Ялугин Эрнест Васильевич - Сіндбад вяртаецца стр 32.

Шрифт
Фон

— Гэта ты, Хуары? І Акліль з табой? А мы ламалі галовы — куды вас шайтан звалок.

Ахсен! Адзін з хлопцаў Селіма. Ах, каб на яго ліха! Хуары паважна павітаўся з чысцільшчыкам за руку. Ахсен працягнуў руку і Аклілю.

— А Шакал вас шукаў-шукаў…

— Ты толькі не кажы Селіму, што бачыў нас, добра? — папрасіў Хуары. — Доўг я аддам, бажуся. Можа, нават праз месяц аддам.

— Ха, каго ўспомніў! — здзівіўся Ахсен. — Дык цябе сапраўды не было ў горадзе? Селім жа сваю «фірму» прадаў Макуфу з Ніжняй вуліцы. Мы зараз у яго. А сам з'ехаў. Некуды ў святыя месцы. Мулою вырашыў стаць, ці што. Вернецца — дык будзе насіць зялёны цюрбан хаджы… Але калі ў цябе сапраўды няма грошай, каб аддаць доўг, то асцерагайся. Янычар зараз усіх даўжнікоў прысвоіў сабе. Кажа, яму Селім аддаў. Такі гад… А Шакал у паліцыі сядзіць. Нешта там такое оё-ёй! Кажуць, наркотыкі прадаваў… Дык дзе ты цяперака? Не бойся, я ж не даносчык які.

Хуары сказаў, што яны ўладкаваліся прыстойна. Нават пячурка ёсць. Дык ён штовечар пячэ цяпер праснакі. Хуары аблізнуў апухлыя губы.

— А ў мяне пакуль не вельмі,— прызнаўся Ахсен, не забываючы раз-пораз прызыўна стукаць шчоткамі.— Мустафа дык у прыют папрасіўся.

Акліль, пачуўшы гэткую навіну, пачаў уважліва вывучаць свае падраныя чаравікі: баяўся, што Хуары па вачах здагадаецца пра яго думкі.

— А я паспрабую ў Рашэ-Нуар, — паведаміў Ахсен. — Там ёсць новая школа, дзе савецкія вучаць хлопцаў, якія будуць здабываць нафту. Вось гэта справа! Каб толькі прынялі.

Хлопцы агледзелі рослага Ахсена, у якога над верхняй губой ужо цямнеў пушок: ого! такога ў кожную школу возьмуць.

— А гэтыя савецкія — хто яны? — спытаў Акліль.

Ахсен пасмяяўся:

— Во маляўка, такога не ведаць. Ды яны нам дапамагалі яшчэ ў вайну!

— Ну, гэта я ведаю, — апраўдваўся Акліль. — У мяне ж бацька быў муджахідам.

— Савецкія — значыць, з Савецкага Саюза, — усё тлумачыў Ахсен, якому прыемна было паказаць сваю «дарослую» дасведчанасць. — Ды вы схадзіце ў порт! Як убачыце там карабель з чырвоным сцягам — гэта з Саветаў.

— Ды я ведаю! — сказаў Акліль, успомніўшы, што сапраўды бачыў, і неаднаразова, такія караблі.

— А мяне бяруць у магазін каля плошчы Пакутнікаў,— з незалежным выглядам паведаміў Хуары.

Акліль ажно вочы вылупіў — во як! А яму ж пра тое ні слова.

— Хвалько, — пасмяяўся Ахсен. — Ты ж адным сваім выглядам пакупнікоў напалохаеш.

— Нічога ты не разумееш, Ахсен. — У Хуары звузіліся вочы. — Мяне туды за голас бяруць. Ведаеш, які ў мяне голас? Мая бабуля казала — як у муэдзіна. Не верыш?.. Ну, слухай…

І Хуары што было моцы загарлапаніў сапраўды нешта падобнае на спеў муэдзіна з вышыні мінарэта, калі ён склікае прававерных на малітву. Вакол адразу пачалі збірацца людзі. Ахсен, здаецца, паверыў. Больш таго, ён адразу вырашыў выкарыстаць момант:

— Чы-ысцім! Чы-ысцім! Крэм — люкс! Амерыканскі! Англійскі!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора