Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 43.

Шрифт
Фон

Селім потым пацікавіўся на стаянцы ў маладога бедуіна, што такое «каплун». Той з рогатам нечакана схапіў Селіма за ніз жывата.

— А ты яшчэ не каплун? Ну, нічога, хутка і табе ў адным добрым месцы зробяць гэтую аперацыю, каб ты паспакайнеў і добра служыў гаспадару. Чык! І ўсё. Га-га-га! — рагатаў ён, наводзячы на Селіма жах сваёй незразумелай весялосцю.

Плыве перад вачамі гарачае мроіва, смыляць раны, хочацца піць. Селім валачэцца за канём караваншчыка і сочыць за белым вярблюдам. У яго выспявае план помсты: ноччу ён падпаўзе да яго і выпусціць з бурдзюкоў ваду. Няхай караваншчыкі здохнуць ад смагі! Няхай усе здохнуць, калі з ім такое здарылася. Трэба толькі здабыць нож і пастарацца паводзіць сябе так, каб нічога не западозрылі, не скавалі ланцужком.

Хлопчык брыў сам не свой. Млосна. Іншы раз перад вачамі ўзнікалі прывіды. То ён бачыў раптам, як над барханамі паўстаюць зялёныя пальмы, за якімі высіцца велічны палац з белага каменю. А то зусім блізка вырастаў вялікі фантан з Дыяр Эль-Махсула, і цудоўныя вадзяныя струмені з плёскатам ліюцца з магутных каменных коней з рыбінымі хвастамі…

На стаянках Селім збіраў сухія калючкі, потым па загаду караваншчыка чысціў кашэль. Цяпер ужо ніхто не клапаціўся, каб яго твар быў свежы і прывабны. Яго выгляд выклікаў агіду караванбашы, і Селім усё рабіў старанна, каб хоць не білі. І калі ўвечары яго пусцілі начаваць разам з астатнімі хлопчыкамі, Селім зразумеў, што гэта проста літасць караваншчыка. Бо сам ён цяпер і не варты тых, каго нядаўна не лічыў сабе раўнёй. Таму Селім нават здзівіўся, калі хлопчык-йаруба спачувальна пачаў сваёй слінай змазваць яму набрынялыя пісягі ад удараў бізуна. Сліны ў яго было мала, і хлопчык час ад часу падстаўляў далонь суседзям. Ад сліны сапраўды стала крыху лягчэй. Селім заплюшчыў вочы. «Трэба падбірацца да белага вярблюда, — думаў ён. — Вось толькі крыху адпачну». І ён пагладзіў па пыльнай кучаравай галаве хлопчыка-йарубу, вочы якога ззялі ў цемры святлом дабрыні.

Добыш уладкаваў Акліля і Хуары ў свой атрад памочнікамі да повара Мулуда і загадзя дамовіўся з начальствам, што калі бурыльшчыкі накіруюцца ў пустыню, то Акліль і Хуары застануцца на галоўнай базе — у Туггурце. Гэта даволі вялікае паселішча з сучаснымі дамамі і добрай школай, канечная чыгуначная станцыя Алжырскай Сахары. Аднак калі ён пасля тыдня камандзіроўкі прыехаў у Туггурт, іх там не аказалася.

Заскочыў са спёкі ў вагончык-сталоўку, да якой прымыкала палатка кухні. Убачыў, як полаг, што закрываў уваход у майстэрню повара, крыху адсунуўся і паказалася кучаравая хлапечая галава. Бліснулі поўныя цікаўнасці блакітныя вочы…

— Чаго ты там хаваешся, Акліль? Прывітанне! Хлопчык, адчуўшы шчырую сардэчнасць у словах «савецкага ірум'ена», або савета, як ён яшчэ іншы раз пра сябе называў Добыша, заўсміхаўся. Не так і многа ён ведаў людзей, якія выказвалі бескарыслівую радасць ад сустрэчы з ім. Таму Акліль адчуў нават нейкую вінаватасць, бо з некаторага часу сэрца яго належала матарысту Сідкі. З ім таксама звёў яго Добыш, даведаўшыся пра цягу Акліля да матораў. О, Сідкі ў маторах разбіраўся. Але самае галоўнае, што так прываблівала да яго хлопца, — Сідкі ведаў, як трэба ўзрываць міны. Ён неяк растлумачыў, што быў дыверсантам у часе вайны. Не сказаў ён толькі, дзе гэта было.

Побач з Аклілем з'явіўся і Хуары. Гэты не так адкрыта цягнуўся да Добыша, але таксама быў яму ўдзячны, бо трапіў на работу, аб якой марыў,— памочнікам да сапраўднага повара, які ўмеў гатаваць дзесяткі страў.

— Ну, прывітанне, сябры! — зноў прамовіў Добыш, шкадуючы, што, акрамя пліткі шакаладу, не мае больш ніякіх гасцінцаў.— Дык хадзіце ж сюды, пагаворым хоць. Даўно ж не бачыліся.

Аднак хлопчыкі ўсё яшчэ дзічыліся. Тады Добыш падышоў да іх і, абняўшы, прыцягнуў да сябе. У яго было адчуванне, быццам гэта яго малодшыя браты, якіх ён, нарэшце, адшукаў.

— Кемлівыя, — сказаў пра іх начальнік буравога атрада Карнееў.— Мы, калі сюды рушылі, хацелі пакінуць іх на базе. А яны ў слёзы! Прывыклі. І нам весялей. Як нашы дзеці. Хлопцы добрыя, увішныя, толькі вельмі ўзрыўчаткай цікавяцца. Юсуфзадэ, бурыльшчык наш, вокам міргнуць не паспеў, як гэты вось жэўжык, Акліль, пакет аманалу са скрыні выхапіў.

— А хто з нас у іх узросце не цікавіўся выбухамі? — пасмяяўся Добыш. — Пакуль жа паразумнееш. Бывала, каторы простымі запалкамі ўмудраецца сабе вочы выпаліць.

— Праўда што, — згадзіўся Карнееў.— У мяне вось брат старэйшы… Праўда, тое адразу пасля вайны было. Падшыванцы, разумееш, паклалі ў вогнішча нямецкую міну. Брата потым у школе мінёрам дражнілі. Увесь твар асколкамі пасекла, і на правай руцэ толькі палова пальца засталася, кручок… А хлопцы няхай у нас лета папрактыкуюцца. Увосень уладкуем у тэхнічнае вучылішча. Акліля, ва ўсякім разе. На маторы ў яго проста талент. Ну, Хуары, можа, і далей кухарам захоча. Мулуд яго хваліць.

Выпіўшы шклянку халоднага чаю з лімонам, Добыш вырашыў пайсці зірнуць на работу новага электраматора.

— Толькі не баўся, — папярэдзіў яго Карнееў.— Праз гадзіну-другую павінны прыехаць нашы суседзі, французы. З будоўлі Транссахарскай аўтамагістралі. Дапаможаш перакладчыку. Наш жа студэнт з інстытута замежных моў сам ведаеш — тэхнічную тэрміналогію засвоіў яшчэ недасканала, а размова ж пойдзе інжынерная.

Акліль падахвоціўся правесці Добыша на буравую пляцоўку.

Пасля некалькіх дзесяткаў хвілін ля кандыцыянера Добышу падалося — спёка крыху апала. Але праз колькі часу адчуў, што так ніколі і не прызвычаіцца да сахарскага пекла. А кажуць, што хутка стане яшчэ горш. Сіноптыкі папярэджвалі па радыё — можа наляцець самум, гарачая завіруха.

З машыны-ўсюдыхода, на якой Добыш прыехаў з Туггурта, рабочыя выгружалі трубы і мяшкі з цэментам. Разам з усімі працаваў і Карнееў.

— Можа, пачакалі б да вечара, — сказаў яму Добыш, — хоць трохі сонца пацішэе.

Начальнік буравога атрада паківаў галавой:

— А раптам самум? Ты калі-небудзь бачыў, што гэта такое? У нас жа кожная хвіліна на ўліку. Сам урад рэспублікі цікавіцца, калі мы тут дамо ваду.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора