Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 56.

Шрифт
Фон

Бурыльны майстар пакрыўдзіўся:

— Вось калі і мы да сапраўднай вады дойдзем, тады параўнаем — аднолькавыя ці не.

— Глядзіце цяпер за тэхнікай з падвоенай пільнасцю, — сказаў Карнееў.

— Ну, я на пост, — Юсуф-задэ даў зразумець, што лепш пра падобныя рэчы зараз не гаварыць. — Пайду ставіць новую трубу.

Зароў рухавік. Буравы снарад высока ўзняўся над забоем.

— Сёння да нас госці наведваліся. — Вахрашчын нахіліўся да Карнеева, каб лепш было чуваць. — Нехта ім увёў у вушы, што пайшла салёная вада… А калі акажацца — геолагі сапраўды памыліліся?

Карнееў насцярожыўся.

— Наведваліся? — перапытаў ён, думаючы пра нешта сваё. — Глядзі, будзь асцярожней у аазісе. Спецыяльна можа які правакатар прычапіцца.

— На джыпе прыязджалі,— адказаў Вахрашчын. — Разам з сівабародым такім сейідам, шэйхам ці раісам. Ваду каштавалі.

— А чаму мне не сказаў, што пайшла вада? — падышоў да буравога майстра Карнееў.

— Ды якая вада, якая вада? — выгукнуў той. — Вунь яна, у адстойніку.

— Салёная?

Юсуф-задэ моўчкі махнуў рукой і, на хаду надзяваючы брызентавыя рукавіцы, рушыў да рабочых, каб разам мацаваць бурыльнае долата. Затым падаў сігнал памочніку — матор!

Калона бурыльных труб памалу апускалася да вусця буравой свідравіны. Юсуф-задэ разам з рабочымі прытрымліваў яе сталёвае цела, каб не гойдалася. Буравы снарад на вачах ішоў і ішоў уніз. Толькі цяпер можна было сабе ўявіць, як глыбока пранікла артэзіянская свідравіна ў нетры зямлі. Адначасова па загаду майстра ўключылі ротар і насос, які падаваў прамывачную вадкасць у забой.

Акліль бачыў, як, паназіраўшы за спускам буравога снарада, Карнееў заклапочана падышоў да адстойніка, акунуў пальцы ў бурую ваду і, крывячыся, лізнуў іх. Потым сплюнуў. Акліль не мог зразумець, пра што гаварылі паміж сабой савецкія, бо ведаў пакуль што ўсяго некалькі рускіх слоў, але сэнс размовы ён улавіў. Асабліва калі ўбачыў, як таварыш (гэтае слова ён навучыўся вымаўляць па-руску) Карнееў накіраваўся да адстойніка. Хто толькі не падыходзіў сюды за апошнія дні! Адны са зларадствам, другія з надзеяй. Няўжо спраўдзяцца словы пра злога джына, якога выпусцяць з бутэлькі?

— Спыніцеся! — крычаў учора сівабароды сейід з аазіса. — Пераязджайце лепей да суседняга паселішча. Тут няма добрай вады. Вы зноў вернеце нам салёнае возера. Каторую ноч крычыць азхара — птушка бяды. Лепей ідзіце ад нас, чужынцы!

Акліль ведаў, якая зараз горыч у роце таварыша Карнеева, і падаў яму тэрмас з халодным чаем. У іх з Хуары цяпер вельмі адказны абавязак — прыносіць на буравую рабочым пітво. Але Акліль яшчэ ўмудраецца кожны раз апынуцца каля механікаў, калі тыя корпаюцца ў маторах. Ён нават навучыўся разумець іх сталёвую мову. І першым папярэджваў, калі матору рабілася цяжка ад перагрэву.

— Ну і слых у цябе, хлопча! — колькі разоў дзівіўся Вахрашчын. — Ты нарадзіўся, відаць, механікам.

Сідкі таксама просіць Акліля памагаць, калі корпаецца ля матора. Але хлопчык цяпер адносіўся да яго з патаемным страхам. Вельмі хацелася верыць, што той кардон справа кагосьці іншага, яшчэ не выяўленага. Але тады хто ён?

Хуары ўжо некалькі разоў прапаноўваў: трэба вяртацца дадому, а то яшчэ хто апярэдзіць. Тыя ж аасаўцы. Нездарма яны там круціліся.

Дадому? З нейкага моманту Аклілю пачало здавацца, што ён яго знайшоў. І ён угаворваў Хуары: нічога, пачакае пірацкая схованка. Цікава ўсё ж даведацца — здабудуць саветы ваду або спраўдзяцца словы Сідкі і сівабародага шэйха з аазіса. А потым жа і заробак навошта губляць. Раптам з тым скарбам нічога не выйдзе? Затое калі артэзіянскую свідравіну зробяць, таварыш Карнееў казаў, што за паспяховае выкананне заказу алжырскага ўрада можна атрымаць прэмію. Адмаўляцца ад гэткага шансу! Што ён, Акліль, блазан які?

Ну і злаваўся за такія размовы Хуары! Але што ён мог зрабіць? Міну ж яны па яго прапанове «падзялілі»: Хуары ўзяў сабе корпус з выбуховым начыннем, а Аклілю аддаў запал.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора