Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 42.

Шрифт
Фон

Нехта адпіхнуў хлопчыка пад ногі «вярблюда шчасця». Караваншчык, тыцнуўшы пугаўём у лужыну, якую наліў ля карыта Селім, сцебануў яго плёткай па плячах. Селім тузануўся ад болю, ускочыў на ногі і, ашчэрыўшыся, засіпеў гадзюкай. Караваншчык замахнуўся зноў, і Селім, які не прывык, каб яго білі, з крыкам нянавісці і адчаю скочыў да крыўдзіцеля, упіўся зубамі яму ў руку. Караваншчык ад нечаканасці войкнуў. У наступны момант ад удару цяжкага пугаўя па твары Селім зваліўся на дол, абліваючыся крывёю. Плётка свіснула раз, другі, трэці — ажно ашалела шарахнуліся ад карыта дзікаватыя коні.

Караванбашы нарэшце вырваў у раззлаванага бедуіна бізун і, адпіхнуўшы яго, за шкірку паставіў на ногі Селіма. Сваімі жалезнымі пальцамі ён схапіў хлопчыка за ніжнюю губу і прымусіў разявіць рот. Агледзеўшы Селіма, караванбашы вылаяўся і сцебануў памочніка плёткай.

— Ты ж выбіў яму пярэднія зубы, сын свінні! — злосна крыкнуў ён. — І на мордзе ў хлопца цяпер будзе шрам… Ведаеш, колькі я за яго аддаў? А хто цяпер купіць у мяне крываротага? Возьмеш яго сабе, а я ў цябе забяру тры вярблюды, малпа ты дурная. А можаш яго застрэліць, каб не цягнуць праз пустыню лішнюю вантробу.

Караванбашы зноў ухапіў Селіма за ніжнюю губу, бы якога вярблюда, і агледзеў рану. Потым выцер запэцканую крывёю руку аб крысо бурнуса і развязаў падвешаную да пояса скураную торбачку. Селім закрыў вочы, бо думаў — зараз яго зарэжуць. Але караванбашы, аказваецца, дастаў нейкую бутэлечку і капнуў з яе сабе на палец. Селім адчуў, як запахла серай і апякло нечым рану.

— Шрам перакрывіць малому твар, — прамовіў ён і, шпурнуўшы бізун пад ногі бедуіну, моўчкі пайшоў да свайго каня.

Да караваншчыка падышоў яго таварыш, агледзеў Селіма і пацокаў языком.

— Бай, якая страта! — прамовіў ён. — Яшчэ добра, што за гэтае шчаня ты страціў толькі трох вярблюдаў. Нічога, можа, яшчэ каму спіхнеш яго за пару авечак.

— Прэч адсюль, смярдзючая яшчарка! — бедуін секануў Селіма бізуном, як нікчэмнае быдла.

Накульгваючы, з ціхім скавытаннем, якое ён ніяк не мог суняць, хлопчык пабег да дзяцей. Зашыўшыся пад полаг, Селім абмацаў свой твар. Ірваная рана ішла ад вока Да верхняй губы. Не хацелася верыць, што яго знявечылі назаўсёды. Каб гэта дома, то, можа, дапамаглі б урачы. І як смыліць!

Хлопчык-йаруба, якому нядаўна ад Селіма даставалася грымакоў за непаседлівасць, падпоўз і, уздыхаючы, паклаў яму на плячо руку. Селім засіпеў, ашчэрыўся. Не трэба яму нічыё спачуванне!

«Выходзіць, мяне прадалі! — думаў Селім з горыччу. — І зараз везлі перапрадаваць». Ён каштаваў тры вярблюды. А думаў, дурны, што тоўсты гаспадар начлежкі ў Ніямеі проста паспачуваў яму, уладкаваў у караван, які накіроўваўся ў казачна багатыя аравійскія княствы — у жывую казку Шахразады. І як жа гэта ён, Селім, не сцяміў, чаго караванбашы, да якога прывёў яго ніямеец, так прагна аглядаў яго, бы шчаня! Загадаў скінуць вопратку, абмацваў, торгаў за валасы, прымушаў паказваць зубы. Селім цярпеў гэта, бо чуў, што прынцы жадалі, каб вакол іх знаходзіліся толькі прыгожыя людзі. Гэта так зразумела. Прыгожых асабліва паважаюць у землях арабаў. А прынцы плацяць сваім служкам добрыя грошы і нават даюць кожны тыдзень уікенд — адпачынак. І Селім, каб спадабацца, увесь час белазуба ўсміхаўся караванбашы, хаця вельмі змарнеў за час бадзянняў па Ніямеі.

Што за месца той горад басаногіх!.. Ніяк не ўдавалася прыстасавацца. Толькі аднойчы ўладкаваўся на работу — загоншчыкам жывёлы на бойні, але мясцовыя хлопцы хутка высачылі яго і двойчы пабілі ля ўвахода…

Мужчынскія цяжкія крокі пачуліся зусім побач. Адхінуўся полаг, па вачах разанула сонечнае святло. Селім скурчыўся, чакаючы ўдару. Але яго толькі таўханулі ў бок нагой.

— Ну-ка, ідзі сюды, — скамандаваў яму караваншчык жорстка, бы нікчэмнай погані.— Хутка!

Заўважыўшы, што Селім шчыльней прытуліўся да зямлі, караваншчык даў яму грымака і выцягнуў з шатра за каршэнь. Селім закрыў вочы. Хай будзе, што будзе. Але караваншчык толькі абхапіў яго бязлітаснымі пальцамі за шыю і ткнуў да губ біклагу з вадой. Вада… Было вельмі балюча, але Селім піў і піў. Потым расплюшчыў вочы. Зусім блізка вузкі, бы засохлы твар бедуіна. У рэдкай кучаравай бародцы набілася жоўтага пылу, ад цела патыхае часнаком і авечым салам. Дык вось каму ён, Селім, зараз належыць!

— Падумаць толькі, тры гэткія вярблюды за смаркача, — прамармытаў бедуін. — Лепей бы мне адсеклі руку за дурасць.

У пранізлівых вачах зіхцяць жоўтыя агеньчыкі. Ні слязінкі, хаця, відаць, у гэтага чалавека караванбашы забраў ці не ўсю маёмасць. Людзі пустэльні не прывучаны плакаць. У Селіма таксама вочы робяцца сухімі. За яго гэты бязлітасны чалавек згубіў усяго толькі тры нейкія жывёліны? Нічога, ён калі-небудзь адплача за свой учынак. Селіму нават пачынае менш балець. Ён апускае вочы, каб бедуін не пазнаў, што пра яго думаюць. Трэба зрабіць выгляд, быццам ты паслухмяны і запалоханы, падобны на тую авечку, на якую цябе мараць абмяняць недзе там, у канцы шляху.

Караванбашы даў знак — у дарогу! Людзі заварушыліся шпарчэй. На вярблюдаў, якія цярпліва стаялі на каленях, грузілі палаткі, кошыкі з фінікамі і праснакамі, хурджыны, коўдры, вязанкі хворасту, бамбукавыя шасты. Караванбашы пагладзіў белага вярблюда. Гэты ахоўнік шчасця каравана стаяў, высока задраўшы гарбаносую галаву з пагардліва адтапыранай, бы ў старога гандляра талісманамі, ніжняй губой. На ім была ўжо яго каштоўная паклажа — бурдзюкі з вадой, якой каравану павінна было хапіць на некалькі сутак дарогі па пясчанай пякельні.

Дзеці палезлі ў свае кашы, Селім таксама. Але караваншчык спыніў яго канцом бамбукавага шаста:

— Стой! Ты пойдзеш пешкі. А ў дарозе будзеш збіраць калючкі і сухі вярблюджы кал для вогнішча. Падыдзі, я прывяжу цябе.

Караванбашы, які аб'язджаў стаянку і даваў кароткія загады, адным вокам, бы каршук, зыркнуў на скурчаную постаць Селіма, якога караваншчык абвязваў упоперак тулава тонкай лаўсанавай вяроўкай, і, відаць, задаволены, паскакаў наперад, да белага вярблюда. Селім узрадаваўся, што рукі і ногі яго заставаліся свабодныя, іх не скавалі ланцужком, як нядаўна метысу. Але ў таго правіннасць была куды горшая. Як прыпыняліся ля высахлай рэчкі — вадзі, ён збег, схаваўшыся ў камянях. Караваншчыкі ганяліся за ўцекачом, бы за зайцам. А калі, нарэшце, злавілі, сам караванбашы сек яго плёткай, вельмі акуратна, каб на твары не было драпін. Потым уцекача прымусілі цэлы дзень ісці пешкі, надзеўшы наручнікі і абвязаўшы вяроўкай. Калі ён пачынаў спатыкацца, караваншчык біў яго плёткай:

— Шавяліся, каплун!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора