нiбы ў другi свет. Ён i раней заходзiў сюды па-суседску i кожны раз быў задаволены, душа ягоная поўнiлася цiшынёй i спагадай да гаспадароў. Сёння ж яму хацелася як болей пабыць тут, патрэба была такая - нiбы павiнен быў набрацца ён тут патрачанай сiлы.
Доўгi Эдыльбай быў такiм жа чыгуначным рабочым, як i другiя, заробку меў не болей за другiх, жыў, як i ўсе, у палове зборнашчытавога домiка з двух пакояў ды кухнi, але зусiм iншае жыццё ўладарыла тут - чыста, утульна, светла. Той жа чай, што i ў iншых, у Эдыльбаевых пiялах Едыгею здаваўся празрыстым сотавым мёдам. Эдыльбаева жонка i сама спраўная, i ў доме гаспадыня, i дзецi як дзецi... Пажывуць у саразеках колькi змогуць, думаў Едыгей, а там перабяруцца куды iм лепей. Шкада будзе, калi паедуць яны адсюль...
Скiнуўшы свае кiрзачы яшчэ на ганку, сядзеў Едыгей у пакоi, падцiснуўшы пад сябе ногi ў шкарпэтках, i першы раз за дзень адчуў, як стамiўся i згаладнеў. Прыхiнуўся спiной да дашчанай сцяны, сцiшыўся. А наўкол расселiся ўскрай круглага столiка наземнага астатнiя госцi, нягучна перамаўляючыся пра тое ды сёе...
Сур'ёзная размова пачалася потым, дзiўнаватая гаворка ўсчалася. Едыгей ужо i забыў пра касмiчны карабель, што стартаваў мiнулай ноччу. А вось дасведчаныя людзi сказалi такое, што i ён задумаўся. Не тое каб ён зрабiў адкрыццё для сябе, проста падзiвiўся iх развагам i сваёй недасведчанасцi на гэты конт. Але ён не адчуваў пры гэтым нейкага дакору - для яго ўсе гэтыя касмiчныя палёты, якiя так цiкавiлi ўсiх, былi надта далёкай, неверагоднай, чужой яму справай.